Выбрать главу

— Не разумею, — сказаў Максім злосна.

Тады вусаты павольна павярнуў да яго белы твар, паглядзеў як бы наскрозь, павольна, паасобна задаў нейкае пытаньне і раптам спрытна выхапіў з кія доўгі бліскучы нож з вузкім лязом. Максім нават разгубіўся. Ня ведаючы, што сказаць і як рэагаваць, ён узяў са стала відэлец і пакруціў яго ў пальцах. Гэта зрабіла на вусатага нечаканае дзеяньне. Ён мякка, не ўстаючы, адскочыў, паваліўшы крэсла, недарэчна прысеў, выставіўшы перад сабой свой нож, вусы яго прыўзьняліся, і агаліліся жоўтыя доўгія зубы. Друзлая цётка за бар’ерам аглушальна завішчала, Максім ад нечаканасьці падскочыў. Вусаты раптам апынуўся зусім побач, але ў тую ж сэкунду аднекуль зьявілася Рада, устала паміж ім і Максімам, і пачала гучна і звонка крычаць — спачатку на вусатага, а потым, павярнуўшыся, — на Максіма. Максім зусім ужо нічога не разумеў, а вусаты раптам непрыемна заўсьміхаўся, узяў свой кій, схаваў у яго нож і спакойна пайшоў да выхаду. У дзьвярах ён павярнуўся, кінуў некалькі нягучных словаў і зьнік.

Рада, бледная, з дрыготкімі вуснамі, падняла паваленае крэсла, выцерла сурвэткай пралітую карычневую вадкасьць, забрала брудны посуд, аднесла, вярнулася і нешта сказала Максіму. Максім адказаў «так», але гэта не дапамагло. Рада паўтарыла тое ж самае, і голас у яе быў раздражнёны, хоць Максім адчуваў, што яна ня столькі ўзлаваная, колькі напалоханая. «Не», сказаў Максім, і зараз жа цётка за бар’ерам жудасна закрычала, затрэсла шчокамі, і тады Максім, нарэшце, прызнаўся: «Не разумею».

Цётка выскачыла з-за бар’ера, ані на сэкунду не перастаючы крычаць, падляцела да Максіма, устала перад ім, упёршы рукі ў бакі, і ўсё лямантавала, а потым схапіла яго за вопратку і пачала груба мацаць па кішэнях. Ашаломлены Максім не супраціўляўся. Ён толькі паўтараў: «Ня трэба» і жаласна паглядаў на Раду. Друзлая цётка штурхнула яго ў грудзі і, нібы прыняўшы нейкае страшнае рашэньне, панеслася назад да сябе за бар’ер і там схапіла тэлефонны навушнік. Максім зразумеў, што ў яго не аказалася ўсіх гэтых ружовых і зялёненькіх паперак зь ліловымі адбіткамі, безь якіх тут, відаць, нельга зьяўляцца ў грамадзкіх месцах.

— Фанк! — вымавіў ён пранікнёна. — Фанк дрэнна! Ісьці. Дрэнна.

Потым усё неяк нечакана разрадзілася. Рада сказала нешта друзлай жанчыне, тая кінула навушнік, паклякатала яшчэ трохі і супакоілася. Рада пасадзіла Максіма на ранейшае месца, паставіла перад ім новы куфаль зь півам і да яго неапісальнага задавальненьня і палёгкі села побач. Некаторы час усё ішло вельмі добра. Рада задавала пытаньні, Максім, зьзяючы ад задавальненьня, адказваў на іх: «не разумею», друзлая цётка бурчала ў аддаленьні, Максім, напружыўшыся, пабудаваў яшчэ адну фразу і абвясьціў, што «дождж ходзіць масаракш дрэнна туман», Рада залілася сьмехам, а потым прыйшла яшчэ адна маладзенькая і даволі сымпатычная дзяўчына, павіталася з усімі, яны з Радай выйшлі, і празь некаторы час Рада зьявілася ўжо без фартуха, у бліскучым чырвоным плашчы з капюшонам і зь вялікай клятчастай сумкай у руцэ.

— Хадзем, — сказала яна, і Максім ускочыў. Аднак так адразу сысьці не ўдалося. Друзлая цётка зноў падняла крык. Зноў ёй нешта не падабалася, зноў яна чагосьці патрабавала. На гэты раз яна размахвала пяром і лістком паперы. Некаторы час Рада спрачалася зь ёю, але падышла другая дзяўчына і ўстала на бок цёткі. Гаворка йшла пра нешта відавочнае, і Рада ў рэшце рэшт саступіла. Тады яны ўсе ўтрох прысталі да Максіма. Спачатку яны па чарзе і хорам задавалі адно і тое ж пытаньне, якога Максім, натуральна, не разумеў. Ён толькі разводзіў рукі. Затым Рада загадала ўсім замаўчаць, лёгенька паляпала Максіма па грудзях і спытала:

— Мак Сім?

— Максім, — паправіў ён.

— Мак? Сім?

— Максім. Мак — ня трэба. Сім — ня трэба. Максім.

Тады Рада прыставіла палец да свайго носіка і сказала:

— Рада Гаал. Максім...

Максім зразумеў, нарэшце, што ім чамусьці спатрэбілася ягонае прозьвішча, гэта было дзіўна, але значна больш яго зьдзівіла іншае.