Выбрать главу

Мастак журботна ўсмiхнуўся:

- За адну гадзiну намалюю. Але сумна тое, Глез, што, каб я быў чалавекам iншым, твая выдумка, можа, i ўдалася б.

- Паспрабуем.

- Я не ўмею трапаць языком.

- Вось што, галубчык... Калi цябе папросяць растлумачыць, ты, не спяшаючыся, запалi сваю люльку, пусцi ў твар таму, хто пытае, воблака дыму i, памаўчаўшы, скажы так: "Вы бачылi калi-небудзь, як цячэ рака?"

- А што гэта азначае?

- Нiчога, - адказаў Глез. - Вось таму i палiчаць, што ты - сiла. Пачнуць цябе раскрываць, вывучаць, захапляцца табой, а потым, калi ты ўжо будзеш на вяршынi славы, мы i прызнаемся, што ўсё гэта мiстыфiкацыя. Цiкава, як яны будуць сябе адчуваць?

* * *

Мiнула два месяцы. Выстава карцiн Душа ператварылася ў сапраўдны трыумф. Пахучая, пявучая, iмклiвая, чароўная панi Каснеўская не адыходзiла ад свайго новага кумiра.

- Ах! - паўтарала яна. - Якая экспрэсiя! Якая выразнасць! Якая сiла! I якiм чынам, дарагi сябар, вы дабiлiся такога цудоўнага сiнтэзу?

Мастак, не спяшаючыся, запалiў сваю люльку, выпусцiў воблака дыму i, памаўчаўшы, сказаў:

- Мадам, вы бачылi калi-небудзь, як цячэ рака?

Вусны прыгожай полькi задрыжалi, абяцаючы яму пахучае i пявучае шчасце.

Малады блiскучы Струнскi ў палiто з трусiным каўняром тлумачыў групе наведвальнiкаў:

- Файна! Файна! Магутна! Скажыце мне, Душ, як вы натрапiлi на такое адкрыццё? Цi не з маiх артыкулаў?

П'ер Душ доўга маўчаў, потым выпусцiў яму ў твар воблака дыму i прамовiў з надзвычайнай сур'ёзнасцю:

- Дарагi мой, вы бачылi калi-небудзь, як цячэ рака?

- Файна сказана! Магутна! - аслупянеў Струнскi.

Тым часам вядомы гандляр карцiнамi, закончыўшы агляд майстэрнi, падхапiў мастака пад руку i зацягнуў яго ў куток.

- Душ, дружа мой, - сказаў ён, - а вы - хiтрун! На гэтым можна выскачыць. Так i быць, бяру вашу прадукцыю. Толькi не ўздумайце без майго дазволу мяняць манеру. Купляю пяцьдзесят карцiн у год... Згодны?

Нiчога не адказаўшы, П'ер Душ спакойна палiў.

Мала-памалу майстэрня апусцела. Наведвальнiкi выйшлi, i Поль-Эмiль Глез зачынiў дзверы. З лесвiцы, паступова аддаляючыся, даносiўся гул захаплення. Застаўшыся з мастаком сам-насам, пiсьменнiк весела засунуў рукi ў кiшэнi.

- Ну як, галубчык, - запытаў ён, - абкруцiлi мы iх вакол пальца? Чуў, што гаварыў гэты смаркач з трусiным каўняром? А прыгожая полька? А тры дзяўчынкi-красунi? Яны гатовы былi малiцца на цябе: "Ой, як нова! Ой, як свежа!" Ах, дарагi П'ер, ведаў я, што чалавечай дурасцi канца няма, але тое, што адбылося сёння, перавысiла мае самыя горшыя меркаваннi.

I яго ахапiў шалёны, нястрымны смех. Мастак нахмурыў бровы i, бачачы, што той аж заходзiцца з рогату, раптам выпалiў:

- Iдыёт!

- Iдыёт? - ускiпеў раз'юшаны пiсьменнiк. - Ды такая штука яшчэ нiкому не ўдавалася з часоў Бiксiу!..

Мастак з гордасцю агледзеў дваццаць iдэааналiтычных партрэтаў i, канчаткова пераканаўшыся, зiрнуў на свайго прыяцеля:

- Я не жартую, Глез, ты - iдыёт. У гэтых карцiнах нешта ёсць.

Уражаны пiсьменнiк вытарапiў вочы.

- Ах, вось ты як! - закрычаў ён. - Ты што, забыў, хто табе падсунуў гэты новы творчы метад?

П'ер Душ, памаўчаўшы, выпусцiў са сваёй люлькi воблака дыму i сказаў:

- Ты бачыў калi-небудзь, як цячэ рака?

Пераклад: Юрка Гаўрук