Не, чаму ж... — разгублена думаў ён. Зьявілася вялікая малпа, бачыць — мяне няма, забралася ўсярэдзіну, падняла палубу — сам я ня ведаю, як гэта робіцца, але яна сьцяміла, кемлівая такая была малпа, шасьціпалая, — падняла, значыць, палубу... Што там у караблях пад палубай? Словам, знайшла яна акумулятары, узяла вялікі камень — і трах!... Вельмі вялікі камень, тоны ў тры вагой, — і з размаху... Здаравенная такая малпа... даканала яна ўсё ж ткі мой карабель сваімі камянямі — два разы ў стратасфэры і вось тут... Дзіўная гісторыя... Такога, здаецца, яшчэ не было. Што ж мне, аднак, цяпер рабіць? Пачнуць шукаць мяне, вядома, хутка, але нават калі пачнуць, то наўрад ці падумаюць, што такое магчыма: карабель загінуў, а пілёт цэлы... Што ж цяпер будзе? Мама... Бацька... Настаўнік...
Ён павярнуўся сьпіной да пажару і пайшоў прэч. Ён хутка ішоў уздоўж ракі; усе вакол было азорана чырвоным сьвятлом; наперадзе мітусіўся, скарачаючыся і выцягваючыся, ягоны цень на траве. Справа пачаўся лес, рэдкі, з пахам гнілі, трава зрабілася мяккай і вільготнай. Дзьве вялікія начныя птушкі з шумам вырваліся з-пад ног і нізка над вадой пацягнулі на той бок. Ён мелькам падумаў, што агонь можа нагнаць яго, і тады давядзецца сыходзіць ўплаў і гэта будзе малапрыемна; але чырвонае сьвятло раптам патухла і згасла зусім, і ён зразумеў, што супрацьпажарныя прылады, у адрозьненьне ад яго, разабраліся ўсё ж такі, што да чаго, і выканалі сваё прызначэньне з уласьцівай ім стараннасьцю. Ён жыва ўявіў сабе закапцелыя аплаўленыя балёны, што недарэчна тырчалі пасярод гарачых абломкаў, выпускалі цяжкія аблокі пірафагу і былі вельмі сабой задаволеныя...
Спакойна, думаў ён. Галоўнае — не пароць гарачку. Час ёсьць. Уласна кажучы, у мяне процьма часу. Яны могуць шукаць мяне да бясконцасьці: карабля няма, і знайсьці мяне немагчыма. А пакуль яны не зразумеюць, што адбылося, пакуль не пераканаюцца канчаткова, пакуль ня будуць цалкам упэўненыя, маме яны нічога не паведамяць... А я ўжо тут што-небудзь прыдумаю.
Ён мінуў невялікую халаднаватую твань, прадзёрся праз хмызьняк і апынуўся на дарозе, на старой патрэсканай бэтоннай дарозе, якая сыходзіла ў лес. Ён падышоў да краю абрыву, ступаючы па бэтонных плітах, і ўбачыў іржавыя, аброслыя ўюном фэрмы, рэшткі нейкага буйнога рашэцістага збудаваньня, напалову пагружаныя ў ваду, а на тым баку — працяг дарогі, ледзь адрозны пад фасфарасцэнтным небам. Па-відаць, тут калісьці быў мост. І па-відаць, гэты мост камусьці перашкаджаў, і яго звалілі ў раку, з-за чаго ён ня стаў ні прыгажэй, ні зручней. Максім сеў на край абрыву і спусьціў ногі. Ён абсьледаваў сябе знутры, пераканаўся, што гарачкі ня порыць, і стаў разважаць.
Галоўнае я знайшоў. Вось табе дарага. Дрэнная дарога, грубая дарога і да таго ж старадаўняя дарога, але ўсё-ткі гэта дарога, а на ўсіх населеных плянэтах дарогі вядуць да тых, хто іх будаваў. Што мне трэба? Ежы мне ня трэба. Гэта значыць я б паеў, але гэта працуюць дрымучыя інстынкты, якія мы зараз здушым. Вада мне спатрэбіцца не раней чым праз суткі. Паветра хапае, хоць я хацеў бы, каб у атмасфэры было паменш вуглекіслаты і радыёактыўнага бруду. Так што нічога нізінавага мне ня трэба. А патрэбны мне невялікі, прама скажам, прымітыўны нуль-перадатчык са сьпіральным ходам. Што можа быць прасьцей за прымітыўны нуль-перадатчык? Толькі прымітыўны нуль-акумулятар... Ён зажмурыўся, і ў памяці выразна праступіла схема перадатчыка на пазытронных эмітарах. Былі б у яго дэталі, ён сабраў бы гэтую штуку адным скокам, з заплюшчанымі вачыма. Ён некалькі разоў у думках прарабіў зборку, а калі расплюшчыў вочы, перадатчыка не было. І нічога не было. Рабінзон, падумаў ён зь некаторай нават цікавасьцю. Максім Круза. Трэба ж, нічога ў мяне няма. Шорты без кішэняў і кеды. Але затое востраў у мяне — населены... А раз востраў населены, значыць, заўсёды застаецца надзея на прымітыўны нуль-перадатчык. Ён старанна думаў пра нуль-перадатчык, але ў яго дрэнна атрымлівалася. Ён увесь час бачыў маму, як ёй паведамляюць: «Ваш сын прапаў бязь вестак», і які ў яе твар, і як бацька трэ сабе шчокі і разгублена азіраецца, і як ім холадна і пуста... Не, сказаў ён сабе. Пра гэта думаць не дазваляецца. Пра што заўгодна, толькі не пра гэта, інакш у мяне нічога не атрымаецца. Загадваю і забараняю. Загадваю ня думаць і забараняю думаць. Усё. Ён падняўся і пайшоў па дарозе.