Першы рыбак
Хутка пачнуць на азёры качкі злятацца,
А нашы яшчэ падвалокі ловяць на беразе вецер.
Не зарабіў у рубашцы, дык не заробіш ў сярмяжцы,
Кажуць старыя.
У нас і так усю восень пустуюць
Аруды ў клецях.
Другі рыбак
Цёпла і ціха цяпер —
Будзе багаты улоў —
Начамі туманы бялеюць.
Грышка
Хацеў бы яшчэ раз сустрэцца я з вамі,
Калі прашумяць навальніцы,
Калі над азёрамі і над палямі
Заззяюць свабоды зарніцы.
Архіп
Прымем заўсёды, як госця, цябе.
Не забывай нас!
Што ж, развітаемся…
Сёння туманам
Заслала ноч усё.
Да Мядзеля хай правядзе Тацяна.
З садоў, як з цёмнай рамы,
Над белым воблакам туману
Касцёл падняўся белымі мурамі,
Застыў, як хваляй выгнаная крыга.
Спіць бераг Мястра, выгнуўшыся лукам.
Сустрэліся ў апошнім развітанні рукі
I вочы — дзве зары
Кароткай летняй ночы.
Грышка
Тацяна,
Жыццё маё пайшло крутой дарогай. I
Не ведаю, ці дачакаешся мяне ты.
Яшчэ ў мяне шмат беспрытульных дзёі
Але да вас я некалі прыйду.
Чакай, Тацяна!
Тацяна
Буду.
Кожнаю вясною, як прылятае вырай,
Кожнай восенню, як верасы цвітуць,
Я выглядаць, чакаць цябе заўсёды буду…
7
Солтыс
Браткі!
Збірацца забаронена.
Сказаў раз, і досыць.
Разыходзіцца па хатах!
Хай усе паадкладаюць
Назад шасты, і пешні, і калкі!
Першы рыбак
За колькі ты ў паноў наняўся
Спяваць нам ггесні?
Чулі не такіх мы салаўёў!
Глядзі, каб не панюхаў пешні
Ці не нарваўся дзе на грабаўё!
Солтыс
Вось і Іван скажа,
I пан стражнік,
Што сілаю не возьмеце азёр,
Нат берага вам не дадуць паўсажня!
Ды які вас сёння падбухторыў чорт?
Лепш, раю вам,
Да заўтрашняга дня адложым справу,
Згодна, палюбоўна да канца звядзем.
Возера не адплыве ад нас сялявай…
Другі рыбак
I так кармілі досыць
Рыбакамі шчупакоў!
Архіп
Чакай, пан солтыс!
Зарана нас ты адпяваеш.
Гадзіцца раіш, але з кім?
Хіба не на ваўкоў ты намякаеш —
Не на паноў, ад якіх бароняцца
З каламі рыбакі!
Досыць і так нацярпеліся,
Час прыйшоў. Сёння усе выплываем,
Усе як адзін на палоў!
Па скатах пясчаных узгоркаў
На Нарачы бераг ідуць рыбакі.
Спаўзаюць з рыбацкімі снасцямі лодкі
З вільготнага жвіру. Вецер мяккі,
Цёплы і сіні прыходзіць на помач,
Гоніць крылатыя лодкі,
Быццам іх хоча удаль заманіць,
Туды, дзе сінія хвалі
Раскінула Нарач на поўнач,
На поўдзень, на захад, на ўсход,
Аж да небасхілу граніц.
А лодак ўсё больш выплывае…
Хай сёння смяецца і звоніць
Вецер, разносячы песняў рыбацкіх
I хваляў успененых гром!
— Мы вылавім долю сваю
Ў глыбокіх у Нарачы тонях!..
I тонуць рыбацкія сеткі
Ў жывое азёр серабро.
Эпілог
За шыбамі тлеюць у інеі сінія зоры.
Мерзнуць ад сцюжы апухлыя пальцы, баляць.
Ведаю, песні, вам хочацца новых разораў,
Шолаху лесу зялёнага, звону азёраў, —
Сніцца не раз вам шчаслівая наша зямля.
Будзе ўсё гэта… Гартоўным нарогам падымем
Новыя дні; залатых ураджаяў зару
Збяруць у снапы маторы рукамі стальнымі;
I вёснамі будзе цвісці маладымі,
Вясёлкамі песняў мая Беларусь.
А сёння ідзіце ў батрацкія хаты, пад стрэхі, —
Пазнаюць вас там па глыбокіх шрамах,
Па чорных мазолях, па гулкаму рэху.
Як сонечныя, загарайцеся вехі
На горных вяршынях, на новых шляхах!
А сёння ідзіце між родных загонаў,
Дзе многа знаёмых спаткаеце вы.
Рассцелюць вам нівы узорны настольнік,
Як прыйдзеце ў госці ў дзень заўтрашні, вольны,
Ці з славаю паўшых, ці з славай жывых.
I поўнач мінае. За шыбамі вецер…
За сына дзесь моліцца матка цяпер.
А я хачу сонца пранесці па свеце
I ворагам кінуць у вочы з-пад сэрца
Крывёю гарачай апырсканы верш.
Вось раніца ціха лягла на падлогу…
Я песні бяру свае ў дальні паход.
Іх трэба рассеяць вясной па разлогах,
Каб заўтра на струнах, на новых дарогах
Нам з песнямі стрэціць свабоды прыход.