— Гаал? — сказаў ён. — Гай Гаал?
Запанавала цішыня. Усе былі ўражаныя.
— Гай Гаал, — паўтарыў Максім узрадавана. — Гай добры мужчына.
Падняўся шум. Усе жанчыны гаварылі разам. Рада тармасіла Максіма і нешта пытала. Відавочна было, што яе страшна цікавіць, адкуль Максім ведае Гая. Гай, Гай, Гай — мільгала ў патоку незразумелых слоў. Пытаньне пра прозьвішча Максіма было забытае.
— Масаракш! — сказала, нарэшце, друзлая цётка і зарагатала, і дзяўчаты таксама засьмяяліся, і Рада ўручыла Максіму сваю клятчастую сумку, узяла яго пад руку, і яны выйшлі пад дождж.
Яны прайшлі да канца гэтую дрэнна асьветленую вулачку і зьвярнулі ў яшчэ менш асьветлены завулак з драўлянымі пакошанымі хатамі па баках бруднай маставой, няроўна выкладзенай брукаўцом; потым завярнулі яшчэ раз, крывыя вулачкі былі пустыя, аніводны чалавек не сустракаўся ім на шляху, за фіранкамі ў падсьлепаватых акенцах сьвяціліся рознакаляровыя абажуры, часам даносілася прыглушаная музыка, харавыя сьпевы дурнымі галасамі.
Спачатку Рада ажыўлена балбатала, часта паўтараючы імя Гая, а Максім усякі раз пацьвярджаў, што Гай — добры, але дадаваў па-расейску, што нельга біць людзей па твары, што гэта дзіўна і што ён, Максім, гэтага не разумее. Аднак па меры таго, як вуліцы станавіліся ўсё вужэй, цямней і слатней, гаворка Рады ўсё часьцей перарывалася. Часам яна спынялася і ўглядалася ў цемру, і Максім думаў, што яна выбірае сушэйшую дарогу, але яна шукала ў цемры нешта іншае, бо лужынаў яна ня бачыла, і Максіму даводзілася кожны раз адцягваць яе на сухія месцы, а там, дзе сухіх месцаў не было, ён браў яе пад паху і пераносіў — ёй гэта падабалася, кожны раз яна замірала ад задавальненьня, але тут жа забывала пра гэта, бо яна баялася.
Чым далей яны адыходзілі ад кафэ, тым больш яна баялася. Спачатку Максім спрабаваў знайсьці зь ёю нэрвовы кантакт, каб перадаць ёй трохі бадзёрасьці і ўпэўненасьці, але як і з Фанкам, гэта не атрымлівалася, і калі яны выйшлі з трушчобаў і апынуліся на зусім ужо бруднай, незабрукаванай дарозе, справа ад якой цягнуўся бясконцы мокры плот зь іржавым калючым дротам зьверху, а зьлева — непраглядная чорная смуродная пустка без адзінага агеньчыка, Рада зусім увяла, яна ледзь ня плакала, і Максім, каб хоць трошкі падняць настрой, пачаў на ўсё горла сьпяваць запар найвесялейшыя зь вядомых яму песень, і гэта дапамагло, але не надоўга, толькі да канца плоту, а потым зноў пацягнуліся дамы, доўгія, жоўтыя, двухпавярховыя, зь цёмнымі вокнамі, зь іх пахла астуджаным мэталам, арганічнай змазкай, яшчэ чымсьці душным і чадным, рэдка і мутна гарэлі ліхтары, а яшчэ далей, пад нейкай нікчэмнай глухой аркай стаялі нахохленыя мокрыя людзі, і Рада спынілася.
Яна ўчапілася ў яго руку і загаварыла перарывістым шэптам, яна была поўная страху за сябе і яшчэ больш — за яго. Шэпчучы, яна пацягнула яго назад, і ён слухаўся, думаючы, што ёй ад гэтага стане лепш, але потым зразумеў, што гэта проста безразважны акт адчаю, і ўпёрся. «Хадземце, — сказаў ён ёй ласкава. — Хадземце, Рада. Дрэнна няма. Добра». Яна паслухалася, як дзіця. Ён павёў яе, хоць і ня ведаў дарогі, і раптам зразумеў, што яна баіцца гэтых мокрых фігураў, і вельмі зьдзівіўся, таму што ў іх не было нічога страшнага і небясьпечнага — так сабе, звычайныя, скрукаваныя пад дажджом абарыгены, стаяць і трасуцца ад волкасьці. Спачатку іх было двое, потым аднекуль зьявіліся трэці і чацьвёрты з агеньчыкамі наркатычных палачак.
Максім ішоў па пустой вуліцы паміж жоўтымі дамамі прама на гэтыя фігуры, Рада ўсё цясьней тулілася да яго, і ён абняў яе за плечы. Яму раптам прыйшло ў галаву, што ён памыляецца, што Рада дрыжыць не ад страху, а проста ад холаду. У мокрых людзях не было зусім нічога небясьпечнага, ён прайшоў паўзь іх, паўз гэтых гарбаватых, даўгатварых, азяблых, з рукамі глыбока ў кішэнях, прытоптваючых, каб сагрэцца, убогіх, атручаных наркотыкам, і яны як быццам нават не заўважылі яго з Радай, нават не паднялі вачэй, хоць ён прайшоў так блізка, што чуў іх нездаровае, няроўнае дыханьне. Ён думаў, што Рада хоць цяпер супакоіцца, яны былі ўжо пад аркай, і раптам наперадзе, як з-пад зямлі, быццам аддзяліўшыся ад жоўтых сьцен, зьявіліся і ўсталі ўпоперак дарогі яшчэ чацьвёра, такіх жа мокрых і ўбогіх, але адзін зь іх быў з доўгім тоўстым кіем, і Максім пазнаў яго.
Пад аблупленым купалам недарэчнай аркі боўталася на скразьняку голая лямпачка, сьцены былі пакрытыя цьвільлю і расколінамі, пад нагамі быў парэпаны брудны цэмэнт з бруднымі сьлядамі многіх ног і аўтамабільных шын. Ззаду гулка затупалі, Максім азірнуўся — тыя чацьвёра даганялі, перарывіста і няроўна дыхаючы, не вымаючы рук з кішэняў, выплёўваючы на бягу свае агідныя наркатычныя палачкі... Рада здушана ўскрыкнула, адпусьціла яго руку, і раптам стала цесна. Максім апынуўся прыціснутым да сьцяны, вакол ушчыльную да яго стаялі людзі, яны не краналіся яго, яны трымалі рукі ў кішэнях, яны нават не глядзелі на яго, проста стаялі і не давалі яму рушыць, і цераз іхныя галовы ён убачыў, што двое трымаюць Раду за рукі, а вусаты падышоў да яе, нетаропка пераклаў кій у левую руку і правай рукой гэтак жа нетаропка і ляніва ўдарыў яе па шчацэ...