Сэкцыя кінулася ўроссып, а затым гвардзейцы групамі па двое і па трое накіраваліся да казармы. Гай нетаропка пайшоў сьледам, адчуваючы прыемную спустошанасьць. Максім чакаў яго паводаль, загадзя ўсьміхаючыся.
— Давай пагуляем у словы, — прапанаваў ён.
Гай мысленна застагнаў. Абарваць бы яго, абарваць! Што можа быць ненатуральнейшым, чым кандыдат, шпендрык, што за паўгадзіны да пачатку апэрацыі прыстае з фамільярнасьцямі да капрала!
— Цяпер ня час, — па магчымасьці суха сказаў ён.
— Ты хвалюешся? — спытаў Максім спачувальна.
Гай спыніўся і падняў вочы да неба. Ну што рабіць, што рабіць? Аказваецца, абсалютна немагчыма цыкаць такога вось дабрадушнага наіўнага гіганта, ды яшчэ выратавальніка тваёй сястры, ды яшчэ — чаго граху таіць — чалавека, ва ўсіх адносінах, акрамя страявай, значна вышэйшага за цябе самога... Гай агледзеўся і сказаў умольна:
— Паслухай, Мак, ты ставіш мяне ў няёмкае становішча. Калі мы ў казарме, я твой капрал, начальнік, я загадваю — ты падпарадкоўваешся. Я табе сто разоў казаў...
— Але я ж гатовы падпарадкоўвацца, загадвай! — запярэчыў Максім. — Я ведаю, што такое дысцыпліна. Загадвай.
— Я ўжо загадаў. Займіся падгонкай рыштунку.
— Не, выбач мяне, Гай, ты загадаў ня так. Ты загадаў адпачываць і падганяць рыштунак, ты забыўся? Рыштунак я падагнаў, цяпер адпачываю. Давай пагуляем, я прыдумаў добрае слова...
— Мак, зразумей: падначалены мае права зьвяртацца да начальніка, па-першае, толькі па ўстаноўленай форме, а па-другое, выключна па службе.
— Так, я памятаю. Параграф дзевяць... Але ж гэта падчас службы. А зараз мы з табой адпачываем...
— Адкуль ты ўзяў, што я адпачываю? — спытаў Гай. Яны стаялі за макетам плоту з калючым дротам, і тут іх, дзякуй богу, ніхто ня бачыў: ніхто ня бачыць, як гэтая вежа прывалілася плячом да плоту і ўвесь час парываецца ўзяць свайго капрала за ґузік. — Я адпачываю толькі дома, але нават дома я ніякаму падначаленаму не дазволіў бы... Паслухай, адпусьці мой ґузік і зашпілі свой...
Максім зашпіліўся і сказаў:
— На службе адно, дома іншае. Навошта?
— Давай ня будзем пра гэта гаварыць. Мне надакучыла паўтараць табе адно і тое ж... Дарэчы, калі ты перастанеш усьміхацца ў страі?
— У статуце пра гэта ня сказана, — неадкладна адказаў Максім. — А што тычыцца паўтараць адно і тое ж, дык вось што. Ты не крыўдуй, Гай, я ведаю: ты не гаварэц... не прамоўнік...
— Хто?
— Ты не чалавек, які ўмее прыгожа прамаўляць.
— Аратар?
— Аратар... Так, не аратар. Але ўсё роўна. Ты сёньня зьвярнуўся да нас з прамовай. Словы правільныя, добрыя. Але калі ты дома казаў мне пра задачы Гвардыі і пра становішча краіны, гэта было вельмі цікава. Гэта было вельмі па-твойму. А тут ты ў сёмы раз гаворыш адно і тое ж, і ўсё не па-твойму. Вельмі дакладна. Вельмі аднолькава. Вельмі нудна. А? Не пакрыўдзіўся?
Гай не пакрыўдзіўся. То бок нейкая халодная іголачка кальнула яго самалюбства — да гэтага часу яму здавалася, што ён гаворыць гэтак жа пераканаўча і гладка, як капрал Сэрэмбэш ці нават пан ротмістр Тоот. Аднак, калі падумаць, капрал Сэрэмбэш і пан ротмістр таксама паўтаралі ўсё адно і тое ж на працягу трох гадоў. І ў гэтым няма нічога дзіўнага і тым больш ганебнага — бо за гэтыя тры гады ніякіх істотных зьменаў ва ўнутраным і ў вонкавым становішчы не адбылося...
— А дзе гэта сказана ў статуце, — спытаў Гай, насьміхаючыся, — каб падначалены рабіў заўвагі свайму начальніку?
— Там сказана супрацьлеглае, — з уздыхам прызнаўся Максім. — На маю думку, гэта няправільна. Ты ж слухаеш мае парады, калі вырашаеш задачы па балістыцы, і ты слухаеш мае заўвагі, калі памыляешся ў вылічэньнях.
— Гэта дома! — пранікнёна сказаў Гай. — Дома ўсё можна.
— А калі на стрэльбах ты няправільна даеш нам прыцэл? Дрэнна ўлічыў папраўку на вецер. А?
— Ні ў якім разе, — цьвёрда сказаў Гай.
— Страляць няправільна? — зьдзівіўся Максім.
— Страляць, як загадана, — строга сказаў Гай. — За гэтыя дзесяць хвілін, Мак, ты нагаварыў сутак на пяцьдзесят карцара. Разумееш?
— Не, не разумею... А калі ў баі?
— Што — у баі?
— Ты даеш няправільны прыцэл. А?
— Гм... — сказаў Гай, які яшчэ ніколі ў баі не камандаваў. Ён раптам згадаў, як капрал Бахту падчас разьведкі боем заблытаўся ў карце, загнаў сэкцыю пад кінжальны агонь суседняй роты, сам там застаўся і палову сэкцыі паклаў, а мы ж ведалі, што ён заблытаўся, але ніхто не падумаў яго паправіць.