— Кажаш, пан, нам пра гасцінцы…
Чорнага поту
Шмат пралілося і там
З рук нашых,
З нашага карку.
I там, пан, пабачыш нашу работу.
Вёска пацвердзіць,
Як нас катавалі шарваркі.
Так і асвета, паны…
Не павіднела
У нашых саломенных хатах.
Дзень непагодны, ветраны, шэры,
Невадам з стрэхаў рыбацкіх
Спусціўшыся, мокне,
I шалясцяць на стале
Загады-паперы;
Мутна глядзяць
Запацелыя вокны.
Вось тут умова ляжыць, —
Зноў пачаў войт ў акулярах.
Быццам ударыў віхор
У алавяную цішу:
— Не!
— Пастаім да канца за Нарач!
— За Нарач!
— Не, з рыбакоў ні адзін
Гэтых умоў не падпіша!..
Солтыс яшчэ гаварыў —
Крычаў неяк хрыпла.
Хата шумела, як бор,
Грозна, магутна і гулка.
Натоўп, як рака напрадвесні,
Нястрыманы выплыў,
Хваляй расплыўся, пайшоў
Бурна вясковаю вулкай.
З
Над шляхамі, пераваламі,
Над разорамі і хатамі,
Над глухімі пералескамі,
Над лясамі над кудлатымі
Гаслі зоры, загараліся,
Майскім цветам асыпаліся…
Толькі маладосць адзіная
Расцвіла ў садах рабінаю.
Расцвіла, а можа, восенню
Яе скосяць ветры чорныя,
Што гуляюць над азёрамі,
Над старонкай непакорнаю.
Ці мо скутая і босая
Пройдзе сцежкамі, палосамі,
Незнаёмымі разлогамі,
Невядомымі дарогамі
I пачне блудзіць зноў песнямі
Па-над нівамі прасторнымі,
На ўсхвалёваных гармоніках
Тэнарамі непакорнымі…
Быў пагодны, быў сонечны час.
На шырокім на Мядзельскім рынку
Надрывалася хрыпла катрынка —
Пачынаўся вясенні кірмаш.
Быццам войска, пасталі вазы,
Бы на нейкім парадзе, на вечы.
I з натоўпу, як з цёмнай лазы,
Лес аглобляў узняўшы на плечы.
Сотняй звітых вясёлак паркаль
Усміхаўся з палатак на сонцы,
I каралі цвілі на руках
Прадаўцоў, у прыборах бясконцых,
Вецер пальцамі перабіраў
З гарманістам вясёлым частушкі,
Шматкаляровыя яркія стужкі
У дзявочыя косы ўплятаў.
На шнурах — чаравікі, кнаты;
А вышэй, на падмостках і ганках, —
Скуры жоўтыя і хамуты
I, яксонца, вянкі абаранкаў,
Плешча мора людскіх галасоў.
— Гэй, тавар загранічны, парыжскі! —
I кудакчуць між крам і вазоў
Маладзіцы, купляючы міскі.
Ззяюць хусткі вясёлкай, зарой.
Шоўк дзяўчына ускіне на грудзі.
— Гэй, купі чарнабровай сваёй,
Пакахае і век не забудзе!
4
Грышка доўга па рынку хадзіў
Прыглядаўся да розных убораў;
Хустку, не таргаваўся, купіў —
Сіні шоўк з пералівам азёраў.
Добра — блізка дзяўчат не было,
Бо, пакуль бы з мястэчка прыехаў,
Раззваніла б у лапці сяло,
Было б гутаркі лішняй і смеху.
Iван
Што прыехаў: наведаць кірмаш
Ці мо стужкамі палюбавацца?
Прахор
Кінь, Іван, чалавек гэта наш,
I не варта табе з ім спрачацца.
А табе, Грышка, гэтак хадзіць
Па мястэчку ніколі не раю…
Тут пранюхае, можа сачыць
Дэфензіўская лютая зграя.
Ды нам час. Каля крайніх вазоў
Нас чакаюць, сабраўшыся, людзі.
Шмат баторынскіх ёсць рыбакоў,
Нехта з Гатавіч, з Пасынак будзе.
Грышка
Крыху сілы збіраць пачалі.
Справу з месца крануць было горай.
Калі б ўсіх рыбакоў паднялі —
Ўскалыхнуліся б нашы азёры.
Рынак, як навальніца, шуміць,
То ён шматкаляровы, то зрэбны.
Сонца горача паліць, гарыць
На люстэрках, на хустках, на грэбнях,
Маладзіцы свой лён прадаюць:
Дываны, ручнікі, палатніны.
I калі яны зноў напрадуць
Ўсё, што вынесла гора на рынак?
Як сцяжынкі, цвітуць паяскі,
I расшытыя яркія стужкі
Ў каляровыя зоры і птушкі,
Ў каласы, верасы, васількі.