Аркадзій і Барыс Стругацкія
НАСЕЛЕНЫ ВОСТРАЎ
Ад перакладчыка
Браты Стругацкія заўсёды былі аднымі з найулюбёнейшых маіх пісьменьнікаў — большасьць іх твораў я ўпершыню прачытаў ужо даволі даўно. Аднак, да «Населенага вострава» давялося дабрацца толькі ў канцы 2016 году. Чаму я не прачытаў яго раней, дакладна ўжо ня памятаю — магчыма, неяк паўплывала ня самая ўдачная экранізацыя кнігі, што выйшла ў 2008 годзе. Тым ня менш, калі я да гэтага твору ўрэшце рэшт дабраўся, ён хутка і моцна мяне захапіў, прычым ня толькі вельмі блізкай тэмай касьмічных падарожжаў у іншыя сьветы, і ня толькі сваім дынамічным сюжэтам. Кніга таксама захапіла актуальнасьцю рэчаў, якія яна апісвае — кантроль на сьвядомасьцю масаў, падман, ваяўнічая палітыка пад соўсам патрыятызму, пошук унутраных ворагаў, што нібыта вінаватыя ва ўсіх праблемах — гэта вельмі нешта нагадвае, і шматлікія цытаты з кнігі можна хоць зараз прыстасаваць да сучасных рэаліяў.
Ідэя перакласьці раман на беларускую мову зьявілася вельмі нечакана. Выявілася, што ня толькі «Населены востраў», але й Стругацкіх увогуле ніхто на яе ніколі не перакладаў, і мне чамусьці падалося, што зрабіць гэта будзе няцяжка. Наконт гэтага я трохі памыліўся — як выявілася, пераклад кнігі гэта не настолькі лёгкая і прыемная праца, як здавалася напачатку. Зрэшты, ужо пачаўшы, спыняцца не хацелася. Займаючыся перакладаньнем і вычыткай амаль штодня, я здолеў скончыць праект за тры месяцы.
Як можа заўважыць чытач, гэты беларускі пераклад напісаны клясычным правапісам — я выбраў яго таму, што мне, як чалавеку, які вывучаў беларускую мову ня ў школе, а ў інтэрнэце, карыстацца ім было лягчэй. Але, думаю, гэта не перашкодзіць вам атрымаць задавальненьне ад чытаньня клясыкаў рускай навуковай фантастыкі на беларускай мове.
Юрый Міхед, mikhed.ru
Белгарад, Расея
сьнежань 2016 — сакавік 2017
Населены востраў
Частка першая. Рабінзон
1
Максім прыадчыніў люк, высунуўся, спалохана паглядзеў на неба. Неба тут было нізкае і нейкае цьвёрдае, бяз гэтай легкадумнай празрыстасьці, якая намякала бы на бяздоннасьць космасу і множнасьць населеных сусьветаў, — сапраўдная біблейская цьвердзь, гладкая і непранікальная. Цьвердзь гэтая несумненна абапіралася на магутныя плечы мясцовага Атлянта і раўнамерна фасфарасцыравала. Максім пашукаў у зэніце дзірку, прабітую караблём, але дзіркі там не было — там расплываліся толькі дзьве вялікія чорныя кляксы, нібы кроплі тушы ў вадзе. Максім адчыніў люк насьцеж і саскочыў у высокую сухую траву. Паветра было гарачае і густое, пахла пылам, старым жалезам, расьціснутай зелянінай, жыцьцём. Сьмерцю таксама пахла, даўняй і незразумелай. Трава была па пояс, непадалёк цямнелі зарасьнікі, тырчалі сяк-так маркотныя крываватыя дрэвы. Было амаль сьветла, як у яркую месяцовую ноч на Зямлі, але не было месяцовага туманнага блакіту, усё было шэрае, пыльнае, плоскае. Карабель стаяў на дне велізарнай катлавіны з пакатымі схіламі; мясцовасьць вакол прыметна падымалася да размытага невыразнага гарызонту, і гэта было дзіўна, бо дзесьці побач цякла рака, вялікая і спакойная, цякла на захад, дагары па схіле катлавіны.
