Цмокаў рык прагучаў быццам у адказ, паляцеў далёка над рачною далінаю. Па сыпучым пяску, праз трапяткі паўпразрысты бярэзнік, міма пахкага лісця вольх, навыперадкі з цмокам, Ільга шпарка панеслася да шэрага гарба старога моста. Узмыленая пярэстая цяжка і часта дыхала, раздуваючы бакі, пачала злёгку прыпадаць на адну нагу і паступова збавіла ход.
— Яшчэ трошачкі, — прасіла Ільга. — Трошачкі, любая, давай!..
Узляцелі на мост — белы воўк і пярэстая кабылка з Ільгай. Даўніх камянёў месцамі не хапала, а тыя, што былі, калываліся, вохкалі пад любым цяжарам, і ўвесь мост часта тросся, заходзячыся, быццам у ліхаманцы. Ільга лёгка саскочыла на мост у самай сярэдзіне, прыхапіўшы з-пад сядла бацькаву дзіду. Учапілася ў дрэўка аберуч, наставіла вастрыё на цмока, які, трывожна прынюхаўшыся, замёр перад самым мостам у нерашучасці — мабыць, зразумеў ненадзейнасць такой пераправы або счуў блізкую пастку.
— Ну?.. — голасна сказала Ільга цмоку. Павольна, на паўсагнутых нагах рухалася з боку ў бок, асцярожна ступаючы, адчуваючы падэшвамі гуд і напружанне выцертых часам камянёў.
Цмок выскаліўся, пагрозліва засычэў, торгаючы параненым крылом. Ударыў хвастом, узняўшы воблакі пылу. За зверам палымнеў лес, сыходзіў языкамі шалёнага агню і клубамі густога чорнага дыму.
Вывернуўшыся з ваўчынага футра, ступіў бліжэй Йурай — захаканы, бледны, увесь нібы выцвілы, з чорнымі кругамі пад стомленымі вачыма. Занадта шмат сілы выцягнулі з яго тыя чары, са шкадаваннем падумала Ільга. Яшчэ трошачкі — і зусім нічога не застанецца.
Йурай, цяжка дыхаючы, плаўна падняў руку. Азёрная музыка павольна закруцілася вакол яго, зырка прабліскваючы ў валасах, на скуры, на адзенні вострымі сярэбранымі іскрамі.
— Чакай, — ледзь варушачы вуснамі, мовіла яму Ільга. — Не трэба так. Дай лепш я сама.
Кружэнне музыкі рэзка апала, спеўнае срэбра згасла. Йурай хіснуўся і ледзьве ўтрымаўся на нагах. Пераводзячы дыханне, паглядзеў на цмока, на дзяўчыну — і, прыкусіўшы вусны ад болю, схапіўся за запясце.
— Я змагу, — сказала Ільга, праглынуўшы сухі камяк у горле і лацвей перахапіўшы дрэўка. Сказала і паэту, і — можа, нават найперш — самой сабе.
Рушыла маленькімі крокамі бліжэй да звера, напружана не зводзячы з яго вачэй. Цмок глуха рыкнуў, з прысвістам уцягнуў ноздрамі паветра. Ну, давай, думала яна, аблізваючы перасохлыя вусны. Я ж зусімзусім блізка, толькі лапу працягнуць. Ну?..
Цмок затупаў на месцы і выдыхнуў струмень полымя. Ільга жвава кулычулася цераз плячо, апынулася з другога краю моста. Дражнячы пачвару, голасна свіснула — і зноў была вымушана кульнуцца, ратуючыся ад агню. Сырыя кусты каліны падхоплівалі полымя з неахвотаю, патрэсквалі і моцна дымілі.
Ільга з раздражненнем падзьмула на лёгкія пасмы, што ўпалі на вочы. Рукі ў яе пачыналі трохі падрыгваць ад напружання. Не зводзячы позірку са звера, яна намацвала падэшваю каменныя пліты, асцярожна перасоўваючыся, чакаючы новага вогненнага ўдару.
І раптам пад нагою апынулася вусцішная пустка. Ільга пахаладзела і, вохнуўшы, страціла раўнавагу.
Быццам толькі таго і чакаў, цмок падабраўся і адным моцным рыўком кінуўся наперад, скрабянуўшы доўгімі кіпцюрамі зусім побач з Ільзінай галавою. Яна ўхілілася, адкацілася прэч — і амаль сарвалася ўніз, туды, дзе плылі халодныя хвалі Вугеры. Затрымалася на паўразбураным ад часу і непагадзі краі, упіўшыся пальцамі ў адну з хісткіх каменных пліт. Пацягнулася да згубленай дзіды — і сягнула зброі самымі кончыкамі пальцаў, але ўхапіць не змагла і адразу ж саслізнула ніжэй. Аскялепкі разбітага моста, патрывожаныя рэзкім Ільзіным рухам, пасыпаліся долу.
Мост тросся, прагінаўся пад цмокавым цяжарам, сырыя камяні курыліся ад гарачыні. Звер быў ужо на сярэдзіне — прынюхваўся, прыглядаўся. Звесіўся над Ільгаю з глухім сычэннем, абдаў гарачым дыханнем. Сталёвыя кіпцюры магутных лап упіліся ў камяні, выкрасаючы злыя калючыя іскры, у горле, закаваным у залатую луску, клекатала, збіраючыся, прагнае полымя.
— Кола, Ільга! — хрыпла крыкнуў нябачны Йурай. — Ахоўнае кола!
Глупства, падумала Ільга, зажмурыўшыся. Якое яшчэ ахоўнае кола! Што тут увогуле можа выратаваць, абараніць? Гэта ж не які-небудзь не-людзь, ад якога можна схавацца за...
Яна павісла на адной руцэ, другою сутаргава схапіўшыся за ножны на поясе. Бацькаў нож ладна і спраўна лёг у далонь. Ільга выдыхнула і ўсадзіла нож па самае ўзорыстае дзяржальна ў цмокаву лапу — паміж двух пальцаў, у тонкі зазор між лускавінамі, дзе прасвечвала бялёсае цела.