Выбрать главу

— Вы маеце рацыю, — ветліва сказаў Вяпрук. Потым ён сказаў Максіму: — А вы займіцеся Айцамі. Гэта цяжкая справа, але яна якраз для вас. Дзе вас шукаць?

— Чакайце, Вяпрук, — сказаў Максім. — Я ледзь не забыўся. Празь некалькі гадзін уся краіна на шмат сутак зваліцца ад прамянёвага галаданьня. Усе будуць абсалютна бездапаможныя...

— Усе? — з сумневам спытаў Вяпрук.

— Усе, акрамя вырадкаў. Гэты час, гэтыя некалькі сутак, трэба выкарыстоўваць...

Вяпрук падумаў, падняўшы бровы.

— Што ж, выдатна, — сказаў ён. — Калі гэта праўда... Зрэшты, мы будзем займацца якраз вырадкамі. Але я буду мець гэта на ўвазе. Дык дзе вас шукаць?

Максім не пасьпеў адказаць.

— Па ранейшым тэлефоне, — сказаў Вандроўнік. — І на ранейшым месцы. І вось што. Стварайце свой камітэт, раз ужо так атрымалася. Аднаўляйце тую ж арганізацыю, што была пры імпэрыі. Сёй-той з вашых людзей працуе ў мяне ў інстытуце... Масаракш! — прашыпеў ён раптам. — Ні часу няма, ні людзей патрэбных пад рукамі няма... Каб вас чорт узяў, Мак!

— Найгалоўнейшае, — сказаў Вяпрук, паклаўшы руку Максіму на плячо, — гэта што няма больш Цэнтру. Вы маладзец, Мак. Дзякуй... — Ён сьціснуў Максіму плячо і няёмка, чапляючыся пратэзам, палез з машыны. Потым яго раптам прарвала. — Божа, — вымавіў ён, стоячы побач з машынай з заплюшчанымі вачыма. — Няўжо яго насамрэч больш няма? Гэта ж... гэта...

— Зачыніце дзьверы, — сказаў Вандроўнік. — Мацней, мацней...

Аўтамабіль зь месца рвануўся наперад. Максім азірнуўся. Вяпрук стаяў пасярод купкі людзей у шэрых плашчах і нешта казаў, размахваючы здаровай рукой. Людзі стаялі нерухома. Яны яшчэ не зразумелі. Ці ня верылі.

Вуліца была пустая. Уздоўж тратуараў кацілі насустрач бронетранспарцёры з гвардзейцамі, а далёка наперадзе, там, дзе быў паварот да дэпартамэнту, ужо стаялі ўпоперак дарогі машыны і перабягалі фігуркі ў чорным. І раптам у калёне бронетранспарцёраў зьявілася да млоснасьці знаёмая ярка-аранжавая патрульная машына з доўгай тэлескапічнай антэнай.

— Масаракш... — прамармытаў Максім. — Я зусім забыўся пра гэтыя штукі!

— Ты на многае забыўся, — прабурчаў Вандроўнік. — Ты забыўся пра перасоўныя выпраменьвальнікі, ты забыўся пра Астраўную Імпэрыю, ты забыўся пра эканоміку... Табе вядома, што ў краіне інфляцыя?... Табе наогул вядома, што такое інфляцыя? Табе вядома, што насоўваецца голад, што зямля ня родзіць?... Табе вядома, што мы не пасьпелі стварыць тут ні запасаў хлеба, ні запасаў мэдыкамэнтаў? Ты ведаеш, што гэтае тваё прамянёвае галаданьне ў дваццаці адсотках выпадкаў прыводзіць да шызафрэніі? А? — Ён выцер далоньню магутны залысы лоб. — Нам патрэбныя лекары... дванаццаць тысяч лекараў. Нам патрэбныя бялковыя сынтэзатары. Нам неабходна дэзактываваць сто мільёнаў гектараў заражанай глебы — для пачатку. Нам трэба спыніць выраджэньне біясфэры... Масаракш, нам патрэбен хоць адзін зямлянін на Астравах, у Адміралцействе гэтага мярзотніка... Ніхто ня можа там утрымацца, ніхто з нашых ня можа хаця бы вярнуцца і расказаць толкам, што там адбываецца...

Максім маўчаў. Яны пад’ехалі да машын, што загароджвалі праезд, цемнатвары каржакаваты афіцэр, дзіўна-знаёма адмахваючыся рукой, падышоў да іх і каркаючым голасам запатрабаваў дакумэнты. Вандроўнік злосна і нецярпліва сунуў яму пад нос бліскучы жэтон. Афіцэр панура адказыраў і зірнуў на Максіма. Гэта быў пан ротмістр... не — цяпер ужо брыгадзір Гвардыі Чачу. Вочы яго пашырыліся.

— Гэты чалавек з вамі, ваша яснавяльможнасьць? — спытаў ён.

— Так. Неадкладна загадайце прапусьціць мяне.

— Прашу прабачэньня, ваша яснавяльможнасьць, але гэты чалавек...

— Зараз жа прапусьціць! — гаркнуў Вандроўнік.

Брыгадзір Чачу панура казырнуў, павярнуўся і махнуў жаўнерам. Адзін з грузавікоў ад’ехаў, і Вандроўнік кінуў машыну ў адкрыты праход.

— Вось так, — сказаў ён. — Яны гатовыя, яны заўсёды былі гатовыя. А ты думаў — раз-два і ўсё... прыстрэліць Вандроўніка, павесіць Айцоў, разагнаць баязьліўцаў і фашыстаў у штабе — і канец рэвалюцыі...

— Я ніколі так ня думаў, — сказаў Максім. Ён адчуваў сябе вельмі няшчасным, раздушаным, бездапаможным, безнадзейна дурным.

Вандроўнік пакасіўся на яго, крывавата ўсьміхнуўся.

— Ну, добра, добра, — сказаў ён. — Я проста злы. Не на цябе — на сябе. Гэта я адказваю за ўсё, што тут адбываецца, і гэта мая віна, што так атрымалася. Я проста не пасьпяваў за табой... — Ён зноў усьміхнуўся. — Хуткія вы, аднак, там хлопцы — у ГВП...

— Не, — сказаў Максім. — Вы не дакарайце сябе так. Я ж сябе не дакараю... Прабачце, як вас завуць?