Гэта было настолькі дзіка і немагчыма, што Максім страціў адчуваньне рэальнасьці. Штосьці зрушылася ў яго ў сьвядомасьці. Людзі зьніклі. Тут было толькі два чалавекі — ён і Рада, а астатнія зьніклі. Замест іх нязґрабна і страшна тапталіся па брудзе жудасныя і небясьпечныя жывёлы. Ня стала гораду, ня стала аркі і лямпачкі над галавой — быў край непраходных гор, краіна Оз-на-Пандоры, была пячора, гнюсная пастка, зладжаная голымі плямістымі малпамі, і ў пячору абыякава глядзеў размыты жоўты месяц, і трэба было біцца, каб выжыць. І ён стаў біцца, як біўся тады на Пандоры.
Час паслухмяна затармазіўся, сэкунды сталі доўгімі-доўгімі, і на працягу кожнай можна было зрабіць вельмі шмат розных рухаў, нанесьці шмат удараў і бачыць усіх адразу. Яны былі непаваротлівыя, гэтыя малпы, яны прывыклі мець справу зь іншай дзічынай, напэўна, яны проста не пасьпелі зразумець, што памыліліся ў выбары, што лепш за ўсё ім было б уцякаць, але яны таксама спрабавалі біцца... Максім хапаў чарговага зьвера за ніжнюю сківіцу, рыўком задзіраў падатлівую галаву і біў рабром далоні па бледнай пульсуючай шыі, і адразу ж паварочваўся да наступнага, хапаў, задзіраў, сек, і зноў хапаў, задзіраў, сек — у воблаку смуроднага драпежнага дыханьня, у гулкай цішыні пячоры, у жоўтай сьлязьлівай паўцемры — і брудныя кіпцюры рванулі яго за шыю і сасьлізнулі, жоўтыя іклы глыбока ўпіліся ў плячо і таксама сасьлізнулі... побач ужо нікога не было, а да выхаду зь пячоры сьпяшаўся важак з дубінай, таму што ён, як усе важакі, валодаў найхутчэйшай рэакцыяй і першым зразумеў, што адбываецца, і Максім мімаходам пашкадаваў яго, наколькі павольная яго хуткая рэакцыя — сэкунды цягнуліся ўсё павольней, і хуткі на ногі важак ледзь перастаўляў ногі, і Максім, прасьлізнуўшы паміж сэкундамі, параўняўся зь ім і зарубіў яго на бягу, і адразу спыніўся... час зноў набыў нармальны цяг, пячора стала аркай, месяц — лямпачкай, а краіна Оз-на-Пандоры зноў ператварылася ў незразумелы горад на незразумелай плянэце, больш незразумелай, чым нават Пандора...
Максім стаяў, адпачываючы, яго апушчаныя рукі зудзелі. Ля ног яго цяжка варушыўся вусаты важак, кроў цякла з параненага пляча, і тут Рада ўзяла яго руку і, хліпнуўшы, правяла яго далоньню па сваім мокрым твары. Ён агледзеўся. На бруднай цэмэнтнай падлозе мяшкамі ляжалі целы. Ён машынальна палічыў іх — шасьцёра, уключаючы важака — і падумаў, што двое пасьпелі ўцячы. Яму быў невыказна прыемны дотык Рады, і ён ведаў, што паступіў так, як меўся паступіць, і зрабіў тое, што павінен быў зрабіць — ні кропляй больш, ні кропляй менш. Тыя, хто пасьпеў сысьці, — сышлі, ён не даганяў іх, хоць мог бы дагнаць — нават цяпер ён чуў, як панічна стукаюць іх чаравікі ў канцы тунэлю. А тыя, хто не пасьпеў сысьці, тыя ляжаць, і некаторыя зь іх памруць, а некаторыя ўжо мёртвыя, і ён разумеў цяпер, што гэта ўсё ж ткі людзі, а ня малпы і не панцырныя ваўкі, хоць дыханьне іх было смуродным, дотыкі — бруднымі, а намеры — драпежнымі і агіднымі. І ўсё-ткі ён адчуваў нейкае шкадаваньне і страту, нібы страціў нейкую чысьціню, нібы згубіў неад’емны кавалачак душы ранейшага Максіма, і ведаў, што ранейшы Максім зьнік назаўжды, і ад гэтага яму было трошкі горка, і гэта абуджала ў ім нейкі незнаёмы гонар...
— Хадзем, Максім, — ціхенька сказала Рада.
І ён паслухмяна пайшоў за ёю.
«Вы яго ўпусьцілі...»
— Карацей кажучы, вы яго ўпусьцілі.
— Я нічога ня мог зрабіць... Вы самі ведаеце, як гэта бывае...
— Каб вас чорт узяў, Фанк! Вам і ня трэба было нічога рабіць. Вам дастаткова было ўзяць з сабой шафёра.
— Я ведаю, што вінаваты. Але хто мог чакаць...
— Хопіць пра гэта. Якія захады вы зрабілі?
— Як толькі мяне выпусьцілі, я патэлефанаваў Мэгу. Мэгу нічога ня ведае. Калі ён вернецца, Мэгу зараз жа паведаміць мне... Далей, я ўзяў пад назіраньне ўсё вар’ятні... Ён ня можа сысьці далёка, яму проста не дадуць, ён занадта кідаецца ў вочы...