Выбрать главу

Ну, Мак!

Максім растапырыўся, упёрся, адной рукой загарадзіў Вепрука і з усіх сілаў націснуў на тормаз.

У разьдзіраючым выцьці і віску тармазоў жоўты капот са скрыгатам і хрустам уварваўся яму ў багажнік, і зьмінаючыся гармонікам, устаў дубка. Пасыпалася шкло. Максім нагой выбіў дзьверы і вываліўся вонкі. Балюча было жудасна, боль быў у пятцы, у пабітым калене, у абадранай руцэ, але ён забыў пра яго празь імгненьне, бо Вандроўнік ужо стаяў перад ім. Гэта было немагчыма, але гэта было. Д’ябал, д’ябал — доўгі, сухі, грозны, з адведзенай для ўдару рукой...

Максім кінуўся на яго, уклаўшы ў гэты кідок усё, што ў яго яшчэ заставалася. Міма! І страшны ўдар у патыліцу... Сьвет нахіліўся, ледзь ня ўпаў, але ня ўпаў усё-ткі, а Вандроўнік зноў перад вачыма, зноў голы чэрап, пільныя зялёныя вочы і рука, адведзеная для ўдару... Стоп, спыніся, ён прамахнецца... Ага!... Куды гэта ён глядзіць?... Ну, нас на гэта ня купіш... Вандроўнік з застылым тварам утаропіўся па-над галавой Максіма, і Максім кінуўся зноў і на гэты раз папаў. Доўгі чорны чалавек сагнуўся папалам і павольна паваліўся на асфальт. Тады Максім абярнуўся.

Шэры куб Цэнтру быў выдатна бачны адсюль, і ён больш ня быў кубам. Ён плюшчыўся на вачах, ацякаў і правальваўся ўнутр сябе, над ім уздымалася дрыготкае сьпякотнае паветра, і пара, і дым, і нешта асьляпляльна белае, сьпякотнае нават тут, страшна і весела выглядвала скрозь доўгія вэртыкальныя расколіны і аконныя дзіркі... Добра, там усё ў парадку... Максім з урачыстасьцю павярнуўся да Вандроўніка. Д’ябал ляжаў на баку, абхапіўшы жывот доўгімі рукамі, вочы ягоныя былі заплюшчаныя. Максім асьцярожна прысунуўся. З пакарабачанай малалітражкі высунуўся Вяпрук. Ён вазіўся і ёрзаў, спрабуючы выбрацца вонкі. Максім спыніўся побач з Вандроўнікам і нахіліўся, прымерваючыся, як ударыць, каб пакончыць адразу. Масаракш, праклятая рука не падымалася на ляжачага... І тады Вандроўнік прыадплюшчыў вочы і сіпла прамовіў:

— Dummkopf! Rotznase!

Максім не адразу яго зразумеў, а калі зразумеў, у яго падкасіліся ногі.

Дурань...

Сапляк...

Дурань...

Сапляк...

Потым з шэрай гулкай пустэчы данёсься голас Вепрука:

— Адыдзіце-ка, Мак, у мяне пісталет.

Максім, ня гледзячы, злавіў яго за руку.

Вандроўнік зь цяжкасьцю сеў, усё яшчэ трымаючыся за жывот.

— С-сапляк... — прашыпеў ён зь цяжкасьцю. — Ня стойце як слуп... шукайце машыну, жвава, жвава... Ды ня стойце ж, паварочвайцеся!

Максім тупа агледзеўся. Шаша ажывала. Цэнтру больш не было, ён ператварыўся ў лужыну расплаўленага мэталу, у пару, у смурод, вежы больш не працавалі, лялькі перасталі быць лялькамі. Ашаломленыя людзі, прыходзячы ў сябе, хмурна азіраліся, тапталіся каля сваіх машын, спрабуючы ўцяміць, што зь імі адбылося, як яны сюды трапілі, што рабіць далей.

— Хто вы такі? — спытаў Вяпрук.

— Ня вашая справа, — сказаў Вандроўнік па-нямецку. Яму было балюча, ён крахтаў і задыхаўся.

— Не разумею, — сказаў Вяпрук, прыўздымаючы ствол пісталета.

— Камэрэр... — паклікаў Вандроўнік. — Заткніце глотку свайму тэрарысту... і шукайце машыну...

— Якую машыну... — сказаў Максім тупа і бездапаможна.

— Масаракш... — пракрахтаў Вандроўнік. Ён сяк-так падняўся, усё яшчэ горбячыся, прыціскаючы далонь да жывата, няпэўнымі крокамі падышоў да Максімавага аўтамабільчыка і пралез унутр. — Сядайце... хутка! — сказаў ён ужо з-за руля. Потым ён азірнуўся цераз плячо на афарбаваны полымем слуп дыму. — Што вы туды падкінулі? — спытаў ён безнадзейна.

— Тэрмічную бомбу.

— У склеп або ў вэстыбюль?

— У склеп, — сказаў Максім.

Вандроўнік застагнаў, пасядзеў трохі, адкінуўшы галаву, потым уключыў рухавік. Машына затрэслася і забражджала.

— Ды сядайце ж вы, нарэшце! — закрычаў ён.

— Хто гэта такі? — спытаў Вяпрук. — Ханціец?

Максім паматаў галавой, рыўком адкрыў заднія заклінаваныя дзьверцы і сказаў яму:

— Залазьце.

Сам ён абышоў машыну і сеў побач з Вандроўнікам. Аўтамабіль тузануўся, у ім нешта завішчала, трэснула, але ён ужо каціўся па шашы, недарэчна віхляючы, бразгочучы незачыненымі цалкам дзьверцамі і гучна страляючы глушыцелем.

— Што вы цяпер намерваецеся рабіць? — спытаў Вандроўнік.