Выбрать главу

— Так, так! — нецярпліва сказаў пан ротмістр. — Крышталёва-чыстым, без аглядкі адданым, да апошняй кроплі, усёй душой... Карацей кажучы, вось што, капрале. Адну з гэтых папер ты зараз жа забярэш і парвеш. Трэба ж цяміць. Я не магу зьявіцца да брыгадзіра зь дзьвюма паперкамі, альбо так, альбо не. Мы ў Гвардыі, а не на філязофскім факультэце, капрале! Дзьве хвіліны на роздум.

Пан ротмістр дастаў са стала тоўстую тэчку са справамі і з агідай кінуў яе перад сабой. Гай паныла паглядзеў на гадзіньнік. Было жудасна цяжка зрабіць гэты выбар. Ганебна і не па-гвардзейску было схаваць ад камандаваньня сваё недастатковае веданьне рэкамэндуемага, нават калі гаворка йшла пра Максіма. Але зь іншага боку, ганебна і не па-гвардзейску было ўхіляцца ад адказнасьці, узвальваючы рашэньне на пана ротмістра, які бачыў Максіма толькі два разы, ды й то ў ротным страі. Ну, добра. Яшчэ раз. За: горача і блізка да сэрца прыняў задачы Гвардыі па ліквідацыі наступстваў вайны і зьнішчэньню агентуры патэнцыйнага агрэсара; без сучка і задзірынкі прайшоў агляд у Дэпартаменце грамадзкага здароўя; будучы накіраваным панам ротмістрам Тоотом і панам штаб-лекарам Зогу ў нейкую сакрэтную ўстанову, відаць, для праверкі, праверку гэтую вытрымаў. (Праўда, гэта паказаньне самога Максіма, дакумэнты ён згубіў, але як жа інакш ён мог апынуцца не пад наглядам?); нарэшце, адважны, прыроджаны баец — у адзіночку расправіўся з бандай Пацукалова — сымпатычны, просты ў зносінах, лагодны, абсалютна бескарысьлівы. І наогул чалавек незвычайных здольнасьцяў. Супраць: зусім невядома, хто ён і адкуль; аб мінулым сваім альбо нічога ня памятае, альбо не жадае паведамляць... і ў яго няма ніякіх дакумэнтаў. Але ці так ужо ўсё гэта падазрона? Урад кантралюе толькі межы і цэнтральны раён. Дзьве траціны тэрыторыі краіны да гэтага часу загразаюць у анархіі, там голад, эпідэміі, народ адтуль бяжыць, і ўсе без дакумэнтаў, а маладыя нават ня ведаюць, што такое дакумэнты. І колькі сярод іх хворых, тых, што страцілі памяць, нават вырадкаў... У рэшце рэшт, галоўнае — што Максім ня вырадак...

— Ну, капрале? — вымавіў пан ротмістр, гартаючы паперы.

— Так, пане ротмістру, — адчайным голасам сказаў Гай. — Дазвольце...

Ён узяў свой рапарт аб праверцы Максіма і павольна разарваў яго.

— Пр-равільнае рашэньне! — гаркнуў пан ротмістр. — Вось гэта па-гвардзейску! Паперы, чарнілы, праверкі... Усё праверыць бой! Вось калі мы сядзем у нашыя машыны і рушым у зону атамных пастак, тады мы адразу ўбачым, хто наш, а хто — не.

— Так, — без асаблівай упэўненасьці сказаў Гай. Ён добра разумеў старога ваяку, але ня менш добра ён бачыў, што вэтэран вайны і герой прыморскіх інцыдэнтаў некалькі памыляецца, як усе вэтэраны і ўсе героі. Бой боем, а чысьціня чысьцінёй. Зрэшты, Максіма гэта ня тычыцца. Бо ж Максім чысты.

— Масаракш! — вымавіў пан ротмістр. — Дэпартамэнт здароўя яго прапусьціў, а астатняе — справа наша. — Прамовіўшы гэтую загадкавую фразу, ён сярдзіта паглядзеў на Гая і дадаў: — Гвардзеец сябру давярае цалкам, а калі не давярае, значыць, гэта ня сябар, гнаць яго ў шыю. Ты мяне зьдзівіў, капрал. Ну добра, марш да сваёй сэкцыі. Часу засталося мала... На апэрацыі я сам папільную за гэтым кандыдатам.

Гай стукнуў абцасамі і выйшаў. За дзьвярыма ён дазволіў сабе ўсьміхнуцца. Усё ж стары ваяка не ўтрымаўся і прыняў адказнасьць на сябе. Добрае заўсёды добра. Цяпер можна з чыстым сумленьнем лічыць Максіма сваім сябрам. Мака Сіма. Сапраўднае яго прозьвішча ня вымавіць. Ці то ён яго прыдумаў, пакуль быў у трызьненьні, ці то ўсё-ткі сапраўды ён родам з гэтых горцаў... як там звалі іхнага старажытнага цара... Зарэмчакбэшмусараі... Гай выйшаў на пляц і пашукаў вачыма сваю сэкцыю. Нястомны Пандзі ганяў хлопцаў празь верхняе акно макета трохпавярховага будынку. Хлопцы змакрэлі, і гэта было дрэнна, бо да апэрацыі заставалася ўсяго гадзіна.

— Зва-аро-от! — крыкнуў Гай яшчэ здалёк.

— Зва-арот! — закрычаў Пандзі. — Станавіся!

Сэкцыя хутка пастроілася. Пандзі скамандаваў «зважай», страявым крокам падышоў да Гая і далажыў:

— Пане капрале, сэкцыя займаецца пераадоленьнем штурмавога гарадка.

— Устаньце ў строй, — загадаў Гай, імкнучыся інтанацыяй выказаць незадавальненьне, як гэта цудоўна ўмеў рабіць капрал Сэрэмбэш. Ён прайшоўся перад строем, заклаўшы рукі за сьпіну, углядаючыся ў знаёмыя твары.

Шэрыя, блакітныя і сінія вочы, якія выказвалі гатоўнасьць выканаць любы загад і таму былі зьлёгку вылупленыя, сачылі за кожным ягоным рухам. Ён адчуў, наколькі яны блізкія і дарагія яму, гэтыя дванаццаць здаравенных хлопцаў — шасьцёра сапраўдных радавых Гвардыі на правым флянгу і шасьцёра кандыдатаў у радавыя — на левым, усе ў ладных чорных камбінэзонах з начышчанымі ґузікамі, усе ў бліскучых ботах з кароткімі халявамі, усе ў бэрэтах, зухавата ссунутых на правае брыво... Не, ня ўсё. Пасярэдзіне строю, на правым флянгу кандыдатаў вежай узвышаўся кандыдат Мак Сім, вельмі ладны хлопец, улюбёнец, як гэта ні сумна для камандзіра мець улюбёнцаў, але... гм... Тое, што ў яго ня вылупленыя яго дзіўныя карычневыя вочы — добра. Навучыцца з часам. Але вось... гм...