Выбрать главу
Люблю твае, Нарач, затокі і тоні, Як вецер густыя туманы развесіць. Ці снежная пена на хвалях зазвоніць, Цалуючы зоры, калышучы месяц.
Люблю, калі ў сонцы гарыш пазалотай, Раскінуўшы сінія хваляў палотны, Калі ў непагоду сумуеш маркотна З рыбацкаю песняй, з зялёным чаротам.
Люблю твае буры, твае навальніцы. Ў іх чую, бы ў песнях, жыццё маладое. I хочацца блізка грудзьмі прытуліцца Да чорных ад гневу кіпучых прыбояў.

З

Як навальніцаю, хмараю шэрай Лодкі плывуць рыбакоў. Бурна шуміць нарачанскі ўвесь бераг I Гулам людскіх галасоў. — Рана сягоння прачнуліся, гады! — Бачыш, ляціць вартаўнік! — Трэба было б яго пешняй пагладзіць, Лодку загнаўшы ў трыснік. — Чуюцца знекуль ізноў адгалосы: — Эх, закіпела ўдалі! — Вернуцца сёння паны без калошаў! — Вёслы ў работу пайшлі! З вёскі, ў сярмязе расхрыстанай, шэрай, Быццам варона, ляцеў Полем, пасевамі солтыс Цяцера. — Рыбы, відаць, захацеў?! — Што, пане солтыс, чаго пан прыпёрся? — Кажаш, паліцыі шмат?.. I галасы, быццам жнівам калоссе, Зрэзаў нахлынуўшы град. Толькі чуваць, як калышацца шумна Возера каля чаўноў. — Бачыш, ідуцьярыною, праз гумны… — Будзе з паўсотні крукоў.

Стражнік

Хто вас тут склікаў?

Сымон

Ніхто. Прыйшлі самі.

Стражнік

Слухайце ж, рыбакі! Пешні кідайце, пакуль яшчэ з вамі Не загаварылі штыкі.

Сымон

Ты не гразі нам. Яшчэ ты замолад. Што нас пужаеш штыком? Мы ужо бачылі здзекі і голад Пад акупанцкім ярмом. Хочаш — страляй у мяне, у старога! Хай мяне зломе віхор. Толькі вам, каты, я гэту дарогу Загараджу да азёр.

Грышка

Не, не табе, стары, з імі спрачацца, Лезці грудзямі на іх. Хопіць з навалаю лютай змагацца Сілы у нас маладых.

Рыбачка

Хлеб адабралі ў галодных сіротаў. Чым мы накормім дзяцей? Досыць ужо бедавалі гаротна. Што ж, пан, страляй жа хутчэй!
I пахіснулася мора людское, Рынулі ў бой рыбакі, Рынулі грозным, кіпучым прыбоем На акупантаў штыкі.

4

Спяваюць дзяўчаты, І ў лесе сасоннік, На прызбе пад хатай Ім ўторыць гармонік. Праз межы, загоны, Вясковыя стрэхі Плыве з перазвонам Вясновае рэха.

Тацяна

Сум грудзі сціскае. Цябе, мой каханы, I позна, і рана Паны ўжо шукаюць.

Грышка

Тут сочаць за намі, Я сам гэта чую, Начамі і днямі Нас нехта пільнуе. Адно толькі горай, Што раніцай сіняй Цябе і азёры Мне трэба пакінуць. Я зроднены з тымі, Што век жывуць працай, Што ўсталі стальнымі Радамі змагацца. I дзе, я не знаю, Сустрэну світанне, Якое устане Ўжо хутка над краем. Ды толькі я веру, Што дзень вызвалення На Нарачы бераг Прыйду я сустрэнуць.

5

Грышка

Ты не заснуў, Прахор? Доўгая ноч… Нам бы пагутарыць варта. Нешта шкада пакідаць мне Нарач, і вёску, і бор.

Прахор