Першы рыбак
Цішэй, ідзе Іван…
Iван
Суседзям добры вечар!
Мо не ў пару да вас я падышоў?
Трэці рыбак
Ідзі сваёй дарогай, чалавеча,
Ідзі далей ад нас, ад рыбакоў.
Не месца сярод нас іудам…
Iван
Тацяна!
I ты паверыла у злосную хлусню,
Што выдаў хлопцаў я!
Вас ашукалі хітра.
Мыляецеся вы!
Чацвёрты рыбак
Пакінь смяяцца,
А то закончыш блага, —
Каб не зляцела шапка з галавы!
Першы рыбак
Ідзі і нас пакінь.
Яшчэ так не было на свеце,
Каб іуда кончыў, як чалавек, жыццё.
Як цень, за табой
Худая слава папляцецца
Па ўсіх азёрах.
Кожнае дзіцё,
Цябе сустрэўшы,
Пальцам будзе торкаць,
А потым выгане цябе і панскі зброд,
А там сам знойдзеш
Для сябе вяроўку
Павесіцца
Каля сваіх варот.
Яшчэ пазнаеш ты
Агонь сірочых слёз,
Як сон твой спапяляць яны ўначы.
I кожны голас,
Блізкі табе ўчора,
Маўчаннем,
Больш страшным як пагарда,
Прагучыць.
Сам праклянеш той дзень ты
I гадзіну,
Калі узвёў ваўкоў на брата след.
Ідзі!
Мы нейк перажывем
I гэтую бяду,
Як шмат перажылі
Другіх крывавых бед.
4
Не ляці туды, дзе вечар
Рассцілае хмараў хусткі,
А ляці, дзе сонца свеціць
I звіваюць гнёзды птушкі.
Бо не хопіць ў цябе сілы,
Будзеш сніць свае разоры
I на паламаных крылах
Прыляціш зноў на азёры.
А калі заснуць прыйдзецца
Недзе на астрожных нарах, —
Прынясе з-за кратаў вецер
Песні вольныя на Нарач.
Прынясе, — там іх пазнаюць
Маці і старэнькі бацька…
Толькі хай іх не спявае,
Зажурыўшыся, батрачка.
Бо складаў я свае песні
У мурах астрожных, цесных,
Каб яны і ў час пануры
Над зямлёй грымелі бурай.
Грышка
Цяжка, брат, ісці,
Ўжо выбіліся з сілы.
Дарога — лес, імшары і кусты.
А мы з табой і ранаў не абмылі.
Ну што ж, хоць да азёр
Ці дапляцешся ты?
Прахор
Вады дастаць бы,
А то у роце горка.
Грышка
Мо лепш табе плячо перавязаць?
Спачнем, хай толькі вечар
Крылом слонкі
Ўзмахне над лесам, зоры замігцяць.
Прахор
Я, можа, недайду…
Арыбакам скажы ты:
Няхай азёр панам не адцаюць,
Няхай памогуць і маім сіротам
I мой загон арцеллю узаруць.
Вечар цёплыя рассеяў зоры,
Звон камарыны чуецца ўначы.
За паплавамі з жабамі гавораць,
Варожачы пагоду, туркачы.
Дрэмле папараць з густой крушынай
Лясным, чароўным, непрабудным сном,
I ледзь шапочуць цяглыя асіны…
Грышка
Прахор, пара ужо ісці.
Прахор
Ідзём!
5
Гарыць агонь.
Спакойна дрэмле Нарач.
I ноч, як песня ціхая, без слоў,
На сонны бераг навявае чары,
Калыша хмары-думы рыбакоў.
Часамі з поля падкрадзецца вецер,
Рукамі згорне золата з агню
I, рассяваючы, нясе, здаецца,
Па небе зораў поўную сяўню.
Часамі хваля падпаўзе пужліва,
Як бы пра нешта хоча запытаць
Ці, можа, казку задрамаўшым нівам,
Арцелям сонным хоча расказаць.
I да затокі ў зарыве чырвоным
Ізноў бяжыць з пакатых берагоў.
Грызуць мурог папутаныя коні,
Дзе-недзе звон сарвецца з капытоў.
Першы рыбак
Далёка нашых ўжо хлопцаў загналі,
Дзе не шумяць ні хвалі, ні чарот…
Другі рыбак
Адных ўзялі, але прыбою хвалі
Ужо калышуць збуджаны народ.
Трэці рыбак
Прыехалі асаднікі, паны.
Азёры пахнуць ім не толькі рыбай,
Яны глыбей ўпушчаюць кіпцюры
У нашы нівы,
ў прадзедаў сялібы,
I ў нашы песні, і ў лясы-бары.