Рыба йшла наперадзе шырокім мужчынскім крокам, прамая, як палка, і Максіму раптам стала вельмі шкада яе. Гэтая краіна, мабыць, яшчэ ня ведала прамысловасьці прыгажосьці, і бедная Рыба была прадастаўленая сама сабе. З гэтым вадкім бясколерным валосьсем, што тырчала з-пад белай шапачкі; з гэтымі велізарнымі, выпнутымі пад халатам лапаткамі, з пачварна худымі ножкамі цалкам немагчыма было, напэўна, адчуваць сябе на вышыні — хіба што зь іншаплянэтнымі істотамі, ды й то зь негуманойднымі. Асыстэнт прафэсара ставіўся да яе з пагардай, а Бегемот і зусім яе не заўважаў і зьвяртаўся да яе не інакш як «ы-ы-ы...», што, верагодна адпавядала ў яго інтэркасьмічнаму «э-э-э...» Максім згадаў сваё ўласнае, бог ведае якое да яе стаўленьне і адчуў згрызоты сумленьня. Ён дагнаў яе, пагладзіў па кастлявым плячы і сказаў:
— Нолу малайчына, добрая.
Яна ўзьняла на яго сухі твар, і зрабілася як ніколі падобнай на зьдзіўленага ляшча анфас. Яна адвяла яго руку, ссунула ледзь прыкметныя бровы і строга абвясьціла:
— Максім нядобры. Мужчына. Жанчына. Ня трэба.
Максім зьбянтэжыўся і зноў адстаў.
Так яны дайшлі да канца калідора, Рыба штурхнула дзьверы, і яны апынуліся ў вялікім сьветлым пакоі, які Максім сам сабе называў прыёмнай. Вокны тут былі безгустоўна дэкараваныя прамавугольнымі кратамі з тоўстых жалезных прутоў; высокія, абітыя скурай дзьверы вялі ў лябараторыю Бегемота, а каля дзьвярэй гэтах заўсёды чамусьці сядзелі два вельмі рослых маларухомых абарыгены, якія не адпавядалі на прывітаньні і знаходзіліся як быццам у пастаянным трансе.
Рыба, як заўсёды, адразу прайшла ў лябараторыю, пакінуўшы Максіма ў прыёмнай. Максім, як заўсёды, павітаўся, яму, як заўсёды, не адказалі. Дзьверы ў лябараторыю засталіся прыадчыненымі, адтуль даносіўся гучны злосны голас Бегемота і звонкае шчоўканьне ўключанага мэнтаскопа. Максім падышоў да вакна, некаторы час глядзеў на туманны мокры краявід, на лясістую раўніну, расьсечаную стужкай аўтастрады, на высокую мэталічную вежу, ледзь бачную ў тумане, хутка засумаваў і, не чакаючы клічу, увайшоў у лябараторыю.
Тут, як звычайна, прыемна пахла азонам, мігцелі дублюючыя экраны, пляшывы змораны асыстэнт зь незапамінальным імем і зь мянушкай Таршэр рабіў выгляд, што наладжвае апаратуру, а насамрэч зь цікавасьцю прыслухоўваўся да скандалу. У лябараторыі меў месца скандал.
У крэсьле Бегемота за сталом Бегемота сядзеў незнаёмы чалавек з квадратным тварам, скура на якім лупілася, і з чырвонымі азызлымі вачыма. Бегемот стаяў перад ім, расставіўшы ногі, упёршы рукі ў бакі і зьлёгку нахіліўшыся. Ён крычаў. Шыя ў яго была шызая, лысіна палымнела закатным пурпурам, з рота далёка ляцелі пырскі.
Намагаючыся не прыцягваць да сябе ўвагі, Максім ціхенька прайшоў да свайго працоўнага месца і нягучна павітаўся з асыстэнтам. Таршэр, істота нервовая, дзёрганая, у жаху адскочыў і пасьлізнуўся на тоўстым кабелі. Максім ледзь пасьпеў схапіць яго за плечы, і няшчасны Таршэр абмяк, закаціўшы вочы. Ні крывінкі не засталося ў яго твары, дзіўны гэта быў чалавек, ён да курчаў баяўся Максіма. Аднекуль нячутна паўстала Рыба з адкаркаваным флякончыкам, які тут жа быў паднесены да носа Таршэра. Таршэр ікнуў і ажыў. Перш чым ён зноў высьлізнуў у нябыт, Максім прыхіліў яго да жалезнай шафы і пасьпешліва адышоў.
Пасеўшы ў стэндавае крэсла, ён выявіў, што незнаёмец, у якога лупілася скура, перастаў слухаць Бегемота і ўважліва разглядае яго, Максіма. Максім лагодна ўсьміхнуўся. Незнаёмы зьлёгку нахіліў галаву. Тут Бегемот з жахлівым трэскам ахнуў кулаком па стале і схапіўся за тэлефонны апарат. Скарыстаўшыся ўтворанай паўзай, незнаёмы вымавіў некалькі слоў, зь якіх Максім разабраў толькі «трэба» і «ня трэба», узяў са стала лісток шчыльнай блакітнаватай паперы зь ярка-зялёнай аблямоўкай і памахаў ім у паветры перад тварам Бегемота. Бегемот з прыкрасьцю адмахнуўся і тут жа ўзяўся брахаць у тэлефон. «Трэба», «ня трэба» і незразумелае «масаракш» сыпаліся зь яго, як з рога дастатку, і яшчэ Максім улавіў слова «акно». Усё скончылася тым, што Бегемот у раздражненьні шпурнуў навушнік, яшчэ некалькі разоў раўнуў на незнаёмца, запляваўшы яго з галавы да ног, і выкаціўся, пляснуўшы дзьвярыма.
Тады незнаёмы выцер твар насоўкай, падняўся з крэсла, адкрыў доўгую плоскую скрынку, што ляжала на падваконьніку, і дастаў зь яе нейкую цёмную вопратку.