Можа, ў астрозе калі
Ўспомніш ты гэты прастор,
Песню і шум трыснікоў,
Цені вячэрнія дрэў;
Можа, ты ўспомніш зару,
Кагаркі з сініх азёр,
Гул берасцянай трубы,
Родны, далёкі напеў.
I пашкадуеш: чаму
З гэтых этапных дарог
Не спрабаваў уцякаць
У хмызнякі ды ў лес?
Ведай: ніколі, мой брат,
Ад успамінаў і дум
Гэтых нідзе не ўцячэш.
Вырастуць дні у гады;
На валасах — сівы снег,
Як на сасне маладой,
Засерабрыцца ў мароз,
Толькі ўсе думы твае
Будуць блудзіць паміж стрэх,
Там, дзе азёрная сінь,
Там, дзе нядоля палос.
Золатам жыта цвіце.
Шызы над нівамі дым.
Эх вы, дарогі жыцця,
Што там за вамі ўдалі?
Доўга зязюля ў бары
Некаму лічыць гады,
Чорныя ночы і дні
Ў шэлесце, ў шуме калін.
Раптам дарогі струну
Лес векавечны абняў,
Хмарай зялёнай апаў,
Лісцем бяроз і асін.
Пахне жывіцай-смалой,
Сініх ягоднікаў стаў
Плямамі сонца расцвіў,
Зеленню сонных малін.
Варта памалу ідзе.
Ў гэткі, у сонечны дзень,
Не развітаўшыся нат,
Цяжка сваіх пакідаць.
Як над азёрамі ноч
Сіні раскіне свой цень,
Доўга рыбачка ў сяле
Будзе адна сумаваць.
2
Прахор
Што, пан, далёка да вёскі?
Паліцэйскі
Два ці мо тры кіламетры.
Прахор
Сонца, як полымя, паліць,
Аж ускіпае паветра.
Хочацца піць.
Грышка
Нешта сумным
Сёння пляцешся, таварыш;
Хаты рыбацкія, гумны,
Можа, сям'ю ўспамінаеш?
Недзе яны ўжо далёка…
Песню адну прыгадаў я,
З дзён перажытых, гаротных,
Помню, спяваў яе слаўна
Ў камеры нашай работнік.
Путы раскуўшы, з-пад стражы,
Ноччу марознаю ў поле
Вырваўся катаржнік-вязень,
Вырваўся, чуеш, на волю…
Прахор
Некалі чуў я пра гэта…
Змоўклі.
Адны успаміны
Звоняць струной каляіны,
Што пралягла праз палетак.
Толькі, сустрэўшыся, рукі,
Скутыя рукі сказалі,
Што без іх горка сумуюць
Родныя Нарачы хвалі.
Прахор
Добра, што будзе, то будзе,
Толькі б нам разам ударыць…
Грышка
Разам, глядзі, не марудзіць.
Потым хутчэй у гушчары,
Дзе мы, нырнуўшы, бы ў тоні,
Зможам схавацца далёка,
Дзе і з густой падвалокай
Век нас ніхто не дагоніць.
Ельнік зялёны і гонкі
Плямамі цені раскінуў.
Хмарацца ў небе сасонкі
З зеленню лісцяў асіны.
Эх, што задумаўся, стражнік?
Лепш не ўглядайся ў гушчары!
Позна схапіўся за браўнінг, —
Злёг пад рыбацкім ударам.
Вязняў дрымучыя нетры
Крыюць і змрокам, і лістам.
Толькі у гулкім паветры
Громам адклікнуўся выстрал.
Раз і другі прагрымела
Рэха, адбіўшыся звонка.
Шумна цяцера ўзляцела,
Крыкнула спуджана сойка.
— Стой! Стой! — голас пагоні
Доўга барамі-лясамі,
Нетрамі векавымі
Гнаўся ўслед за ўцекачамі.
З
Тацяна
Чаму вярнуліся з пустымі вы рукамі?
Першы рыбак
Зрабілі ўсё, пад сілу што было.
Ды не ўдалося стражнікаў дагнаць.
Яны, пакуль мы кінуліся удагон,
Былі далёка.
Ды пылам замяло,
Дажджамі змыла
Усе сляды у полі.
Другі рыбак
Табе радзіцца б дзецюком, дзяўчына,
Дзяцюцкі маеш нораў.
Чакай!
Яшчэ дабяромся мы да паноў!
Не вырвуць каты з нашых рук мазольных
Азёр і невадоў!