Выбрать главу

На поўдзень ад пустыні, на другім канцы адзінага мацерыка плянэты, таксама маглі захавацца нейкія дзяржавы, але яны не давалі пра сябе ведаць. Затое пастаянна і непрыемна давала пра сябе ведаць так званая Астраўная Імпэрыя, якая замацавалася на двух магутных архіпэлягах іншага паўшар’я. Сусьветны Акіян належаў ёй. Радыёактыўныя воды баразьніў велізарны флёт падводных лодак, з выклікам афарбаваных у сьнежна-белы колер, абсталяваных па апошнім слове зьнішчальнай тэхнікі, з бандамі спэцыяльна выдрэсіраваных галаварэзаў на борце. Жудасныя, як здані, белыя субмарыны трымалі пад страшэннай напругай прыбярэжныя раёны, зьдзяйсьняючы несправакаваныя абстрэлы і высаджваючы пірацкія дэсанты. Гэтай белай пагрозе таксама супрацьстаяла Гвардыя.

Карціна сусьветнага хаосу і разбурэньня ўразіла Максіма. Перад ім была плянэта-магільнік, плянэта, на якой ледзь-ледзь цяплілася разумнае жыцьцё, і гэтае жыцьцё гатовае было канчаткова пагасіць сябе ў любы момант.

Максім слухаў Раду, яе спакойныя і страшныя апавяданьні пра тое, як маці атрымала вестку аб гібелі бацькі (бацька, доктар-эпідэміёляг, адмовіўся пакінуць зачумлены раён, а ў дзяржавы ў той час не было ні часу, ні магчымасьцяў змагацца з чумой рэгулярнымі сродкамі, і на раён была проста скінутая бомба); пра тое, як дзесяць гадоў таму да сталіцы падступілі мяцежнікі, пачалася эвакуацыя, у натоўпе, які штурмаваў цягнік, затапталі бабулю, маці бацькі, а празь дзесяць дзён памёр ад дызэнтэрыі малодшы брацік; пра тое, як пасьля сьмерці маці яна, каб пракарміць маленькага Гая і цалкам бездапаможнага дзядзечку Каана, па васемнаццаць гадзін у суткі працавала пасудніцай на перасыльным пункце, потым прыбіральшчыцай у раскошным прытоне для спэкулянтаў, потым выступала ў «жаночых бягах з таталізатарам», потым сядзела ў турме, праўда — нядоўга, але з-за гэтай турмы засталася бяз працы і некалькі месяцаў прасіла міласьціну...

Максім слухаў дзядзьку Каана, калісьці буйнога навукоўца, як у першы жа год вайны скасавалі Акадэмію Навук, склалі Яго Імпэратарскай Вялікасьці Акадэміі батальён; як падчас голаду сышоў з розуму і павесіўся стваральнік эвалюцыйнай тэорыі; як варылі поліўку з клею, саскобленага са шпалер; як галодны натоўп разграміў заалягічны музэй і захапіў у ежу засьпіртаваныя прэпараты...

Максім слухаў Гая, яго няхітрыя апавяданьні пра будаўніцтва вежаў процібалістычнай абароны на паўднёвай мяжы, як па начах людаеды падкрадаюцца да будаўнічых пляцоўвак і выкрадаюць выхаванцаў-працоўных і вартавых гвардзейцаў; як у цемры нячутнымі прывідамі нападаюць бязьлітасныя ваўкалакі, напаўлюдзі, напаўмядзьведзі, напаўсабакі; слухаў яго поўную захапленьня хвалу сыстэме ПБА, якая стваралася цаной неверагодных пазбаўленьняў у апошнія гады вайны, якая па сутнасьці і спыніла ваенныя дзеяньні, абараніўшы краіну з паветра, якая і цяпер зьяўляецца адзінай гарантыяй бясьпекі ад агрэсіі з поўначы... А гэтыя мярзотнікі ладзяць напады на адбівальныя вежы, прадажная сволач, забойцы жанчын і дзяцей, падкупленыя на брудныя грошы Хонці і Пандэі, вырадкі, брыдота, горшая за ўсякага Пацукалова... Нэрвовы твар Гая скажаўся зьнянавісьцю. Тут найгалоўнейшае, казаў ён, пастукваючы кулаком па стале, і таму я пайшоў у Гвардыю, не на завод, ня ў поле, не ў кантору — у Баявую Гвардыю, якая цяпер адказвае за ўсё...

Максім слухаў прагна, як страшную, немагчымую казку, тым больш страшную і немагчымую, што ўсё гэта было насамрэч, што многае і многае з гэтага працягвала быць, а найстрашнейшае і самае немагчымае з гэтага магло паўтарыцца ў любую хвіліну. Сьмешна і сорамна стала яму думаць пра ўласнае бязладзьдзе, цацачнымі зрабіліся ягоныя ўласныя праблемы — нейкі там кантакт, нуль-перадатчык, туга па доме, ламаньне рук...

Грузавік крута павярнуў у нешырокую вуліцу са шматпавярховымі цаглянымі дамамі, і Пандзі сказаў: «Прыехалі». Мінакі на тратуары кінуліся да сьцен, закрываючыся ад сьвятла фараў. Грузавік спыніўся, над кабінай кіроўцы высунулася доўгая тэлескапічная антэна.

— Выходзь! — у адзін голас гаркнулі камандзіры другой і трэцяй сэкцыі, і гвардзейцы пасыпаліся праз барты.

— Першай сэкцыі застацца на месцы! — скамандаваў Гай.

Максім і Пандзі, якія выскачылі былі, зноў селі.

— На тройкі разьбярыся! — крычалі капралы на тратуары. — Другая сэкцыя, наперад! Трэцяя сэкцыя, за мной!

Прагрукаталі падкаваныя боты, захоплена віскнуў жаночы голас, хтосьці зь верхняга паверху пранізьліва залямантаваў:

— Панове! Баявая Гвардыя!...