Максім абышоў карабель, ведучы далоньню па халодным, ледзь вільготным яго баку. Ён выявіў сьляды ўдараў там, дзе і чакаў. Глыбокая непрыемная ўвагнутасьць пад індыкатарным кольцам — гэта калі карабель раптам падкінула і заваліла набок, так што кібэрпілёт пакрыўдзіўся, і Максіму давялося тэрмінова перахапіць кіраваньне, — і шчарбіна поруч з правай зрэнкай — гэта празь дзесяць сэкундаў, калі карабель паклала на нос і ён акрывеў. Максім зноў паглядзеў у зэніт. Чорныя кляксы былі цяпер ледзь бачнымі. Мэтэарытная атака ў стратасфэры, верагоднасьць — нуль цэлых нуль-нуль... Але ж усякая магчымая падзея калі-небудзь ды ажыцьцяўляецца...
Максім прасунуўся ў кабіну, пераключыў кіраваньне на аўтарамонт, задзейнічаў экспрэс-лябараторыю і рушыў да ракі. Прыгода, вядома, але ўсё роўна — руціна. У нас у ГВП нават прыгоды руцінныя. Мэтэарытная атака, прамянёвая атака, аварыя пры пасадцы. Аварыя пры пасадцы, мэтэарытная атака, прамянёвая атака... Прыгоды цела.
Высокая ломкая трава шамацела і храбусьцела пад нагамі, калючае насеньне ўпіваліся ў шорты. З бзыкаючым звонам праляцела хмара нейкай заедзі, патаўклася перад тварам і адстала. Дарослыя самавітыя людзі ў Групу вольнага пошуку не ідуць. У іх свае дарослыя самавітыя справы, і яны ведаюць, што гэтыя чужыя плянэты ў сутнасьці сваёй досыць аднастайныя і ўтомныя. Аднастайна-ўтомныя. Утомна-аднастайныя... Вядома, калі табе дваццаць гадоў, калі ты нічога толкам ня ўмееш, калі ты толкам ня ведаеш, што табе хацелася б умець, калі ты не навучыўся яшчэ шанаваць свой галоўны набытак — час, калі ў цябе няма і не прадбачыцца ніякіх асаблівых талентаў, калі дамінантай тваёй істоты ў дваццаць гадоў, як і дзесяць гадоў таму, застаюцца не галава, а рукі ды ногі, калі ты настолькі прымітыўны, што ўяўляеш, быццам на невядомых плянэтах можна адшукаць нейкую каштоўнасьць, немагчымую на Зямлі, калі, калі, калі... то тады, вядома. Тады бяры каталёг, раскрывай яго на любой старонцы, тыкні пальцам у любы радок і ляці сабе. Адкрывай плянэту, называй яе ўласным імем, вызначай фізычныя характарыстыкі, біся з пачварамі, калі такія знойдуцца, уступай у кантакты, калі знойдзецца з кім, рабінзонь памаленьку, калі нікога ня выявіш... І ня тое каб усё гэта дарэмна. Табе падзякуюць, табе скажуць, што ты зрабіў пасільны ўнёсак, цябе выкліча для падрабязнай размовы які-небудзь выбітны спэцыяліст... Школьнікі, асабліва адстаючыя і абавязкова малодшых клясаў, будуць глядзець на цябе з пашанай, але настаўнік пры сустрэчы спытае толькі: «Ты ўсё яшчэ ў ГВП?» — і перавядзе размову на іншую тэму, і твар у яго будзе вінаватым і сумным, бо адказнасьць за тое, што ты ўсё яшчэ ў ГВП, ён бярэ на сябе. А бацька скажа: «Гм...» — і няўпэўнена прапануе табе месца лябаранта; а мама скажа: «Максік, але ж ты нядрэнна маляваў у дзяцінстве...»; а Джэні скажа: «Пазнаёмся, гэта мой муж». І ўсе маюць рацыю, усе, акрамя цябе. І ты вернешся ва Ўпраўленьне ГВП і, імкнучыся не глядзець на двух такіх жа асталопаў, што корпаюцца ў каталёгах каля суседняга стэляжа, возьмеш чарговы том, разгарнеш наўздагад старонку і тыкнеш пальцам...