Выбрать главу

Гай падышоў да Максіма і зашпіліў яму верхні ґузік. Затым стаў на дыбачкі і паправіў бэрэт. Здаецца, усё... Зноў ён у страі расьцягнуў рот да вушэй... Ну, добра. Адвыкне. Кандыдат усё ж ткі, наймалодшы ў сэкцыі...

Каб захаваць бачнасьць справядлівасьці, Гай паправіў спражку ў суседа Максіма, хоць патрэбы ў гэтым не было. Потым ён зрабіў тры крокі назад і скамандаваў «спачні». Сэкцыя ўстала «спачнуць» — зьлёгку адставіла правую нагу і заклала рукі за сьпіну.

— Гвардзейцы, — сказаў Гай. — Сёньня мы ў складзе роты выступаем на рэгулярную апэрацыю па абясшкоджваньні агентуры патэнцыйнага праціўніка. Апэрацыя праводзіцца па схеме трыццаць тры. Паны сапраўдныя радавыя, несумненна, памятаюць свае абавязкі па гэтай схеме, панам жа кандыдатам, якія забываюцца зашпільваць ґузікі, я лічу карысным нагадаць. Сэкцыя атрымлівае адзін пад’езд. Сэкцыя дзеліцца на чатыры групы: тры тройкі і вонкавы рэзэрв. Тройкі ў складзе двух сапраўдных радавых і аднаго кандыдата, не падымаючы шуму, пасьлядоўна абыходзяць кватэры. Уступіўшы ў кватэру, кожная тройка дзейнічае наступным чынам: кандыдат ахоўвае парадны ўваход, другі радавы, ні на што не адцягваючыся, займае чорны ўваход, старэйшы выконвае агляд памяшканьняў. Рэзэрв з трох кандыдатаў на чале з камандзірам сэкцыі — у дадзеным выпадку са мною — застаецца ўнізе ў пад’ездзе з задачай, па-першае, нікога не выпускаць на час апэрацыі, па-другое, неадкладна аказаць дапамогу той тройцы, якой гэта спатрэбіцца. Склад троек і рэзэрву вам вядомы... Увага! — сказаў ён, адыходзячы яшчэ на крок. — На тройкі і рэзэрв — разьбярыся!

Адбыўся кароткі множны рух. Сэкцыя разабралася. Ніхто не памыліўся месцам, ніхто не счапіўся аўтаматамі, ніхто не пасьлізнуўся і не згубіў бэрэт, як гэта здаралася на мінулых занятках. На правым флянгу рэзэрву ўзвышаўся Максім і зноў ўсьміхаўся на поўны рот. У Гая раптам паўстала дзікая думка, што Максім глядзіць на ўсё гэта, як на пацешную гульню. Гэта было, вядома, ня так, бо так гэта быць не магло. Ва ўсім была вінаватая, несумненна, гэтая дурацкая ўсьмешачка...

— Някепска, — прабурчаў Гай у перайманьне капралу Сэрэмбэшу і прыхільна паглядзеў на Пандзі. Малайчына, стары, вымуштраваў хлопцаў. — Увага! — сказаў ён. — Сэкцыя, стройся!

Зноў кароткі множны рух, прыгожы сваёй выразнасьцю і бездакорнасьцю, і зноў сэкцыя стаяла перад ім адной шарэнгай. Добра! Проста выдатна! Нават унутры ўсё неяк халадзее. Гай зноў заклаў рукі за сьпіну і прайшоўся.

— Гвардзейцы, — сказаў ён. — Мы — апора і адзіная надзея дзяржавы ў гэты цяжкі час. Толькі на нас могуць без аглядкі пакласьціся ў сваёй вялікай справе Невядомыя Айцы. — Гэта была праўда, шчырая праўда, і было ў гэтым зачараваньне і адлучанасьць. — Хаос, народжаны злачыннай вайной, ледзь мінуў, але наступствы яго цяжка адчуваюцца да гэтага часу. Гвардзейцы, браты! У нас адна задача: з коранем вырваць усё тое, што вабіць нас назад, да хаосу. Вораг на нашых рубяжах ня дрэмле, неаднаразова і беспасьпяхова ён спрабаваў уцягнуць нас у новую вайну на сушы і на моры, і толькі дзякуючы мужнасьці і стойкасьці нашых братоў-жаўнераў краіна наша мае магчымасьць атрымліваць асалоду ад міру і спакою. Але ніякія намаганьні арміі не прывядуць да мэты, калі ня будзе зламаны вораг унутры. Зламаць ворага ўнутры — наша і толькі наша задача, гвардзейцы. У імя гэтага мы ідзем на многія ахвяры, мы парушаем спакой нашых маці, братоў і дзяцей, мы пазбаўляем заслужанага адпачынку сумленнага рабочага, сумленнага чыноўніка, сумленнага гандляра і прамыслоўца. Яны ведаюць, чаму мы вымушаныя ўрывацца ў іхныя хаты, і сустракаюць нас як сваіх найлепшых сяброў, як сваіх абаронцаў. Памятайце гэта і не давайце сабе захапіцца ў высакародным запале выкананьня сваёй задачы. Сябар — гэта сябар, а вораг — гэта вораг... Пытаньні ёсьць?

— Не! — раўнула сэкцыя ў дванаццаць глотак.

— Зваж-жай! Трыццаць хвілін на адпачынак і праверку рыштунку. Р-роскід!