Гэта было цудоўна — прыдумляць новы, небывалы сьвет, і яшчэ больш цудоўным было надзяляць яго добра знаёмымі атрыбутамі і рэаліямі. Я праглядаю зараз працоўны дзёньнік: лістапад 1967-га, Дом творчасьці «Камарова», мы працуем толькі ўдзень, але затое як працуем — 7, 10, 11 (!) старонак на дзень. І не чыставіка жа — чарнавога тэксту, які ствараецца, вымаецца зь нічога, зь нябыту! Гэтымі тэмпамі мы скончылі чарнавік усяго ў два заходы, 296 старонак за 32 працоўных дні. А чыставік пісаўся яшчэ хутчэй, па 12—16 старонак за дзень, і ўжо ў траўні гатовы рукапіс быў аднесены ў маскоўскі Детгиз і амаль адначасова — у ленінградзкі часопіс «Нева».
Такім чынам, раман (рэкордна тоўсты раман АБС таго часу) напісаны быў на працягу паўгода. Уся далейшая гісторыя яго ёсьць пакутлівай гісторыяй шліфоўкі, прыгладжваньня, адшкурваньня, выдаленьня ідэалягічных задзірын, прыстасаваньня, прывядзеньня тэксту ў адпаведнасьць з разнастайнымі і часьцяком абсалютна непрадказальнымі патрабаваньнямі Вялікай і Магутнай Цэнзурнай машыны.
«Чым ёсьць тэлеграфны слуп? Гэта добра адрэдагаваная хвоя». Да стану слупа «Населены востраў» давесьці не атрымалася, больш за тое — хвоя так і засталася хвояй, нягледзячы на ўсе хітрыкі сучкарубаў у цывільным, але дроў такі аказалася наламана звышдастаткова, і яшчэ больш аказалася сапсавана аўтарскай крыві і патрапана аўтарскіх нэрваў. І доўжылася гэтае бясконцае змаганьне за канчатковую і бездакорную ідэалягічную дэзінфэкцыю без малога два гадкі.
Два фактары адыгралі ў гэтай бітве істотную ролю. Па-першае, нам (і раману) па-чартоўску пашанцавала з рэдактарамі — і ў Детгизе, і ў «Неве». У Детгизе вяла раман Ніна Матвееўна Беркава, наш стары сябар і абаронца, рэдактар найвопытнейшы, які прайшоў агонь, ваду і медныя трубы, які ведаў тэорыю і практыку савецкай рэдактуры ад «А» да «Я», які ніколі не ўпадаў у роспач, які ўмеў адступаць і заўсёды быў гатовы наступаць. У «Неве» ж нас курыраваў Самуіл Аронавіч Лур’е — найтанчэйшы стыліст, прыроджаны літаратуразнаўца, разумны і атрутны, як нячысьцік, знаўца псыхалёгіі савецкага ідэалягічнага начальства наогул і псыхалёгіі А. Ф. Папова, галоўнага тагачаснага рэдактара «Невы», у прыватнасьці. Калі б не намаганьні гэтых двух нашых сяброў і рэдактараў, лёс раману мог быць бы іншым — ён альбо ня выйшаў бы наогул, альбо аказаўся зьнявечаным зусім ужо да непазнавальнасьці.
Па-другое, агульны палітычны фон таго часу. Гэта быў 1968 год, «год Чэхаславаччыны», калі чэшскія Гарбачовы адчайна спрабавалі даказаць савецкім монстрам магчымасьць і нават неабходнасьць «сацыялізму з чалавечым тварам», і часам здавалася, што гэта ім удаецца, што вось-вось сталіністы адступяць і саступяць, шалі непрадказальна хісталіся, ніхто ня ведаў, што будзе празь месяц — ці то свабоды перамогуць, як у Празе, ці то ўсё канчаткова вернецца на кругі свае — да бязьлітаснага ідэалягічнага зьледзяненьня і, можа быць, нават да поўнай урачыстасьці прыхільнікаў ГУЛагу.
...Лібэральная інтэлігенцыя дружна франдзіравала, усе наперабой пераконвалі адзін аднаго (на кухнях), што Дубчак абавязкова пераможа, бо падаўленьне ідэалягічнага бунту сілай немагчымае, ня тыя часы на двары, не Вугоршчына гэта вам 1956-га году, ды й вадкаватыя ўсе гэтыя брэжневы-суславы, няма ў іх той старой добрай сталінскай загартоўкі, пораху ў іх ня хопіць, ды й армія сёньня ўжо ня тая... «Тая, тая ў нас сёньня армія, — пярэчылі найразумнейшыя з нас. — І пораху хопіць, супакойцеся. І брэжневы-суславы, будзьце ўпэўненыя, не здрыгануцца і ніякім дубчакам не саступяць НІКОЛІ, бо гаворка ідзе пра самое іх, брэжневых, існаваньне...»
...І мёртва маўчалі тыя нешматлікія, як правіла, недаступныя для непасрэднага кантакту, хто ўжо ў траўні ведаў, што пытаньне вырашанае. І ўжо вядома памоўчвалі тыя, хто нічога дакладна ня ведаў, але адчуваў, самой шкурай сваёй адчуваў: усё будзе як належыць, усё будзе як мае быць, усё будзе як заўсёды — начальнікі сярэдняга зьвяна і ў тым ліку, зразумела, малодшае афіцэрства ідэалягічнай арміі — галоўныя рэдактары часопісаў, куратары абкамаў і гаркамаў, работнікі Главлиту...