Выбрать главу

Божа, зразумеў раптам Гай, ды нам бы і ў галаву не прыйшло, што можна яго паправіць. Загад камандзіра — закон, і нават больш за закон — законы ўсё-ткі часам абмяркоўваюцца, а загад абмяркоўваць нельга, загад абмяркоўваць дзіка, шкодна, проста небясьпечна, нарэшце... А ён жа гэтага не разумее, і нават ня тое што не разумее — разумець тут няма чаго, — а проста не прызнае. Колькі разоў ужо так было: бярэ відавочную рэч і не прымае яе, і ніяк яго не пераканаеш, і нават наадварот — сам пачынаеш сумнявацца, галава ідзе кругам, і прыходзіш у поўнае ачмурэньне... Не, ён усё ж ткі не звычайны чалавек... рэдкі, небывалы чалавек... Мову вывучыў за месяц. Грамату адолеў за два дні. Яшчэ ў два дні перачытаў усё, што ў мяне ёсьць. Матэматыку і мэханіку ведае лепш за паноў выкладчыкаў, а ў нас жа на курсах выкладаюць сапраўдныя спэцыялісты. Ці вось узяць дзядзечку Каана...

Апошнім часам стары ўсе свае маналёгі за сталом зьвяртаў выключна да Максіма. Больш за тое, ён ня раз ужо даў зразумець, што Максім зьяўляецца, бадай, адзіным чалавекам, які ў наш цяжкі час праяўляе такія здольнасьці і такую цікавасьць да выкапнёвых жывёлаў. Ён маляваў Максіму на паперцы нейкіх жудасных зьвяроў, і Максім маляваў яму на паперцы нейкіх яшчэ жудасьнейшых зьвяроў, і яны спрачаліся, які з гэтых зьвяроў старажытнейшы і хто ад каго пайшоў, і чаму гэта здарылася, у ход ішлі навуковыя кнігі зь дзядзечкавай бібліятэкі, і ўсё роўна, бывала, што Максім не даваў старому рота адкрыць, прычым Гай з Радай не разумелі ні слова з таго, што гаварылася, а дзядзечка то крычаў да хрыпаты, то рваў на шматкі малюнкі і таптаў іх нагамі, называючы Максіма невукам, горш за дурня Шапшу, то раптам прымаўся разьюшана часаць абедзьвюма рукамі рэдзенькія сівыя валасы на патыліцы і мармытаў з узрушанай усьмешкай: «сьмела, масаракш, сьмела... У вас ёсьць фантазія, малады чалавек!» Асабліва запомніўся Гаю адзін вечар, калі старога громам ударыла заява Максіма, быццам некаторыя з гэтых дапатопных стварэньняў перасоўваліся на задніх нагах, гэтая заява, відаць, вельмі проста і натуральна вырашала нейкую доўгую, яшчэ даваенную спрэчку...

Матэматыку ён ведае, мэханіку ён ведае, ваенную хімію ён ведае цудоўна, палеанталёгію — божа, ды каму ў наш час вядомая палеанталёгія! — палеанталёгію ён таксама ведае... Малюе як мастак, сьпявае як артыст... і добры, ненатуральна добры. Разагнаў і перабіў бандытаў, адзін — васьмярых, голымі рукамі, іншы б на яго месцы хадзіў пеўнем, на ўсіх паплёўваў, а ён — пакутаваў, ночы ня спаў, засмучаўся, калі яго хвалілі і яму дзякавалі, а потым аднойчы выбухнуў: увесь пабялеў і крыкнуў, што гэта несумленна — хваліць за забойства... Божа, гэта ж якая праблема была — угаварыць яго ў Гвардыю! Усё разумее, з усім згодны, хоча, але ж там, кажа, давядзецца страляць. У людзей. Я яму кажу: у вырадкаў, а не ў людзей, у адкіды, горш за бандытаў... Дамовіліся, дзякуй богу, што спачатку, пакуль не прывыкне, будзе проста абяззбройваць іх... І сьмешна, і страшна неяк. Не, нездарма ён усё прагаворваецца, быццам прыйшоў зь іншага сьвету. Ведаю я гэты сьвет. Нават кніга пра гэта ёсьць у дзядзечкі. «Туманная краіна Зартак». Ляжыць, маўляў, на ўсходзе ў гарах даліна Зартак, дзе жывуць шчасьлівыя людзі... Па апісаньні — усе яны там такія, як Максім. І вось што дзіўна: калі хто-небудзь зь іх пакіне сваю даліну, то адразу забывае, адкуль ён родам і што зь ім было раней, памятае толькі, што зь іншага сьвету... Дзядзька, праўда, кажа, што ніякай такой даліны няма, усё гэта выдумка, ёсьць толькі хрыбет Зартак, а потым, кажа, у тую вайну дзеўбанулі па гэтым хрыбце супэрбомбамі, так што ў горцаў там на ўсё жыцьцё памяць адшыбла...

— Ты чаму маўчыш? — спытаў Максім. — Ты пра мяне думаеш?

Гай адвёў вочы.

— Ты вось што... — сказаў ён. — Я цябе толькі аб адным прашу: у інтарэсах дысцыпліны ніколі не паказвай віду, што ты больш за мяне ведаеш. Глядзі, як паводзяць сябе іншыя, і паводзь сябе дакладна гэтак жа.

— Я намагаюся, — сумна сказаў Максім. Ён падумаў трохі і дадаў: — Цяжка прывыкнуць. У нас усё гэта ня так.

— А як твая рана? — спытаў Гай, каб зьмяніць тэму.

— Мае раны гояцца хутка, — разгублена сказаў Максім. — Слухай, Гаю, давай пасьля апэрацыі паедзем прама дахаты. Ну, што ты так глядзіш? Я вельмі засумаваў па Радзе. А ты не? Хлопцаў мы завязем у казарму, а потым на грузавіку паедзем дахаты. Шафёра адпусьцім...

Гай набраў у грудзі паболей паветра, але тут серабрыстая скрыня гучнагаварыцеля на слупе амаль над іх галовамі зараўла, і голас дзяжурнага па брыгадзе скамандаваў:

— Шостая рота, выходзь строіцца на пляц! Увага, шостая рота...

І Гай толькі раўнуў: