Максім адышоў ад акна, пастаяў трохі пасярэдзіне цеснага пакойчыка, паслабіўшыся, адчуваючы апатыю і душэўную стомленасьць, потым прымусіў сябе сабрацца і разьмяўся трохі, выкарыстоўваючы ў якасьці снарада грувасткі драўляны стол. Так і апусьціцца нядоўга, падумаў ён заклапочана. Яшчэ дзень-два я, мабыць, вытрымаю, а потым давядзецца ўцячы, пабадзяцца трохі па лясах... у горы добра б уцячы, горы ў іх тут на від слаўныя, дзікія... Далёка, праўда, за ноч не павернешся... Як іх Гай называў? «Зартак»... Цікава, гэта ўласнае імя або горы наогул? Зрэшты, якія там горы, не да гор мне. Дзесяць сутак я тут, а нічога яшчэ ня зроблена...
Ён уціснуўся ў душавую і некалькі хвілін пырхаў і расьціраўся пад тугім штучным дожджыкам, такім жа агідным, як натуральны, ледзь халаднейшым, праўда, але жорсткім, вапнавым, і ў дадатак яшчэ хляраваным, ды яшчэ прапушчаным праз мэталічныя трубы.
Ён выцерся прадэзінфікаваным ручніком і, усім незадаволены — і гэтай каламутнай раніцай, і гэтым душным сьветам, і сваім дурным становішчам, і празьмерна тлустым сьняданкам, які яму трэба будзе зараз зьесьці, — вярнуўся ў пакой, каб прыбраць ложак, пачварнае майстраванне з рашэцістага жалеза з паласатым прамасьленым бліном пад чыстай прасьцінай.
Сьняданак ужо прынесьлі, ён дыміўся і сьмярдзеў на стале. Рыба зноў зачыняла акно.
— Добры дзень, — сказаў ёй Максім на мясцовай мове. — Ня трэба. Акно.
— Добры дзень, — адказала яна, пстрыкаючы шматлікімі засаўкамі. — Трэба. Дождж. Дрэнна.
— Рыба, — сказаў Максім па-расейску. Уласна, яе звалі Нолу, але Максім з самага пачатку ахрысьціў яе Рыбай — за агульны выраз твару і спакой.
Яна павярнулася і паглядзела на яго, не міргаючы. Затым, ужо ў каторы раз, прыклала палец да кончыка носа і сказала: «Жанчына», потым тыкнула ў Максіма пальцам: «Мужчына», потым — у бок абрыдлага балахона, які вісеў на сьпінцы крэсла: «Вопратка. Трэба!». Не магла яна чамусьці бачыць мужчыну проста ў шортах. Трэба было ёй чамусьці, каб мужчына захутваўся з ног да шыі.
Ён пачаў апранацца, а яна заслала яго ложак, хоць Максім заўсёды казаў, што будзе рабіць гэта сам, высунула на сярэдзіну пакоя стол, які Максім заўсёды адсоўваў да сьцяны, рашуча адвярнула кран ацяпленьня, які Максім заўсёды заварочваў да ўпору, і ўсе аднолькавыя «ня трэба» Максіма разьбіваліся аб яе ня менш аднастайныя «трэба».
Зашпіліўшы балахон каля шыі на адзіны зламаны ґузік, Максім падышоў да стала і пакалупаў сьняданак двухзубым відэльцам. Адбыўся звычайны дыялёг:
— Не хачу. Ня трэба.
— Трэба. Ежа. Сьняданак.
— Не хачу сьняданак. Нясмачна.
— Трэба сьняданак. Смачна.
— Рыба, — сказаў ёй Максім пранікнёна. — Жорсткі вы чалавек. Патрапілі б вы да мяне на Зямлю, я б дашчэнту разьбіўся, але знайшоў бы вам ежу да смаку.
— Не разумею, — са шкадаваньнем сказала яна. — Што такое «рыба»?
З агідай жуючы тоўсты кавалак, Максім узяў паперу і адлюстраваў ляшча анфас. Яна ўважліва вывучыла малюнак і паклала ў кішэню халата. Усе малюнкі, якія рабіў Максім, яна забірала і некуды выносіла. Максім маляваў шмат, ахвотна і з задавальненьнем: у вольны час і па начах, калі не спалося, рабіць тут было зусім няма чаго. Ён маляваў жывёлаў і людзей, чарціў табліцы і дыяграмы, рэпрадуктаваў анатамічныя разрэзы. Ён адлюстроўваў прафэсара Мэгу падобным на бегемота і бегемотаў, падобных на прафэсара Мэгу, ён вычэрчваў унівэрсальныя табліцы лінкосу, схемы машынаў і дыяграмы гістарычных пасьлядоўнасьцяў, ён пераводзіў масу паперы, і ўсё гэта зьнікала ў кішэні Рыбы без усялякіх бачных наступстваў для працэдуры кантакту. У прафэсара Мэгу, ён жа Бегемот, была свая мэтода, і ён ня меў намеру ад яе адмаўляцца.