Выбрать главу
Сталёвы наш кулак зьмятае перапоны, Мы служым вам, вялікія Айцы! Зьнішчайма ворагаў бязьлітасна, пад корань! Наперад жа, гвардзейцы-малайцы!
О Баявая Гвардыя — клінок закону! О верныя гвардзейцы-малайцы! Калі ў баі гвардзейскія калёны, Ў спакоі Невядомыя Айцы!

... Але што гэта? Ён не сьпявае, ён стаіць, раскірэчыўшыся, абапёршыся на бар’ер, і круціць сваёй дурной карычневай галавой, і бегае вачыма, і ўсё выскаляецца, усё шчэрыцца... На каго выскаляешся, мярзотнік? О, як хочацца падысьці цяжкім крокам і з размаху, гвардзейскім кулаком — па гэтым гнюсным белым вышчары... Але нельга, нельга, гэта не па-гвардзейску: ён жа ўсяго толькі псых, варты жалю калека, сапраўднае шчасьце не даступнае яму, ён сьляпы, нікчэмны, жаласны чалавечы абломак... А гэты, рудая сволач, скурчыўся ў куце ад невыноснага болю... Э, не, гэта іншая справа: у вас заўсёды болі ў галаве, калі мы задыхаемся ад захапленьня, калі мы сьпяваем свой баявы марш і гатовыя разарваць лёгкія, але дасьпяваць яго да канца! Выхаванец, злачынная пыса, рыжы бандыт, за грудзі цябе, за тваю паганую бараду! Устаць, сволач! Стаяць на зважай, калі гвардзейцы сьпяваюць свой марш! І па башцы, па башцы, па бруднай пысе, па нахабным рачыным вочкам... Вось так, вось так...

Гай адшпурнуў выхаванца і, пстрыкнуўшы абцасамі, павярнуўся да пана ротмістра. Як заўсёды пасьля прыступу ўзьнёслага ўзбуджэньня, нешта зьвінела ў вушах, і сьвет салодка плыў і пагойдваўся перад вачыма.

Капрал Варыбобу, шызы ад натугі, слаба перхаў, трымаючыся за грудзі. Пан штаб-лекар, потны і барвовы, прагна піў ваду прама з графіна і цягнуў з кішэні насавую хустачку. Пан ротмістр хмурыўся з адсутным выразам, нібы спрабаваў нешта ўзгадаць. Ля парога бруднай кучай клятчастага рызьзя варочаўся руды Зэф. Твар у яго быў разьбіты, ён хлюпаў крывёю і слаба стагнаў скрозь зубы. А Мах-сім больш не ўсьміхаўся. Твар у яго застыў, стаў зусім як звычайны чалавечы, і ён нерухомымі круглымі вачыма, прыадкрыўшы рот, глядзеў на Гая.

— Радавы Гаал, — хрыплым голасам вымавіў пан ротмістр. — Э-э... Нешта я хацеў вам сказаць... ці ўжо сказаў?... Пачакайце, Зогу, пакіньце мне хоць глыток вады...

3

Максім прачнуўся і адразу адчуў, што галава цяжкая. У пакоі было душна. Зноў уначы зачынілі акно. Зрэшты, і ад расчыненага вакна толку мала — горад занадта блізка, днём бачная над ім непарушная бурая шапка агідных выпарэньняў, вецер нясе іх сюды, і не дапамагае ні адлегласьць, ні пяты паверх, ні парк унізе. Цяпер бы прыняць іённы душ, падумаў Максім, ды выскачыць галышом у сад, ды ня ў гэты паршывы, напаўзгнілы, шэры ад гару, а ў наш, дзе-небудзь пад Ленінградам, на Карэльскім пярэсмыку, ды прабегчы вакол возера кілямэтраў пятнаццаць ва ўвесь апор, ва ўсю сілу, ды пераплысьці возера, а потым хвілін дваццаць пахадзіць па дне, каб патрэніраваць лёгкія, палазіць сярод сьлізкіх падводных валуноў... Ён ускочыў, адчыніў акно, высунуўся пад дробны дожджык, глыбока ўдыхнуў сырога паветра, закашляўся — у паветры было поўна лішняга, а дажджавыя кроплі пакідалі на языку мэталічны прысмак. Па аўтастрадзе з шыпеньнем і сьвістам праносіліся машыны. Унізе блішчала пад акном мокрае лісьце, на высокай каменнай агароджы адсьвечвала бітае шкло. Па парку хадзіў чалавечак у мокрай накідцы, зграбаў у кучу апалае лісьце. За заслонай дажджу цьмяна шарэлі цаґляныя будынкі нейкага заводу на ўскраіне. Зь дзьвюх высокіх труб, як заўсёды, ляніва паўзьлі і прынікалі да зямлі тоўстыя бруі атрутнага дыму.

