4
Заіграла скрыпка
Гулкім пералівам,
Як вясна іграе, як пяе жняя,
Як у чыстым полі, каласістай грывай
Да зямлі прыпаўшы, плача сіратліва
Паласа стаптаная мая.
За лявунняй-скрыпкай
Заіграў гармонік,
Загулі чмялямі тэнары, басы,
Ўдарылі ў падлогу, ў сцены з хвояў гонкіх,
У бары, ў гушчары, ў струны сосен звонкіх
Снежнаю завеяй галасы.
А у гэту буру
Бліскавіц, вясёлак
Гром цымбалаў кінуў п'яны музыкант.
I ў адказ на гром той, яркі і вясёлы,
Віхрам закружыўся збуджаны пасёлак,
Вербы, зоры, серп маладзіка.
5
Iван
Хадзі, Тацяна, пагуляем!
Што музыкантам загадаць?
Глядзі, як сёння закіпела,
На месцы цяжка устаяць.
Тацяна
Ты п'яны, не смяшы людзей ты.
Лепш адчапіся і не лезь.
Пайшоў бы з вечарыны гэтай,
Ў запечку выспаўся б ты лепш.
«Ходзе вецер ашалелы.
I калыша трыснікі.
Досыць рыбакі цярпелі,
Галадалі рыбакі! То не хвалі зашумелі
Ад вясняных ад вятроў, —
Нарачанскія арцелі
Выплывалі на палоў.
То не ў лесе стогнуць сосны,
Не шуміць зялены бор, —
Гэта нашы рэжуць вёслы
Хваль успенены прастор.
Эх ты, доля, доля-гора,
Эх, рыбацкая зямля!»
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Заліваецца гармонік,
Падсыпаючы вугля.
Iван
Мяне не ведаеш, Тацяна,
Гарэлкай цяжка упаіць.
Па тым, што выпіў я, да рана
Гатоў нагамі малаціць.
Тацяна
Ідзі, ўжо досыць, не хваліўся б,
Ото ж сустрэла на бяду!
Iван
Чакай, Тацяна, заўтра рана
У сваты да цябе прыйду.
«Наляцелі скурадзёры
З паліцэйскаю ардой.
Заазёры, заазёры
Пастаім мы галавой!
Пастаім мы за палеткі
Дружна, смела у баю.
Ёсць у нас густыя сеткі, —
Долю вылавім сваю!
Ёсць і сілы ў нас нямала
На паноў пайсці з калом…»
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Расшумеліся цымбалы,
Быццам Нарач бурным днём.
Рыбак
Ды ты, Іван, ужо спазніўся.
Яшчэ як верасы цвілі,
Ў Сымона ноч усю да ўсходу
Сваты гулялі і пілі.
Тацяна
Ты бачыў мо, ці піў мо разам,
Ці дамаўляліся з табой?
Рыбак
Не, толькі бачыў, як ішла ты
З сваім каханым раніцой…
«Пойдзем грамадой наперад,
Возьмем за грудзі бяду
I густы закінем невад,
Падвалокі пад ваду!
Эх ты, доля, з лыка звіта,
Нарач — наша старана!»
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Скрыпка кнігаўкай падбітай
Доўга плакала адна.
6
Iван
Я адвяду цябе, Тацяна.
Тацяна
Зайду сама, мне недалёка.
Iван
Тады ідзі…
Каб ведаў, хто цябе засватаў,
Узяў бы я яго на вока.
Тацяна
Злаві, спытай.
Iван
А што ж, — злаўлю.
Яшчэ пачуеш.
I ён мо з тых, якія тут
Над Мястрам, Нараччу бунтуюць.
Тацяна
Ты, можа, паліцэйскі шпік?
Бунтуюць людзі — есці хочуць.
Не аддадуць паны азёр, —
Устане наша Наднарочча.
7
Азёры, азёры, азёры
Ўдалі забялелі.
I думы кладуцца узорам
На снежнай кудзелі.
Далёка — узгоркамі поле,
Акопы, траншэі, драты,
Магілы вайны і нядолі
Заснулі пад снегам густым.
Мо вецер з-над Рэйну, Дунаю
Тут плача заўсёды з тугі
Ці бура ад краю да краю
Галосіць з далёкай тайгі?