Пан ротмістр прайшоўся па канцылярыі.
— Не маглі б вы... э-э... як бы гэта сказаць... сфармуляваць сваё меркаваньне з нагоды дадзенага суб’екта? Прафэсійна, калі так можна мовіць...
— Не магу ведаць, — сказаў Зэф. — Паводле прысуду, ня маю права выступаць у прафэсійнай якасьці.
— Я разумею, — сказаў пан ротмістр. — Усё гэта правільна. Хвалю. Але-е...
Зэф, вытрашчыўшы блакітныя вочкі, стаяў па стойцы «зважай». Пан жа ротмістр знаходзіўся ў відавочным замяшаньні. Гай добра разумеў яго. Выпадак быў важны, дзяржаўны. (Раптам гэты дзікун усё ж ткі шпіён). А пан штаб-лекар Зогу, вядома, выдатны гвардзеец, бліскучы гвардзеец, але ўсяго толькі штаб-лекар. У той час як рудае хайло Зэф, да таго як упасьці ў злачынства, выдатна ведаў сваю справу і нават быў вялікай знакамітасьцю. Але яго таксама можна зразумець. Кожнаму, нават злачынцу, нават злачынцу, што ўсьвядоміў сваё злачынства, хочацца ўсё ж ткі жыць. А закон да сьмяротнікаў бязьлітасны: найменшае парушэньне — і сьмяротнае пакараньне. На месцы. Інакш нельга, такі ўжо час, калі міласэрнасьць выходзіць жорсткасьцю, і толькі ў жорсткасьці заключаная сапраўдная міласэрнасьць. Закон бязьлітасны, але мудры.
— Ну, што ж, — сказаў пан ротмістр. — Нічога ня зробіш... Але па-чалавечы... — Ён спыніўся перад Зэфам. — Разумееце? Не прафэсійна, а па-чалавечы — вы сапраўды лічыце, што гэта вар’ят?
Зэф зноў памарудзіў.
— Па-чалавечы? — паўтарыў ён. — Ну вядома, па-чалавечы: чалавеку ж уласьціва памыляцца... Дык вось, па-чалавечы я схільны меркаваць, што гэта ярка выражаны выпадак раздвойваньня асобы з выцясьненьнем і замяшчэньнем праўдзівага «я» ўяўным «я». Па-чалавечы ж, зыходзячы з жыцьцёвага вопыту, я рэкамендаваў бы электрашок і флеазьмяшчальныя прэпараты.
Капрал Варыбобу ўсё гэта ўпотай запісаў, але пана ротмістра не падманеш. Ён адабраў у капрала лісток з запісамі і сунуў яго ў кішэню фрэнча. Мах-сім зноў загаварыў, зьвяртаючыся то да пана ротмістра, то да Зэфа — чагосьці ён хацеў, небарака, нешта яму было ня так, — але тут адчыніліся дзьверы, і ўвайшоў пан штаб-лекар, па ўсім відаць — адарваны ад абеду.
— Прывітаньне, Тоот, — буркліва сказаў ён. — У чым справа? Вы, я бачу, жывыя і здаровыя, і гэта мяне суцяшае... А гэта што за тып?
— Выхаванцы злавілі яго ў лесе, — патлумачыў пан ротмістр. — Я падазраю, што ён вар’ят.
— Сымулянт ён, а не вар’ят, — мармытнуў пан штаб-лекар і наліў сабе вады з графіна. — Адпраўце яго назад у лес, няхай працуе.
— Гэта ня наш, — запярэчыў пан ротмістр. — І мы ня ведаем, адкуль ён узяўся. Я думаю, што яго ў свой час захапілі вырадкі, ён у іх звар’яцеў і перабег да нас.
— Правільна, — мармытнуў пан штаб-лекар. — Трэба звар’яцець, каб перабегчы да нас... — ён падышоў да затрыманага і адразу ж палез хапаць яго за павекі. Затрыманы жудасна выскаліўся і зьлёгку адштурхнуў яго. — Но-но! — сказаў пан штаб-лекар, спрытна хапаючы яго за вуха. — Стой, спакойна, ты, жарабец!...
Затрыманы падпарадкаваўся. Пан штаб-лекар вывярнуў яму павекі, абмацаў, пасьвістваючы, шыю і горла, сагнуў і разагнуў яму руку, потым пыхкаючы нахіліўся і ўдарыў яго пад калені, вярнуўся да графіна і выпіў яшчэ шклянку вады.
— Пякотка, — паведаміў ён.
Гай паглядзеў на Зэфа. Рудабароды, прыставіўшы да нагі сваю гармату, стаяў у старонцы і з падкрэсьленай абыякавасьцю глядзеў у сьцяну. Пан штаб-лекар напіўся і зноў узяўся за псыха. Ён абмацваў яго, абстукваў, заглядваў у зубы, два разы ўдарыў кулаком у жывот, потым дастаў з кішэні пляскатую скрынку, разматаў провад, падключыўся да штэпселяў і стаў прыкладаць скрынку да розных частак дзікунскага цела.
— Так, — сказаў ён, змотваючы провад. — І нямы, да таго ж?...
— Не, — сказаў пан ротмістр. — Ён размаўляе, але на нейкай мядзьведжай мове, і толькі часам ужывае нашыя словы, ды й то моцна скажоныя. Нас не разумее. А вось яго малюнкі.
Пан штаб-лекар глянуў малюнкі.
— Так-так-так, — сказаў ён. — Пацешна... — Ён выхапіў у капрала асадку і хутка намаляваў на блянку котку, як яе малююць дзеці — з палачак і кружочкаў. — Што ты на гэта скажаш прыяцель? — сказаў ён, працягваючы малюнак псыху.
Той, ні сэкунды не задумваючыся, пачаў драпаць пяром, і побач з коткай зьявілася дзіўная, густа зарослая валасамі жывёла зь цяжкім непрыемным позіркам. Такой жывёлы Гай ня ведаў, але ён зразумеў адно: гэта ўжо ня быў дзіцячы малюнак. Намалявана было выдатна, проста выдатна. Нават глядзець страшнавата. Пан штаб-лекар працягнуў руку за пяром, але псых адсунуўся і намаляваў яшчэ адну жывёлу, зусім ужо дзікую — зь вялізнымі вушамі, маршчыністай скурай і тоўстым хвастом на месцы носа.