Душны сьвет. Неспрыяльны, балючы сьвет. Увесь ён нейкі няўтульны і нудны, як тое казённае памяшканьне, дзе людзі са сьветлымі ґузікамі і дрэннымі зубамі раптам ні з таго, ні з гэтага пачалі галасіць, напружваючыся да хрыпу, і Гай, такі сымпатычны, прыгожы хлопец, зусім нечакана пачаў зьбіваць у кроў рыжабародага Зэфа, а той нават не супраціўляўся... Няшчасны сьвет... Радыёактыўная рака, недарэчны жалезны цмок, бруднае паветра і неахайныя пасажыры ў нязграбнай трохпавярховай мэталічнай скрынцы на колах, якая выпускае шызыя ўгарныя дымы... і яшчэ адна дзікая сцэна — у вагоне, калі нейкія грубыя, сьмярдзючыя чамусьці сівушнымі алеямі людзі давялі рогатам і жэстамі да сьлёз сталую жанчыну, і ніхто за яе не заступіўся, вагон набіты бітком, але ўсе глядзяць у бок, і толькі Гай раптам ускочыў, бляды ад злосьці, а можа быць ад страху, і нешта крыкнуў ім, і яны прыбраліся... вельмі шмат злосьці, вельмі шмат страху, вельмі шмат раздражненьня... яны ўсе тут раздражнёныя і падушаныя, то раздражнёныя, то падушаныя. Гай, відавочна ж добры сымпатычны чалавек, часам раптам прыходзіў у невытлумачальную лютасьць, прымаўся шалёна сварыцца з суседзямі па купэ, глядзеў на мяне зьверам, а потым гэтак жа раптоўна ўпадаў у глыбокую прастрацыю. І ўсе ў вагоне вялі сябе ня лепш. Гадзінамі яны сядзелі і ляжалі цалкам мірна, нягучна размаўляючы, нават перасьмейваючыся, і раптам хто-небудзь пачынаў сварліва бурчаць на суседа, сусед нэрвова агрызаўся, навакольныя замест таго, каб супакоіць іх, увязваліся ў сварку, скандал шырыўся, захопліваў увесь вагон, і вось ужо ўсе гарлапаняць адзін на аднаго, пагражаюць, пхаюцца, і хтосьці лезе праз галовы, размахваючы кулакамі, і кагосьці трымаюць за каўнер, на ўсю моц плачуць дзеткі, ім раздражнёна абрываюць вушы, а потым усё паступова суціхае, усе дзьмуцца адзін на аднаго, размаўляюць неахвотна, адварочваюцца... а часам скандал ператвараецца ў нешта зусім ужо непрыстойнае: вочы вылазяць з арбіт, твары ідуць чырвонымі плямамі, галасы ўзьнімаюцца да немага віску, і хтосьці гістэрычна рагоча, хтосьці сьпявае, хтосьці моліцца, уздымаючы над галавой дрыжачыя рукі... Вар’яцкі дом... А міма вокнаў мэлянхалічна праплываюць бязрадасныя шэрыя палі, высмаленыя станцыі, убогія пасёлкі, нейкія непрыбраныя разваліны, і худыя абарваныя жанчыны праваджаюць цягнік запалымі тужлівымі вачыма...