— Далей.
— Я падняў сваіх людзей у паліцыі. Я загадаў сачыць за ўсімі выпадкамі парушэньня парадку... аж да парушэньня правілаў вулічнага руху. У яго няма дакумэнтаў. Я распарадзіўся паведамляць мне аб усіх затрыманых без дакумэнтаў... У яго няма ніводнага шанцу схавацца, нават калі ён захоча... Па-мойму, гэта справа двух-трох дзён... Простая справа.
— Простая... Што магло быць прасьцей: сесьці ў машыну, зьезьдзіць у тэлецэнтр і прывезьці сюды чалавека... Але вы нават з гэтым ня справіліся.
— Вінаваты. Але такі зьбег абставінаў...
— Я сказаў, хопіць пра абставіны. Ён сапраўды падобны на вар’ята?
— Цяжка сказаць... Больш за ўсё ён, мабыць, падобны на дзікуна. На добра адмытага і дагледжанага горца. Але я лёгка ўяўляю сабе сытуацыю, у якой ён выглядае вар’ятам... І потым гэтая вечная ідыёцкая ўсьмешка, крэтынічны лепет замест нармальнае мовы... І ўвесь ён нейкі дурань...
— Зразумела. Я ўхваляю вашыя меры... І вось што яшчэ, Фанк... Зьвяжыцеся з падпольлем.
— Што?
— Калі вы ня знойдзеце яго ў набліжэйшыя дні, ён абавязкова знойдзецца ў падпольле.
— Не разумею, што рабіць дзікуну ў падпольле.
— У падпольле шмат дзікуноў. І не задавайце дурных пытаньняў, а рабіце, што я вам кажу. Калі вы выпусьціце яго яшчэ раз, я вас зволю.
— Другі раз я яго ня выпушчу.
— Рады за вас... Што яшчэ?
— Цікавы слых пра Пухіра.
— Пра Пухіра? Што менавіта?
— Прабачце, Вандроўнік... Калі дазволіце, я хацеў бы пра гэта шэптам, на вуха...
Частка другая. Гвардзеец
5
Скончыўшы інструктаж, пан ротмістр Чачу распарадзіўся:
— Капрале Гаал, застаньцеся. Астатнія вольныя.
Калі астатнія камандзіры сэкцыяў выйшлі, адзін за адным, у патыліцу адзін аднаму, пан ротмістр некаторы час разглядаў Гая, пагойдваючыся на крэсьле і насьвістваючы старадаўнюю жаўнерскую песьню «Суйміся, мамка». Пан ротмістр Чачу быў зусім не падобны на пана ротмістра Тоота. Ён быў прыземісты, цемнатвары, у яго была вялікая лысіна, ён быў значна старэйшы за Тоота, у нядаўнім мінулым — баявы афіцэр, танкіст, удзельнік васьмі прыморскіх інцыдэнтаў, уладальнік «Агністага Крыжа» і трох значкоў «За лютасьць у агні»; распавядалі пра ягоны фантастычны паядынак зь белай субмарынай, калі ягоны танк атрымаў прамое пападаньне і загарэўся, а ён працягваў страляць, пакуль ня страціў прытомнасьць ад страшных апёкаў; казалі, што на целе яго няма жывога месца, скрозь чужая перасаджаная скура, а на левай руцэ ў яго не хапала трох пальцаў. Ён быў прамы і грубы, як сапраўдны ваяка, і, ня ў прыклад стрыманаму пану ротмістру Тооту, ніколі не лічыў патрэбным хаваць свой настрой ні ад падначаленых, ні ад начальства. Калі ён быў вясёлы, уся брыгада ведала, што пан ротмістр Чачу сягоньня вясёлы, але ўжо калі ён быў не ў гуморы і насьвістваў «Суйміся, мамка»...
Гледзячы яму ў вочы статутным поглядам, Гай адчуваў роспач ад думкі, што яму нейкім невядомым пакуль чынам давялося засмуціць і раззлаваць гэтага выдатнага чалавека. Ён пасьпешліва перабраў у памяці свае ўласныя правіны і правіны гвардзейцаў сваёй сэкцыі, але нічога ня мог згадаць такога, што ўжо не было адсунутае нядбайным рухам бяспалай рукі і хрыплым, бурклівым: «Добра, на тое й гвардыя. Пляваць...»
Пан ротмістр перастаў сьвістаць і калыхацца.
— Не люблю балбатні і пісаніны, капрале, — сказаў ён. — Альбо ты рэкамэндуеш кандыдата Сіма, альбо ты яго не рэкамэндуеш. Што менавіта?
— Так, рэкамендую, пане ротмістру, — пасьпешліва сказаў Гай. — Але...
— Без «але», капрал! Рэкамэндуеш ці не рэкамэндуеш?
— Так, рэкамэндую.
— Тады як я павінен разумець гэтыя дзьве паперкі? — пан ротмістр нецярплівым рухам дастаў з нагруднай кішэні складзеныя паперы і разгарнуў іх на стале, прытрымваючы скалечанай рукой. — Чытаю: «Рэкамэндую вышэйадзначанага Мак Сіма, як адданага і здольнага...» — н-ну, тут усякая балбатня... — «для зацьвярджэньня ў высокім званьні кандыдата ў радавыя Баявое Гвардыі». А вось твая другая пісулька, капрале: «... У сувязі з вышэйпададзеным лічу сваім абавязкам зьвярнуць увагу камандаваньня на неабходнасьць дакладнай праверкі мінулага жыцьця азначанага кандыдата ў радавыя Баявое Гвардыі М. Сіма». Масаракш! Чаго ж табе ў рэшце рэшт трэба, капрале?
— Пане ротмістру! — усхвалявана сказаў Гай. — Але я сапраўды ў цяжкім становішчы! Я ведаю кандыдата Сіма як здольнага і адданага задачам Гвардыі грамадзяніна. Я ўпэўнены, што ён прынясе шмат карысьці. Але мне сапраўды не вядомае ягонае мінулае! Мала таго, ён сам яго ня памятае. Мяркуючы, што ў Гвардыі месца толькі крышталёва-чыстым...