— Максім.
Дзяўчына са зьдзіўленьнем паглядзела на яго, нібы толькі цяпер убачыла. Яна была такая мілая, што Максім мімаволі ўсьміхнуўся да вушэй, і тады яна таксама ўсьміхнулася, паказала сабе на нос і сказала:
— Рада.
— Добра, — сказаў Максім. — Вячэра.
Яна кіўнула і нешта спытала. Максім на ўсялякі выпадак таксама кіўнуў. Ён усьміхаючыся паглядзеў ёй усьлед — яна была тоненькая, лёгкая, і прыемна было згадаць, што ў гэтым сьвеце таксама ёсьць прыгожыя людзі.
Друзлая цётка каля буфэта вымавіла доўгую бурклівую фразу і зьнікла за сваім бар’ерам. Яны тут любяць бар’еры, падумаў Максім. Усюды ў іх бар’еры. Як быццам усё ў іх тут пад высокай напругай... Тут ён заўважыў, што вусаты глядзіць на яго. Непрыемна глядзіць, непрыязна. І калі прыгледзецца, то ён і сам нейкі непрыемны. Цяжка сказаць, у чым тут справа, але ён асацыюецца чамусьці ня тое з ваўком, ня тое з малпай. Ну й няхай. Ня будзем пра яго...
Рада зноў зьявілася і паставіла перад Максімам талерку з дымлівай кашай зь мяса і гародніны і тоўсты шкляны куфаль зь пеннай вадкасьцю.
— Добра, — сказаў Максім і запрашаюча пахлопаў па крэсьле побач з сабой. Яму вельмі захацелася, каб Рада пасядзела тут жа, пакуль ён будзе есьці, распавяла б яму што-небудзь, а ён бы паслухаў яе голас, і каб яна адчула, як яна яму падабаецца і як яму добра побач зь ёю.
Але Рада толькі ўсьміхнулася і пахістала галавой. Яна сказала нешта — Максім разабраў слова «сядзець» — і адышла да бар’ера. Шкада, падумаў Максім. Ён узяў двухзубы відэлец і пачаў есьці, спрабуючы з трыццаці вядомых яму словаў скласьці фразу, якая выказвае прыязнасьць, сымпатыю і патрэбу ў камунікаваньні.
Рада, прыхінуўшыся сьпіной да бар’ера, стаяла, скрыжаваўшы рукі на грудзях, і пазірала на яго. Кожны раз, калі вочы іх сустракаліся, яны ўсьміхаліся адзін аднаму, і Максіма некалькі здзіўляла, што ўсьмешка Рады з кожным разам станавілася ўсё бляднейшай і менш упэўненай. Ён адчуваў вельмі разнастайныя пачуцьці. Яму было прыемна глядзець на Раду, хоць да гэтага адчуваньня прымешваўся рост занепакоенасьці. Ён адчуваў задавальненьне ад ежы, якая выявілася нечакана смачнай і даволі сытнай. Адначасова ён адчуваў на сабе касы, цяжкі погляд вусатага чалавека і беспамылкова ўлоўліваў незадавальненьне друзлай цёткі, якое цякло з-за бар’ера... Ён асьцярожна адпіў з куфля — гэта было піва, халоднае, сьвежае, але, бадай, занадта моцнае. На аматара.
Вусаты нешта сказаў, і Рада падышла да яго століка. У іх пачалася нейкая прыглушаная размова, непрыемная і непрыязная, але тут на Максіма напала муха, і яму давялося ўступіць зь ёй у барацьбу. Муха была магутная, сіняя, нахабная, яна наскоквала, здавалася, з усіх бакоў адразу, яна гула і раўла, нібы прызнаваючыся Максіму ў каханьні, яна не хацела ляцець, яна хацела быць тут, зь ім і зь ягонай талеркай, хадзіць па іх, аблізваць іх, яна была напорыстая і шматслоўная. Скончылася ўсё тым, што Максім зрабіў неасьцярожны рух, і яна абрынулася ў піва. Максім грэбліва пераставіў кубак на іншы столік і стаў даядаць рагу. Падышла Рада і ўжо без усьмешкі, гледзячы ў бок, спытала нешта.
— Так, — сказаў Максім на ўсялякі выпадак. — Рада добрая.
Яна глянула на яго з адкрытым спалохам, адышла да бар’ера i вярнулася, несучы на сподачку маленькі кілішак з карычневай вадкасьцю.
— Смачна, — сказаў Максім, гледзячы на дзяўчыну ласкава і заклапочана. — Што дрэнна? Рада, сядзьце тут гаварыць. Трэба гаварыць. Ня трэба сыходзіць.
Гэтая старанна прадуманая прамова зрабіла на Раду нечакана благое ўражаньне. Максіму здалося нават, што яна вось-вось заплача. Ва ўсякім выпадку ў яе задрыжалі вусны, яна прашаптала нешта і ўцякла з залы. Друзлая жанчына за бар’ерам вымавіла некалькі абураных словаў. Нешта я ня так раблю, занепакоена падумаў Максім. Ён ніяк ня мог сабе ўявіць — што. Ён толькі разумеў: ні вусаты чалавек, ні друзлая жанчына ня хочуць, каб Рада зь ім «сядзець» і «гаварыць». Але паколькі яны відавочна не зьяўляліся прадстаўнікамі адміністрацыі і вартавымі законнасьці і паколькі ён, Максім, відавочна не парушаў ніякіх законаў, меркаваньне гэтых раззлаваных людзей не належала, верагодна, прымаць пад увагу.
Вусаты чалавек прамовіў нешта скрозь зубы, нягучна, але з зусім ужо непрыемнай інтанацыяй, залпам дапіў сваю шклянку, дастаў з-пад стала тоўсты паліраваны кій, падняўся і не сьпяшаючыся наблізіўся да Максіма. Ён сеў насупраць, паклаў кій упоперак стала і, ня гледзячы на Максіма, але зьвяртаючыся відавочна да яго, пачаў цадзіць павольныя цяжкія словы, часта паўтараючы «масаракш», і мова ягоная здавалася Максіму такой жа чорнай і адпаліраванай ад частага ўжываньня, як ягоны выродлівы кій, і ў мове гэтай была чорная пагроза, і выклік, і непрыязнасьць, і ўсё гэта неяк дзіўна замывалася абыякавасьцю інтанацыі, абыякавасьцю на твары і пустэчай бескаляровых ашклянелых вачэй.