Выбрать главу

З ровам адхінуўшы лапу, цмок адхіснуўся і сам, выпусціўшы набранае ў грудзі полымя проста ў неба. Раз'юшаны, грозны, затупаў, гнеўна забіў хвастом і крыламі.

І тады, нарэшце, здрыгануўся да самага падмурка стары мост — і пайшоў доўгаю рванаю расколінаю ўпрост пасярэдзіне. Каменныя пліты лавінаю пасыпаліся ў бурлівую ваду, са скрыгатам падламіўся роўны шэраг пазелянелых ад часу калон. Добрую палову моста павяло ўбок, і цмок, учапіўшыся ў старыя камяні, дарэмна спрабаваў утрымацца. З таго берага ракі ў звера, быццам цэлы рой куслівых вос, пасыпаліся стрэлы вугеркаўскіх вояў, а змей роў і пляваўся ў лучнікаў агнём. Стрэлы шкодзілі яму не болей, чым пчалінае джала мядзведзю, але злавалі, адцягвалі ўвагу.

У гэтай сумятні Ільга паспрабавала выбрацца — падцягнулася на руках, намацала нейкае апірышча для ног. Пліта, за якую яна трымалася, раскалолася напалову і папаўзла ўніз. Ільга адчула спінаю бездань, паспрабавала ўтрымацца за іншую пліту, але не дастала, адно вырвала колькі высахлых былінак, што прараслі ў шчыліне.

Аднак не ўпала — Ільгу цвёрда ўхапілі за руку. Матляючы нагамі над далёкай — усё яшчэ далёкай — вадой, Ільга падумала з палёгкаю: тры дні таму наўрад ці магла ўявіць, што настолькі рада будзе бачыць не-людзя.

Йурай выцягнуў яе, і своечасова: мост хіліўся набок усё мацней і мацней, калоны пад ім крышыліся ад бязладнага тупату і ўдараў цмокавага хваста. Давялося бегчы па плітах, якія ад першага ж дотыку падалі, сыпаліся, бегчы навыперадкі з расколінамі, з праваламі, што расходзіліся ўсё далей і далей, аплятаючы старыя камяні шчыльнаю сеткаю. Цмок, адчуваючы пад сабою зыбанне, закрычаў успуджана, працяжна. Паспрабаваў распрасцерці крылы, ударыў імі, разганяючыся, — і камнем паваліўся ў халодныя імклівыя хвалі. Упаў разам з абломкамі калон, расколатымі плітамі ды дробным друзам і знік у агромністым слупе іскрыстых пырскаў. Звер з пакутаю закрычаў зноў, і разам з яго крыкам ад вады паднялося воблака густой шызай пары, затапіла бераг, быццам ранішні туман.

Ільгу прабіў халодны пот, ад лёгкага павеву ветру яна задрыжэла, дробна застукала зубамі. З-пад яе ног сарваўся туды, ў вусцішную густую пару, каменьчык — і ў Ільгі валасы заварушыліся на галаве.

— А цмок... ён жа ўсё яшчэ там, так? — з цяжкасцю выціснула яна, дарма спрабуючы хоць нешта разгледзець унізе.

— Там, — пацвердзіў Йурай. Ільга паківала, зноў паглядзела ўніз і пругкім крокам пайшла да пярэстай, што схавалася ў алешніку. Зняла калчан са стрэламі, па-гаспадарску пералічыўшы, колькі засталося, прымацавала яго да пояса. Зняла лук, праверыла пальцам цеціву.

З кустоўя паказаліся чырвоныя плашчы вугеркаўцаў. Тамаш Дубыніч, вынырнуўшы з-пад ніцай вярбы, паклікаў Ільгу па імені, замахаў рукою. Пасля падбег, з асцярогаю косячыся на абрушаны мост.

— Дзеўка, — мовіў уражана. — Ты. ну ты, аднача, і штука! Сапраўды ж, бач, цмока. таго.

— Кон гэта! — гукнуў хтось з вояў. — Як прарочана было: дзева-вой!

І другі ўскрычаў з падобным захапленнем:

— Блаславенне багоў!

Ільга тольгі пагардліва чмыхнула. Ведала, што гэта ніякія не багі толькі што рызыкавалі ўласнымі каркамі.

— Ды яшчэ, бач, — працягваў Дубыніч, звонка пляснуўшы сябе па сцягну. — Трасца цябе вазьмі, адна!..

— Я была не адна, — суха выправіла яго Ільга, таропка папраўляючы наплечны шчыток.

І рушыла — далей ад іх позіркаў ды перашэптванняў — да высокага берага Вугеры. Агледзелася, прыкідваючы, як лепей было б спусціцца да вады і ці атрымаецца гэта ўвогуле зрабіць, не скруціўшы шыю. Бераг быў досыць круты, камяністы, густа парослы бадзяком і дзядоўнікам.

З пахмурнага нізкага неба зарадзіў дождж — лагодны, ціхі, дабратворны. Прыбіваў пыл і попел да зямлі, суцішваў палкае полымя, змінаў змяіны смурод, шчодра рассыпаючы сярэбраную свежасць.

Дождж рассцяліў над Вугерай шырокае шэрае радно, замгліў далі, адмыў пяшчотную маладую зеляніну, і тая ажно заззяла. Дождж змягчаў гукі і фарбы, горача шаптаўся з рачною вадою, дробна крочыў па густых зарасніках. Мусіць, недзе побач цвіў бэз, бо ад дотыку дажджу салодкі бэзавы водар зрабіўся больш акрэсленым, больш яўным, галавакружным, запаланіў усё вакол. Ільга стомлена прыкрыла вочы, падстаўляючы разгарачаны твар небу.

Добра было, што — вось вакол і бэз, і дождж, і засмужаная далячынь. Ільга адкінула валасы з твару і ўсміхнулася — дажджу.

Крокі Йурая, як звычайна, былі бязважкія, але Ільга неяк адчула яго прысутнасць побач самою скураю, як адчуваюць цяпло. Праміргалася, слаба кіўнула.

— Цмок унізе, — сказаў Йурай. — Здранцвелы, зняможаны, заложнік сцюдзёнай вады, звонкай і злой, звязаны і зломлены.