Выбрать главу

Максім Танк

Нарач

Прадспеў

Прыйдзем яшчэ, вёска, твае песняры, Не з торбамі песень жабрачных, — Смыком серабраным на струнах зары Табе заіграем іначай.
Прысядзем ля прызбы, на новы парог, З вясёлым і ясным абліччам, Вярнуўшыся з дальніх этапных дарог, Хоць шмат каго з нас недалічым…
Ты звесіш чупрыну саломенных стрэх Пад песні, шум цёмнага бору, I выплывуць зоры на сіні начлег, На сінія хвалі азёраў,
Закінуць свой невад узорны на дно, У ціхія Нарачы тоні, Дзе месяца толькі сталёвы нарог, Затоплены бураю, звоніць.
I ўбачым тады, як радзімы прастор, I песню, што просіцца з сэрца, I струны жывыя пялёсткамі зор Асыпле кастрычніцкі вецер;
I знікнуць туманы з дарог-каляін, Зара чырвань-хустку накіне На грэбень сасновых густых верхавін, На плечы этапнай краіны.
Прыйдзем яшчэ, вёска, твае песняры, Не з торбамі песень жабрачых, — Смыком серабраным на струнах зары Табе заіграем іначай.

Частка першая

І

Гэта было ў тую ноч, Як расцвілі верасы, Як расцвілі у бары Ў ззянні асенняй расы.
Сетку Тацяна пляла. Нарачы хвалі гулі. Пад аднастайны іх спеў Сумныя думы плылі.
«Бацька рыбачыць даўно. Можа, навеяла што З ветрам у човен яго Чорная Нарачы тонь?»
Гэта было ў тую ноч, Як расцвілі верасы, Як расцвілі у бары Ў ззянні асенняй расы.
«Горкая доля мая, Доля дачкі рыбака: Вечна з цямна да цямна З невадам шчасця шукаць,
Вечна між хваль выглядаць Светлых, спагадлівых зор Ці парабчанкай хадзіць Ў панскі, асадніцкі двор…»
Гэта было ў тую ноч, Як расцвілі верасы, Як расцвілі у бары Ў ззянні асенняй расы.

2

Не раз здавалася Тацяне, Што нехта ходзіць ля паркана I ля акон рыбацкіх хатаў… З вярбой самотнай, расахатай Абняўся месяц ля затокі, I недзе за сялом далёка Начлежнай песні блудзіць рэха: Знаёмым перазвонам, смехам Яно на шыр прастораў кліча, Дзе звоняць медныя іржышчы I гладзь крыштальная азёраў, Дзе мые ноч каралі-зоры. Усюды ціха. Толькі думы Асенні сон цалуе, цешыць, Ды сетку сінюю без шуму Ў трысці давязвае месяц.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Не раз я за муром астрожным Па родных гонях сумаваў, Па тых бярозах прыдарожных, Што на этапах сустракаў. Не раз я думаў: як вярнуся Дамоў, на волю, зноў прайду Па нівах, сёлах Беларусі І пад дзяругаю астрожнай Шмат прынясу напеваў-дум. Я іх рассею па дарогах, Па курганах маіх братоў, Яны ўскалосяцца на полі Сярод жытнёвых каласоў. Іх зрэжа некалі машына, — Ў стальныя звонкія цапы Падасць іх весела дзяўчына, Сны-песні, зжатыя ў снапы.

З

— Вось госця я прывёў, Тацяна, — Сказаў Сымон, — Пераначуе, пойдзе рана Ў дарогу ён. Імгла, як хусткай, абвязала Увесь затон, Зблудзіць зблудзілі б мы без мала, Каб не агонь. Ты мо, дачка, пачаставала б. Эх, і пара! Паны азёры адабралі, Няма дабра. Сягоння горш нам, як калісьці Бацькіжылі, Не хлеб, а камень будзем грызці З сваёй раллі.

Незнаёмы

Ну што ж, ці сілы у вас мала? Склікалі б сход Ды на змаганне падымалі б Увесь народ!

Сымон

Бяда, брат, пачалася летась. Садзіся, еж. Я раскажу табе пра гэта, Паслухай лепш.

4

Моцна ўмерзла зямля. Лёд пакрыў нарачанскія плёсы. Зімы яшчэ не было. Той год да каляд Цягнулася чорная восень. Пагуляць пад гармонь Моладзь, помню, прыйшла на забаву. Мы — мужчыны, ў кутку Гаварылі пра тонь, Гаварылі пра розныя справы.