З гісторыяй справа была кепскай. Гай меў зь яе толькі адрывістыя зьвесткі, а сур’ёзных кніг у яго не было. У гарадзкой бібліятэцы сур’ёзных кніг не аказалася таксама. Але можна было зразумець, што краіна, якая прытуліла Максіма, аж да апошняй разбуральнай вайны была значна шырэйшай і кіравалася купкай бясталентных фінансыстаў і звыраднелых арыстакратаў, якія ўвагналі народ у галечу, разлажылі дзяржаўны апарат карупцыяй і ў рэшце рэшт улезьлі ў вялікую каляніяльную вайну, разьвязаную суседзямі. Вайна гэтая ахапіла ўвесь сьвет, загінулі мільёны і мільёны, былі разбураныя тысячы гарадоў, дзесяткі малых дзяржаваў аказаліся зьмеценымі з твару зямлі, у сьвеце і ў краіне запанаваў хаос. Надышлі дні жорсткага голаду і эпідэміяў. Спробы народных паўстаньняў кучка эксплюататараў душыла ядзернымі снарадамі. Краіна і сьвет ішлі да загібелі. Становішча выратавалі Невядомыя Айцы. Мяркуючы па ўсім, гэта была ананімная група маладых афіцэраў генэральнага штабу, якія аднаго цудоўнага дня, маючы ўсяго дзьве дывізіі, вельмі незадаволеныя тым, што іх накіроўваюць у атамную мясарубку, арганізавалі путч і захапілі ўладу. Гэта здарылася дваццаць чатыры гады таму. З тых часоў становішча ў значнай ступені стабілізавалася, і вайна сьціхла неяк сама сабой, хоць міру ніхто ні з кім не заключаў. Энэргічныя ананімныя кіраўнікі навялі адносны парадак, жорсткімі мерамі ўпарадкавалі эканоміку — прынамсі, у цэнтральных раёнах — і зрабілі краіну такой, якая яна цяпер. Узровень жыцьця павысіўся вельмі значна, побыт увайшоў у мірную каляіну, грамадзкая мараль паднялася да небывалай у гісторыі вышыні, і ўвогуле ўсё стала добра. Максім зразумеў, што палітычны лад краіны вельмі далёкі ад ідэальнага і ўяўляе сабой нейкую разнавіднасьць ваеннай дыктатуры. Аднак ясна было, што папулярнасьць Невядомых Айцоў надзвычай вялікая, прычым ва ўсіх плястах грамадзтва. Эканамічная аснова гэтай папулярнасьці засталася Максіму незразумелай: як ні кажы, а паўкраіны яшчэ ляжыць у руінах, ваенныя выдаткі велізарныя, пераважная большасьць насельніцтва жыве больш чым сьціпла... Але справа была, відавочна, у тым, што ваенная вярхушка здолела ўтаймаваць апэтыты прамыслоўцаў, чым заваявала папулярнасьць у працоўных, і прывяла ў падпарадкаваньне працоўных, чым заваявала папулярнасьць у прамыслоўцаў. Зрэшты, гэта былі толькі здагадкі. Гаю, напрыклад, такая пастаноўка пытаньня наогул здавалася дзіўнай: грамадзтва было для яго адзіным арганізмам, супярэчнасьцяў паміж сацыяльнымі групамі ён уявіць сабе ня мог...
Зьнешняе становішча краіны працягвала заставацца вельмі напружаным. На поўнач ад яе разьмяшчаліся дзьве вялікія дзяржавы — Хонці і Пандэя — былыя ня тое правінцыі, ня тое калёніі. Пра гэтыя краіны ніхто нічога ня ведаў, але было вядома, што абедзьве краіны маюць самыя агрэсыўныя намеры, бесьперапынна засылаюць дывэрсантаў і шпіёнаў, арганізуюць інцыдэнты на межах і рыхтуюць вайну. Мэта гэтай вайны была Гаю незразумелая, ды ён ніколі й не задаваўся такім пытаньнем. На поўначы былі ворагі, з агентурай ён біўся насьмерць, і гэтага яму было цалкам дастаткова.
На поўдні, за памежнымі лясамі, ляжала выпаленая ядзернымі выбухамі пустыня, што ўтварылася на месцы цэлай групы краінаў, якія прымалі ў ваенных дзеяньнях найбольш актыўны ўдзел. Пра тое, што адбываецца на гэтых мільёнах квадратных кілямэтраў, таксама не было вядома нічога, ды гэта нікога й не цікавіла. Паўднёвыя межы падвяргаліся бесьперапынным нападам калясальных ордаў паўдзікуноў-вырадкаў, якімі кішэлі лясы за ракой Блакітная Зьмяя. Праблема паўднёвых межаў лічылася ледзь не найважнейшай. Там было вельмі цяжка, і менавіта там канцэнтраваліся адборныя часткі Баявое Гвардыі. Гай праслужыў на Поўдні тры гады і распавядаў неверагодныя рэчы.