Выбрать главу

Горад уразіў яго. Ён ціснуўся да зямлі, увесь рух тут ішоў альбо па зямлі, альбо пад зямлёю, гіганцкія прасторы паміж дамамі і над дамамі пуставалі, аддадзеныя дыму, дажджу і туману. Ён быў шэры, дымны, бескаляровы, нейкі ўсюды аднолькавы — не будынкамі сваімі, сярод якіх трапляліся даволі прыгожыя, не аднастайным кішэньнем натоўпаў на вуліцах, не бясконцай сваёй сырасьцю, ня дзіўнай безжыцьцёвасьцю суцэльнага каменьня і асфальту, — аднолькавы ў чымсьці найагульнейшым, найгалоўнейшым. Ён быў падобны на гіганцкі гадзіньнікавы мэханізм, дзе няма дэталяў, якія бы паўтараліся, але ўсё рухаецца, круціцца, счапляецца і расчапляецца ў адзіным вечным рытме, зьмяненьне якога азначае толькі адно: няспраўнасьць, паломку, спыненьне. Вуліцы з высокімі каменнымі будынкамі зьмяняліся вулачкамі з маленькімі драўлянымі хацінкамі; кішэньне натоўпаў зьмянялася велічнай пустатой шырокіх плошчаў; шэрыя, карычневыя і чорныя касьцюмы пад элегантнымі накідкамі зьмяняліся шэрым, карычневым і чорным рызьзём пад дранымі выцьвілымі плашчамі; раўнамерны манатонны гул зьмяняўся раптам дзікім радасным ровам сыгналаў, лямантам і сьпяваньнем; і ўсё гэта было ўзаемазьвязана, жорстка счэплена, здаўна зададзена нейкімі невядомымі ўнутранымі залежнасьцямі, і нішто ня мела самастойнага значэньня. Усе людзі былі на адзін твар, усе дзейнічалі аднолькава, і дастаткова было прыгледзецца і зразумець правілы пераходу вуліцаў, як ты губляўся, раствараўся сярод астатніх і мог рухацца ў натоўпе хоць тысячу гадоў, не прыцягваючы ніякай увагі. Верагодна, сьвет гэты быў досыць складаны і кіраваўся многімі законамі, але адзін — і галоўны — закон Максім ужо адкрыў для сябе: рабі тое самае, што робяць усе, і гэтак жа, як робяць усе. Упершыню ў жыцьці яму захацелася быць, як усе. (Ён бачыў асобных людзей, якія вядуць сябе ня так, як усе, і гэтыя людзі выклікалі ў яго і найжывейшую агіду — яны перлі напярэймы патоку, хістаючыся, хапаючыся за сустрэчных, асклізваючыся і падаючы, ад іх мярзотна і нечакана пахла, іх цураліся, але не чапалі, і некаторыя зь іх плястом ляжалі ля сьценаў пад дажджом.) І Максім рабіў, як усе. Разам з натоўпам ён увальваўся ў гулкія грамадзкія склады пад бруднымі шклянымі дахамі, разам з усімі спускаўся пад зямлю, уціскваўся ў перапоўненыя электрычныя цягнікі, імчаў кудысьці ў няўяўным грукаце і ляску, падхоплены патокам, зноў выходзіў на павярхоўнасьць, на нейкія новыя вуліцы, зусім такія ж, як старыя, патокі людзей падзяляліся, і тады Максім выбіраў адзін з патокаў і нёсься разам зь ім...

Потым наступіў вечар, запаліліся нямоцныя ліхтары, што віселі высока над зямлёй і амаль нічога не асьвятлялі, на вялікіх вуліцах было зусім цесна, і адступаючы перад гэтай цеснатой, Максім апынуўся ў нейкім напаўпустым і напаўцёмным завулку. Тут ён зразумеў, што на сёньня зь яго хопіць, і спыніўся.

Ён убачыў тры сьвятлівых залацістых шары, на якіх мігцеў сіні надпіс, сьвіты са шкляных газасьветлавых трубак, і дзьверы, які вялі ў паўпадвальнае памяшканьне. Ён ужо ведаў, што трыма залацістымі шарамі абазначаюцца, як правіла, месцы, дзе кормяць. Ён спусьціўся па шчарбатых прыступках і пабачыў залку зь нізкай стольлю, дзясятак пустых столікаў, падлогу, тоўста пасыпаную чыстым пілавіньнем, шкляны буфэт, застаўлены падсьветленымі бутэлькамі зь вясёлкавымі вадкасьцямі. У гэтым кафэ амаль нікога не было. За нікеліраваным бар’ерам каля буфэта павольна рухалася друзлая пажылая жанчына ў белай куртцы з закасанымі рукавамі; воддаль, за круглым столікам, сядзеў у нядбайнай позе маларослы, але дужы чалавек з бледным квадратным тварам і тоўстымі чорнымі вусамі. Ніхто тут не крычаў, не кішэў, не выпускаў наркатычных дымоў.

Максім увайшоў, абраў сабе столік у нішы падалей ад буфэта і сеў. Друзлая жанчына за бар’ерам паглядзела ў ягоны бок і нешта хрыпла гучна сказала. Вусаты чалавек таксама зірнуў на яго пустымі вачыма, адвярнуўся, узяў доўгую шклянку з празрыстай вадкасьцю, што стаяла перад ім, пасмакаваў і паставіў на месца. Дзесьці бразнулі дзьверы, і ў залцы зьявілася маладзенькая і мілая дзяўчына ў белым карункавым фартуху, знайшла Максіма вачыма, падышла, абаперлася пальцамі аб столік і стала глядзець па-над яго галавою. Яна мела чыстую пяшчотную скуру, лёгкі пушок на верхняй губе і прыгожыя шэрыя вочы. Максім галянтна дакрануўся пальцам да кончыка свайго носа і прамовіў: