— Кандыдат Сім! Спыніць размовы, марш на пастраеньне! — Максім ірвануўся, але Гай злавіў яго за ствол аўтамата. — Я цябе вельмі прашу, — сказаў ён. — Як усе! Трымайся, як усе! Сёньня сам ротмістр будзе за табой назіраць...
Праз тры хвіліны рота пастроілася. Ужо сьцямнела, над пляцам успыхнулі пражэктары. Ззаду строю мякка бурчалі рухавікамі грузавікі. Як заўсёды перад апэрацыяй, пан брыгадзір у суправаджэньні пана ротмістра Чачу моўчкі абышоў строй, аглядаючы кожнага гвардзейца. Ён быў спакойны, вочы прыжмураныя, куткі вуснаў ветліва прыўзьнятыя. Потым, так нічога і не сказаўшы, ён кіўнуў пану ротмістру і пайшоў. Пан ротмістр, перавальваючыся і памахваючы скалечанай рукой, выйшаў перад строем і павярнуў да гвардзейцаў свой цёмны, амаль чорны твар.
— Гвардзейцы! — каркнуў ён голасам, ад якога ў Гая пайшлі мурашкі па скуры. — Перад намі справа. Выканаем яе годна... Увага, рота! Па машынах! Капрале Гаал, да мяне!
Калі Гай падбег і выцягнуўся перад ім, пан ротмістр сказаў нягучна:
— Вашая сэкцыя мае спэцыяльнае заданьне. Па прыбыцьці на месца з машыны не выходзіць. Камандаваць буду я сам.
6
У грузавіка былі агідныя амартызатары, і гэта вельмі адчувалася на агідным бруку. Кандыдат Мак Сім, заціснуўшы аўтамат паміж каленямі, дбайна прытрымліваў Гая за паясную дзягу, вырашыўшы, што капралу, які так клапоціцца пра аўтарытэт, не да твару лунаць над лаўкамі, падобна якому-небудзь кандыдату Зойзе. Гай не пярэчыў, а можа быць ён і не заўважаў паслужлівасьці свайго падначаленага. Пасьля размовы з ротмістрам Гай быў чымсьці моцна заклапочаны, і Максім радаваўся, што па раскладзе ім давядзецца быць побач, і ён зможа дапамагчы, калі спатрэбіцца.
Грузавікі абмінулі Цэнтральны Тэатр, доўга каціліся ўздоўж сьмярдзючага канала Новага Жыцьця, потым зьвярнулі па доўгай, пустой у гэтую гадзіну Завадзкой вуліцы і пачалі калясіць крывымі завулачкамі рабочага прадмесьця, дзе Максім яшчэ ніколі не бываў. А пабываў ён за апошні час у многіх месцах і вывучыў горад ґрунтоўна, па-гаспадарску. Ён наогул шмат даведаўся за гэтыя сорак зь лішнім дзён і разабраўся, нарэшце, у становішчы. Становішча выявілася вычварнейшым і значна менш суцяшальным, чым ён думаў.
Ён яшчэ карпеў над букваром, калі Гай прыстаў да яго з пытаньнем, адкуль ён, Максім, узяўся. Малюнкі не дапамагалі. Гай успрымаў іх зь нейкай дзіўнай усьмешкай і працягваў паўтараць усё тое ж пытаньне: «Адкуль ты?» Тады Максім у раздражненьні ткнуў пальцам у столь і сказаў: «Зь неба». Да яго зьдзіўленьня Гай знайшоў гэта цалкам натуральным і стаў з пытальнай інтанацыяй сыпаць нейкімі словамі, якія Максім спачатку прыняў за назвы плянэтаў мясцовай сыстэмы. Але Гай разгарнуў мапу сьвету ў мэркатарскай праекцыі, і тут высьветлілася, што гэта зусім ня назвы плянэтаў, а назвы краінаў-антыподаў. Максім паціснуў плячыма, прамовіў усё вядомыя яму выразы адмаўленьня і стаў вывучаць мапу, так што размова на гэтым часова спынілася.
Увечары дні праз два Максім і Рада глядзелі тэлевізар. Ішла нейкая вельмі дзіўная перадача, нешта накшталт кінафільму без пачатку і канца, бяз пэўнага сюжэту, зь бясконцай колькасьцю дзеючых асоб — даволі жудасных асоб, якія дзейнічалі даволі дзіка з пункту гледжаньня любога гуманойда. Рада глядзела зь цікавасьцю, ускрыквала, хапала Максіма за рукаў, два разы паплакала, а Максім хутка засумаваў і задрамаў быў пад паныла-пагрозьлівую музыку, як раптам на экране мільганула нешта знаёмае. Ён нават вочы працёр. На экране была Пандора, пануры тахорг цягнуўся праз джунглі, расьціскаючы дрэвы, і раптам зьявіўся Алег з маяком у руках, вельмі засяроджаны і сур’ёзны, ён адступаў назад, спатыкнуўся аб корч і паляцеў сьпіной прама ў балота. Зь велізарным зьдзіўленьнем Максім пазнаў уласную мэнтаграму, а потым яшчэ адну, і яшчэ, але не было ніякіх камэнтароў, грала ўсё тая ж музыка, і Пандора зьнікла, саступіўшы месца сьляпому сухарляваму чалавеку, які поўз па столі, шчыльна зацягнутай пыльным павуціньнем. «Што гэта?» — спытаў Максім, тыкаючы пальцам у экран. «Перадача, — нецярпліва сказала Рада. — Цікава. Глядзі». Ён так і не дамогся толку, і ў галаву яму прыйшла думка пра многія дзесяткі разнастайных прышэльцаў, што добрасумленна згадваюць свае сьветы. Аднак, ён хутка адмовіўся ад гэтай думкі: сьветы былі занадта страшныя і аднастайныя — глухія душныя пакойчыкі, бясконцыя калідоры, застаўленыя мэбляй, якая раптам прарастала гіганцкімі калючкамі; сьпіральныя сходы, якія вінтом сыходзілі ў непраглядную цемру вузкіх калодзежаў; закратаваныя сутарэньні, дзе нібы чарвякі ў банцы варушыліся тупыя целы, між якіх вызіралі хваравіта-нерухомыя твары, як на карцінах Гераніма Босха, — гэта было больш падобна на недарэчную фантазію, чым на рэальныя сьветы. На фоне гэтых прывідаў мэнтаграмы Максіма яскрава зьзялі рэалізмам, які з-за тэмпэрамэнту Максіма пераходзіў у рамантычны натуралізм. Такія перадачы паўтараліся амаль кожнага дня, называліся яны «Чароўнае падарожжа», але Максім так да канца і не зразумеў, у чым іх соль. У адказ на ягоныя пытаньні Гай і Рада зьдзіўлена паціскалі плячыма і казалі: «Перадача. Каб было цікава. Чароўнае падарожжа. Казка. Ты глядзi, глядзі! Бывае сьмешна, бывае страшна». І ў Максіма зарадзіліся самыя сур’ёзныя сумневы ў тым, што мэтай дасьледаваньняў прафэсара Бегемота быў кантакт і што наогул гэтыя дасьледаваньні былі дасьледаваньнямі.