— Выдатна! — закрычаў пан штаб-лекар пляснуўшы сябе па баках.
А псых не пераставаў. Цяпер ён маляваў ўжо і не жывёлу, а відавочна нейкі апарат, падобны да вялікай празрыстай міны. Усярэдзіне міны ён вельмі спрытна адлюстраваў сядзячага чалавечка, пастукаў па чалавечку пальцам, а пасьля тым жа пальцам пастукаў сябе па грудзях і сказаў: «Мах-ссім».
— Вось гэтую штуку ён мог бачыць каля ракі, — сказаў Зэф, нячутна падышоўшы. — Мы такую спалілі гэтай ноччу. Але вось пачвары гэтыя... — ён паківаў галавой.
Пан штаб-лекар быццам упершыню заўважыў яго.
— А, прафэсар! — закрычаў ён перабольшана радасна. — То ж я гляджу — у канцылярыі чымсьці сьмярдзіць. Ці ня будзеце вы так ласкавы, калега, прамаўляць вашыя мудрыя меркаваньні вунь з таго кута? Вы мне зробіце вялікую ласку...
Варыбобу захіхікаў, а пан ротмістр строга сказаў:
— Станьце каля дзьвярэй, Зэф, і не забывайцеся.
— Ну добра, — сказаў пан штаб-лекар. — І што вы думаеце зь ім рабіць, Тоот?
— Гэта залежыць ад вашага дыягназу, Зогу, — адказаў пан ротмістр. — Калі ён сымулянт, я перадам яго ў пракуратуру, там разьбяруцца. А калі ён вар’ят...
— Ён не сымулянт, Тоот! — з вялікім уздымам вымавіў пан штаб-лекар. — Яму зусім няма чаго рабіць у пракуратуры. Але я ведаю адно месца, дзе ім вельмі зацікавяцца. Дзе брыгадзір?
— Брыгадзір на трасе.
— Зрэшты, гэта не істотна. Вы ж дзяжурны, Тоот? Вось і адпраўце гэтага цікаўнага малойчыка па наступнай адрэсе... — пан штаб-лекар прыладзіўся на бар’еры, зачыніўшыся ад усіх плячыма і локцямі, і напісаў нешта на абароце апошняга малюнка.
— А што гэта такое? — спытаў пан ротмістр.
— Гэта? Гэта адна ўстанова, якая будзе нам удзячнай, Тоот, за вашага псыха. Я магу паручыцца.
Пан ротмістр няўпэўнена пакруціў у пальцах блянк, потым адышоў у далёкі кут канцылярыі і паклікаў да сябе пана штаб-лекара. Некаторы час яны размаўлялі там напаўголасу, так што разабраць можна было толькі асобныя рэплікі пана Зогу: «... Дэпартамэнт прапаганды... Адпраўце з давераным... Ня так ужо гэта і сакрэтна!... Я вам ручаюся... Загадаеце яму забыцца... Чорт вазьмі, ды сапляк усё роўна нічога не зразумее!...»
— Добра, — сказаў нарэшце пан ротмістр. — Пішэце суправаджальную паперу. Капрале Варыбобу!
Капрал падняў азадак.
— Праязныя дакумэнты для радавога гвардыі Гаала гатовыя?
— Так.
— Упішэце ў праязныя дакумэнты падканвойнага Мах-Сіма. Канваір без кайданкоў, дазволены праезд у агульным вагоне... Радавы Гаал!
Гай стукнуў абцасамі і выцягнуўся.
— Слухаю, пане ротмістру!
— Перш чым зьявіцца на новае месца службы ў нашай сталіцы, дастаўце затрыманага па адрэсе, згаданай на гэтым лістку. Па выкананьні загаду лісток здаць дзяжурнаму афіцэру на новым месцы службы. На адрэсу забыцца. Гэта вашае апошняе заданьне, Гаал, і вы вядома выканайце яго, як належыць малойцу-гвардзейцу.
— Будзе выканана! — пракрычаў Гай, ахоплены неапісальным захапленьнем. Хваля радасьці, гонару, шчасьця, гарачая хваля зачараваньня адданасьцю захліснула яго, падхапіла, панесла да неба. О, гэтыя салодкія хвіліны захапленьня, незабыўныя хвіліны, што скалыналі ўсю істоту, хвіліны, калі вырастаюць крылы, хвіліны ласкавай пагарды да ўсяго грубага, матэрыяльнага, цялеснага... хвіліны, калі хочаш агню і загаду, калі прагнеш, каб загад злучыў цябе з агнём, шпурнуў цябе ў агонь, на тысячы ворагаў, на разьверстыя жаралы, насустрач мільёнам куль... і гэта яшчэ не ўсё, будзе яшчэ саладзей, захапленьне асьлепіць і спаліць... О вагонь! О слава! Загад, загад! І вось яно, вось яно!... Ён устае, гэты рослы моцны прыгажун, гонар брыгады, наш капрал Варыбобу, як агністая паходня, як статуя славы і вернасьці, і ён запяе, а мы ўсё падхопім, усе як адзін...
І ўсё сьпявалі. Сьпяваў бліскучы пан ротмістр Тоот, узор гвардзейскага афіцэра, узор сярод узораў, за якога так хочацца цяпер жа, пад гэты марш, аддаць жыцьцё, душу, усё... І пан штаб-лекар Зогу, узор брата міласэрнасьці, грубы, як сапраўдны жаўнер, і ласкавы як рукі маці... І наш капрал Варыбобу, да мозгу касьцей наш, стары ваяка, вэтэран, сьсівелы ў сутычках... О як зіхацяць баявыя мэдалі на яго пацёртым заслужаным мундзіры, для яго няма нічога, акрамя службы, нічога, акрамя служэньня... Ці ведаеце вы нас, Невядомыя Айцы нашыя, падніміце стомленыя твары і зірніце на нас, вы ж усё бачыце, дык няўжо ж вы ня бачыце, што мы тут, на далёкай жорсткай ускраіне нашай краіны з захапленьнем памром у пакутах за шчасьце радзімы!...