Максім стаяў бокам і ў яго не заставалася часу павярнуцца. Ён скочыў з усіх сілаў, але чалавек усё-ткі пасьпеў адзін раз націснуць на спускавы кручок. Максіму апаліла твар, парахавы гар забіў рот, а пальцы яго ўжо сашчаміліся на прыдалоньнях белага халата, і пісталеты са стукам упалі на падлогу. Чалавек апусьціўся на калені, апусьціў галаву і, калі Максім адпусьціў яго, мякка паваліўся ніцма.
— Ну-ну-ну, — сказаў ротмістр зь незразумелай інтанацыяй. — Кладзіце гэтага сюды ж, — загадаў ён Пандзі. — А ты, — сказаў ён бледнаму і мокраму Зойзе, — бяжы ўніз і паведамі камандзірам сэкцый, дзе я знаходжуся. Хай даложаць, як у іх справы. — Зойза стукнуў абцасамі і кінуўся да дзьвярэй. — Так! Перадай Гаалу, хай падымецца сюды... Перастань гарлапаніць, сволач, — прыкрыкнуў ён на чалавека, які стагнаў, і лёгенька стукнуў яго ботам пад бок. — Э, марна. Кволая дрэнь, сьмецьце... Абшукаць, — загадаў ён Пандзі. — І пакладзеце іх усіх у шэраг. Тут жа, на падлозе. І бабу таксама, а то расьселася ў адзіным крэсьле...
Максім падышоў да жанчыны, асьцярожна падняў яе і перанёс на ложак. Яму было цьмяна на душы. Ня гэтага ён чакаў. Цяпер ён і сам ня ведаў, чаго чакаў — жоўтых, выскаленых ад нянавісьці іклоў, зласьлівага выцьця, лютай сутычкі не на жыцьцё, а на сьмерць... Яму ня з чым было параўнаць свае адчуваньні, але ён чамусьці згадаў, як аднойчы падстрэліў тахорга, і як гэтая велізарная, грозная на выгляд і бязьлітасная па чутках жывёла, праваліўшыся зь перабітым хрыбетнікам у вялізную яму, ціха, жаласна плакала і нешта мармытала ў сьмяротнай самоце, амаль чланаразьдзельнае...
— Кандыдат Сім, — каркнуў ротмістр. — Я загадаў — на падлогу!
Ён глядзеў на Максіма сваімі жудаснымі празрыстымі вачыма, вусны ў яго нібы зьвяло сутаргай, і Максім зразумеў: не яму судзіць тут і вызначаць, што слушна, і што няслушна. Ён яшчэ чужынец, ён яшчэ ня ведае іх нянавісьці і іх любові... Ён зноў падняў жанчыну і паклаў яе побач з грузным чалавекам, які страляў у калідоры. Пандзі й другі гвардзеец, пыхкаючы, выварочвалі кішэні арыштаваных. А арыштаваныя былі бяз памяці. Усе пяцёра.
Ротмістр сеў у крэсла, кінуў на стол шапку, запаліў і пальцам павабіў да сябе Максіма. Максім падышоў, брава пстрыкнуўшы абцасамі.
— Чаму кінуў аўтамат? — ціха запытаў ротмістр.
— Вы загадалі не страляць.
— Пане ротмістру.
— Так. Вы загадалі не страляць, пане ротмістру.
Ротмістр, прыжмурыўшыся, пускаў дым у столь.
— Значыць, калі б я загадаў не размаўляць, ты б адкусіў сабе язык?
Максім прамаўчаў. Размова яму не падабалася, але ён добра памятаў навучаньні Гая.
— Хто бацька? — спытаў ротмістр.
— Ядзерны фізык, пане ротмістру.
— Жывы?
— Так, пане ротмістру.
Ротмістр дастаў з рота цыгарэту і паглядзеў на Максіма.
— Дзе ён?
Максім зразумеў, што збалбатнуў. Трэба было выкручвацца.
— Ня ведаю, пане ротмістру. Дакладней, ня памятаю.
— Аднак тое, што ён ядзершчык, ты памятаеш... А што ты яшчэ памятаеш?
— Ня ведаю, пане ротмістру. Памятаю многае, але капрал Гаал мяркуе, што гэта несапраўдная памяць.
У калідоры пачуліся таропкія крокі, у пакой увайшоў Гай і выцягнуўся перад ротмістрам.
— Займіся гэтымі паўтрупами, капрале, — сказаў ротмістр. — Кайданкаў хопіць?
Гай паглядзеў цераз плячо на арыштаваных.
— З вашага дазволу, пане ротмістру, адну пару давядзецца ўзяць у другой сэкцыі.
— Дзейнічай.
Гай выбег, а ў калідоры ўжо зноў тупалі боты, зьявіліся камандзіры сэкцыяў і далажылі, што апэрацыя праходзіць пасьпяхова, двое падазроных ужо ўзятыя, жыхары, як заўсёды, аказваюць актыўную дапамогу. Ротмістр загадаў хутчэй заканчваць, а пасьля заканчэньня перадаць у штаб парольнае слова «Тумба». Калі камандзіры сэкцыяў выйшлі, ён запаліў новую цыгарэту і некаторы час маўчаў, гледзячы, як гвардзейцы здымаюць са стэлажоў кнігі, гартаюць іх і кідаюць на ложак.
— Пандзі, — сказаў ён ціха, — займіся карцінамі. Толькі вось з гэтай асьцярожней, не сапсаваць, я возьму яе сабе... — Затым ён зноў павярнуўся да Максіма. — Як ты яе знаходзіш? — спытаў ён.
Максім паглядзеў. На карціне быў марскі бераг, высокая водная далеч без гарызонту, змрок і жанчына, якая выходзіць з мора. Вецер. Сьвежа. Жанчыне холадна.