Выбрать главу

— Ідзіце сюды, — сказаў ён Максіму. — Апранайцеся.

Максім азірнуўся на Рыбу.

— Ідзіце, — сказала Рыба. — Апранайцеся. Трэба.

Максім зразумеў, што ў яго лёсе надыходзіць, нарэшце, доўгачаканы паварот, — дзесьці хто-небудзь штосьці вырашыў. Забыўшыся пра навучаньні Рыбы, ён тут жа скінуў пачварны балахон і з дапамогай незнаёмца апрануўся ў новае адзеньне. Адзеньне гэтае на погляд Максіма не адрозьнівалася ні прыгажосьцю, ні зручнасьцю, але яно было дакладна такое ж, як на незнаёмцы. Можна было меркаваць нават, што незнаёмы ахвяраваў сваё ўласнае запасное адзеньне, бо рукавы курткі былі кароткія, а штаны віселі ззаду мяшком і звальваліся. Зрэшты, усім астатнім прысутным выгляд Максіма ў новай вопратцы прыйшоўся па душы. Незнаёмы бурчаў нешта ўхвальна, Рыба, зьмякчыўшы рысы твару, наколькі гэта магчыма для ляшча, абгладжвала Максіму плечы і папраўляла на ім куртку, і нават Таршэр бледна ўсьміхаўся, хаваючыся за пультам.

— Хадземце, — сказаў незнаёмы і накіраваўся да дзьвярэй, у якія выкаціўся разьюшаны Бегемот.

— Да пабачэньня, — сказаў Максім Рыбе. — Дзякуй, — дадаў ён па-расейску.

— Да пабачэньня, — адказала Рыба. — Максім добры. Здаровы. Трэба.

Здаецца, яна была расчуленая. А можа быць, занепакоеная тым, што касьцюм кепска сядзіць. Максім махнуў рукой бледнаму Таршэру і пашыбаваў сьледам за незнаёмцам.

Яны прайшлі празь некалькі пакояў, застаўленых нязґрабнай архаічнай апаратурай, спусьціліся ў грукочучым і ляскаючым ліфце на першы паверх і апынуліся ў шырокім нізкім вэстыбюлі, куды некалькі дзён таму Гай прывёў Максіма. І як некалькі дзён таму, ізноў давялося чакаць, пакуль пішуцца нейкія паперы, пакуль сьмешны чалавечак у недарэчным галаўным уборы драпае нешта на ружовых блянках, чырванавокі незнаёмец драпае нешта на зялёных блянках, а дзяўчына з аптычнымі ўзмацьняльнікамі на вачах робіць на гэтых блянках ліловыя адбіткі, а потым усе мяняюцца блянкамі і адбіткамі, прычым заблытваюцца і крычаць адзін на аднаго, і хапаюцца за тэлефонны апарат, і нарэшце чалавечак у недарэчным галаўным уборы забірае сабе два зялёныя і адзін ружовы блянк, прычым ружовы блянк ён ірве напалову і палову аддае дзяўчыне, якая робіць адбіткі, а незнаёмы, у якога лупіцца скура, атрымлівае два ружовыя блянкі, сінюю тоўстую кардонку і яшчэ круглы мэталічны жэтон з выбітым на ім надпісам, і ўсё гэта яшчэ праз хвіліну аддае росламу чалавеку са сьветлымі ґузікамі, які стаіць ля выходных дзьвярэй за дваццаць мэтраў ад чалавечка ў недарэчным галаўным уборы, і калі яны ўжо выходзяць на вуліцу, рослы раптам прымаецца сіпла крычаць, і чырванавокі незнаёмец зноў вяртаецца, і высьвятляецца, што ён забыўся забраць сабе сіні кардонны квадрацік, і ён забірае сабе сіні кардонны квадрацік і з глыбокім уздыхам пхае кудысьці за пазуху. Толькі пасьля гэтага Максім, які пасьпеў прамокнуць, атрымлівае магчымасьць сесьці ў нерацыянальна доўгі аўтамабіль па правы бок ад чырванавокага, які раздражнёны, сапе і часта паўтарае любімае заклінаньне Бегемота — «масаракш».

Машына забурчала, мякка кранула зь месца, выбралася зь нерухомага статка іншых машын, пустых і мокрых, пракацілася па вялікай асфальтаванай пляцоўцы перад будынкам, абагнула велізарны кветнік з млявымі кветкамі, міма высокай жоўтай сьцяны, абсыпанай па версе бітым шклом, выкацілася да павароту на шашу і рэзка спынілася.

— Масаракш, — зноў прашыпеў чырванавокі і выключыў рухавік.

Па шашы цягнулася доўгая калёна аднолькавых плямістых грузавікоў з кузавамі з крыва скляпанага, гнутага жалеза. Над жалезнымі бартамі тырчалі шэрагі нерухомых круглявых прадмэтаў, што вільготна адсьвечвалі мэталам. Грузавікі рухаліся нетаропка, захоўваючы правільныя інтэрвалы, мерна клякочучы маторамі і распаўсюджваючы жудасны смурод арганічнага перагару.

Максім агледзеў дзьверцы са свайго боку, зразумеў, што да чаго, і падняў шкло. Чырванавокі, ня гледзячы на ​​яго, сказаў доўгую фразу, якая апынулася зусім незразумелай.

— Не разумею, — сказаў Максім.

Чырванавокі павярнуў да яго зьдзіўлены твар і, мяркуючы па інтанацыі, спытаў нешта. Максім паківаў галавой.

— Не разумею, — паўтарыў ён.

Чырванавокі як бы зьдзівіўся яшчэ больш, палез у кішэню, выцягнуў плоскую скрыначку, набітую доўгімі белымі палачкамі, адну палачку сунуў сабе ў рот, а астатнія прапанаваў Максіму. Максім зь ветлівасьці прыняў скрыначку і стаў яе разглядаць. Скрыначка была кардонная, ад яе востра пахла нейкімі сухімі расьлінамі. Максім узяў адну з палачак, адкусіў і плюнуў. Гэта была ня ежа.