Шалі хісталіся. Ніхто не хацеў прымаць канчатковых рашэньняў, усе чакалі, куды паверне дышаль гісторыі. Адказныя асобы імкнуліся не чытаць рукапісаў наогул, а прачытаўшы, выстаўлялі да аўтараў ашаламляльныя патрабаваньні, з тым каб пасьля ўліку гэтых патрабаваньняў выставіць новыя, яшчэ больш ашаламляльныя.
У «Неве» патрабавалі: скараціць; выкінуць словы кшталту «радзіма», «патрыёт», «айчына»; нельга, каб Мак забыўся, як звалі Гітлера; удакладніць ролю Вандроўніка; падкрэсьліць наяўнасьць сацыяльнай няроўнасьці ў Краіне Айцоў; замяніць Камісію Галяктычнай Бясьпекі іншым тэрмінам, зь іншымі ініцыяламі...
У Детгизе (спачатку) патрабавалі: скараціць; прыбраць натуралізм у апісаньні вайны; удакладніць ролю Вандроўніка; затуманіць сацыяльнае ўладкаваньне Краіны Айцоў; рашуча выключыць само паняцьце «Гвардыя» (скажам, замяніць на «Легіён»); рашуча замяніць само паняцьце «Невядомыя Айцы»; прыбраць словы кшталту «сацыял-дэмакраты», «камуністы» і г. д.
Зрэшты, як сьпяваў у тыя гады Ўл. Высоцкі, «але гэта былі яшчэ кветачкі». Ягадкі чакалі нас наперадзе.
Напачатку 1969 выйшла ў «Неве» часопіснае выданьне раману. Нягледзячы на ўсеагульнае ўзмацьненьне жорсткасьці ідэалягічнага клімату, зьвязанае з чэхаславацкім ганьбішчам; нягледзячы на сьвяшчэнны жах, які ахапіў паслухмяна дрыгатлівых ідэалягічных начальнікаў; нягледзячы на тое, што менавіта ў гэты час пасьпела і лопнула адразу некалькі артыкулаў, якія бізунілі фантастыку Стругацкіх, — нягледзячы на ўсё гэта, раман удалося апублікаваць, прычым коштам невялікіх, па сутнасьці мінімальных, стратаў. Гэта была ўдача. Больш за тое, гэта была, можна сказаць, перамога, якая здавалася неверагоднай і якой ніхто ўжо не чакаў.
У Детгизе, быццам бы, справа таксама пайшлі на лад. У сярэдзіне траўня АН піша, што Главлит прапусьціў «Населены востраў» добра, без адзінай заўвагі. Кніга сышла ў друкарню. Больш за тое, вытворчы аддзел абяцаў, што хаця кніга заплянаваная на трэці квартал, магчыма, знойдзецца шчыліна для выпуску яе ў другім, гэта значыць, у чэрвені-ліпені.
Аднак ні ў чэрвені, ні ў ліпені кніга ня выйшла. Затое напачатку чэрвеня ў газэце «Советская литература», якая славілася сваёй вострай і нават у нейкім сэнсе завоблачнай нацыянальна-патрыятычнай скіраванасьцю, зьявіўся артыкул пад назвай «Лісьце і карані». Як узор літаратуры, што ня мае каранёў, прыводзіўся там «Населены востраў», часопісны варыянт. У гэтай сваёй частцы артыкул здаўся тады БНу (ды й не яму аднаму) «дурным і бессэнсоўным», а таму і зусім бясьпечным. Падумаеш, лаюць аўтараў за тое, што ў іх нуль-перадатчыкі засланілі людзей, ды за тое, што няма ў рамане сапраўдных мастацкіх вобразаў, няма «каранёў рэчаіснасьці і каранёў народных». Якое дзіва, і не такое даводзілася АБС пра сябе чуць!.. Значна больш усхваляваў іх тады данос, які паступіў у тыя ж дні ў ленінградзкі абкам КПСС ад нейкага прававернага кандыдата навук, фізыка і адначасова палкоўніка. Фізык-палкоўнік папросту, са шчырасьцю ваеннага чалавека і партыйца, без усялякіх там вуаляў і эківокаў абвінавачваў аўтараў апублікаванага ў «Неве» раману ў зьдзеку над арміяй, антыпатрыятызьме і іншай непрыхаванай антысаветчыне. Прапаноўвалася прыняць меры.
Немагчыма адказаць адназначна на пытаньне, якая менавіта саломінка пераламала сьпіну вярблюду, але 13 чэрвеня 1969 году праходжаньне рамана ў Детгизе было спынена ўказаньнем звыш і рукапіс канфіскавалі з друкарні. Пачаўся пэрыяд Вялікага Стаяньня «Населенага вострава» ў ягоным детгизаўскім варыянце.
Ня мае сэнсу пералічваць усе чуткі, у тым ліку і найпраўдзівейшыя, якія ўзьнікалі тады, блукалі з вуснаў у вусны і бясьсьледна зьнікалі ў нябыце, не атрымаўшы колькі-небудзь ґрунтоўных пацьверджаньняў. Хутчэй за ўсё, мелі рацыю тыя камэнтатары падзеяў, якія лічылі, што колькасьць скандалаў вакол імя АБС (шэсьць лаянкавых артыкулаў за паўгады ў цэнтральнай прэсе) перайшла нарэшце ў якасьць і дзесьці кімсьці вырашана было ўзяць свавольнікаў да ногця і прыкладна пакараць. Аднак жа і гэтая гіпотэза, нядрэнна тлумачачы дэбют і мітальшпіль разыгранай партыі, ніяк не тлумачыць параўнальна шчаснага эндшпілю.
Пасьля шасьці месяцаў адранцьвелага стаяньня рукапіс раптам зноў паўстаў у поле зроку аўтараў — напрасткі з Главлиту, сьпярэшчаны множнымі паметкамі і ў суправаджэньні інструкцыяў, якія, як і належыць, былі неадкладна даведзеныя да нашага ведама пры пасрэдніцтве рэдактара. І тады было цяжка, а сёньня і зусім немагчыма судзіць, якія менавіта інструкцыі нарадзіліся ў нетрах цэнзурнага камітэту, а якія сфармуляваныя былі дырэкцыяй выдавецтва. З гэтай нагоды існавалі й існуюць розныя меркаваньні, і таямніца гэтая ніколі цяпер ужо ня будзе разгаданая. Сутнасьць жа інструкцый, прапанаваных аўтарам да выкананьня, зводзілася да таго, што належыць прыбраць з раману як мага больш рэаліяў айчыннага жыцьця (у ідэале — усе без выключэньня) і перш за ўсё — расейскія прозьвішчы герояў.