Выбрать главу

— Добрая карціна, пане ротмістру, — сказаў Максім.

— Пазнаеш месца?

— Не. Гэтага мора я ніколі ня бачыў.

— А якое бачыў?

— Зусім іншае, пане ротмістру. Але гэта несапраўдная памяць.

— Глупства. Гэтае ж самае. Толькі ты глядзеў ня зь берага, а з мастка, і пад табой была белая палуба, а ззаду, на карме, быў яшчэ адзін масток, толькі ніжэй. А на беразе была ня тая баба, а танк, і ты наводзіў пад вежу... Ведаеш ты, шчанюк, што гэта такое, калі балванка трапляе пад вежу? Масаракш... — прашыпеў ён і раздушыў недакурак аб стол.

— Не разумею, — сказаў Максім холадна. — Ніколі ў жыцьці нічога нікуды не наводзіў.

— Як жа ты можаш гэта ведаць? Ты ж нічога ня памятаеш, кандыдат Сім!

— Я памятаю, што не наводзіў.

— Пане ротмістру!

— Памятаю, што не наводзіў, пане ротмістру. І я не разумею, пра што вы кажаце.

Увайшоў Гай у суправаджэньні двух кандыдатаў. Яны ўзяліся надзяваць на затрыманых цяжкія кайданкі.

— Таксама ж людзі, — сказаў ротмістр. — У іх жонкі, у іх дзеці. Яны кагосьці кахалі, іх нехта кахаў...

Ён казаў, відавочна зьдзекуючыся, але Максім сказаў тое, што думаў:

— Так, пане ротмістру. Яны, аказваецца, таксама людзі.

— Не чакаў?

— Так, пане ротмістру. Я чакаў чагосьці іншага.

Краем вока ён бачыў, што Гай спалохана глядзіць на яго. Але яму ўжо да агіднасьці надакучыла хлусіць, і ён дадаў:

— Я думаў, што гэта сапраўды вырадкі. Накшталт голых, плямістых... жывёл.

— Голы плямісты дурань, — важка сказаў ротмістр. — Вёска. Ты не на Поўдні... Тут яны як людзі. Добрыя мілыя людзі, якім пры моцным хваляваньні адчайна баліць галоўка. Бог шэльму меціць. А табе не баліць галоўка пры хваляваньні? — спытаў ён нечакана.

— Мне ніколі нічога не баліць, пане ротмістру, — адказаў Максім. — А вам?

— Што-о?

— У вас такі незадаволены тон, — сказаў Максім, — што я падумаў...

— Пане ротмістру! — нейкім бразгатлівым голасам крыкнуў Гай. — Дазвольце далажыць... Арыштаваныя прыйшлі ў сябе.

Ротмістр паглядзеў на яго і пасьміхнуўся.

— Не хвалюйся, капрале. Твой сябрук паказаў сябе сёньня сапраўдным гвардзейцам. Калі б ня ён, ротмістр Чачу валяўся б цяпер з куляй у галаве... — Ён закурыў трэцюю цыгарэту, падняў вочы да столі і выпусьціў тоўсты струмень дыму. — У цябе верны нюх, капрал. Я б хоць зараз узьвёў гэтага малойчыка ў сапраўдныя радавыя... Масаракш, я б узьвёў яго ў афіцэры! У яго брыгадзірскія замашкі, ён любіць задаваць пытаньні афіцэрам... Але я цяпер вельмі добра разумею цябе, капрал. Твой рапарт меў усе падставы. Так што... пачакаю пакуль узводзіць яго ў афіцэры... — Ротмістр падняўся, цяжка ступаючы абышоў стол і спыніўся перад Максімам. — Ня будзем нават узводзіць яго пакуль у сапраўдныя радавыя. Ён добры баец, але ён яшчэ блазьнюк, вёска... Мы зоймемся ягоным выхаваньнем... Увага! — закрычаў ён раптам. — Капрале Гаал, вывесьці арыштаваных! Радавы Пандзі і кандыдат Сім, забраць маю карціну і ўсё, што тут ёсьць папяровага! Аднесьці да мяне ў машыну!

Ён павярнуўся і выйшаў з пакою. Гай дакорліва паглядзеў на Максіма, але нічога не сказаў. Гвардзейцы ўзьнімалі затрыманых, выспяткамі й штуршкамі ставілі іх на ногі і вялі да дзьвярэй. Затрыманыя не супраціўляліся. Яны былі як ватныя, яны хісталіся, у іх падгіналіся ногі. Грузны чалавек, які страляў у калідоры, гучна стагнаў і лаяўся шэптам. Жанчына бязгучна варушыла вуснамі. У яе дзіўна сьвяціліся вочы.

— Гэй, Мак, — сказаў Пандзі, — вазьмі вунь коўдру з ложка, загарні ў яе кніжкі, а калі ня хопіць — вазьмі яшчэ і прасьціну. Як складзеш — цягні ўсё ўніз, а я карціну панясу... Ды не забудзься на аўтамат, дурная галава! Ты думаеш, чаго на цябе пан ротмістр узьеўся? Аўтамат ты кінуў. Хіба можна зброю кідаць? Ды яшчэ ў баі... Эх, вёска...

— Спыні размовы, Пандзі, — злосна сказаў Гай, — бяры карціну й ідзі.

У дзьвярах ён павярнуўся да Максіма, пастукаў сябе пальцам па лбе і зьнік. Было чуваць, як Пандзі, спускаючыся па прыступках, ва ўсё горла сьпявае «Суйміся, мамка». Максім уздыхнуў, паклаў аўтамат на стол і падышоў да груды кніг, зваленых на ложак і на падлогу. Яго раптам ахінула, што ён тут нідзе яшчэ ня бачыў такой колькасьці кніг, хіба што ў бібліятэцы. У кніжных крамах кніг было, вядома, таксама больш, але толькі па колькасьці, а не па назвах.

Кнігі былі старыя, з пажоўклымі старонкамі. Некаторыя крыху абгарэлі, а некаторыя, да зьдзіўленьня Максіма, апынуліся адчувальна радыёактыўнымі. Не было часу як сьлед разгледзець іх. Максім пасьпешліва складваў акуратныя пачкі на раскладзеную коўдру і чытаў толькі загалоўкі. Так, тут не было «Коліцу Фэльша, або Шалёна адважны брыгадзір, які ўчыняе подзьвігі ў тыле ворага», не было раману «Каханьне і адданасьць чарадзея», не было пухлай паэмы «Палаючае сэрца жанчыны» і папулярнай брашуры «Задачы сацыяльнай гігіены». Тут Максім убачыў тоўстыя тамы сур’ёзных твораў: «Тэорыя эвалюцыі», «Праблемы рабочага руху», «Фінансавая палітыка і эканамічна здаровая дзяржава», «Голад: стымул ці перашкода?»... Нейкія «Крытыкі», «Курсы», «Падставы» ў суправаджэньні тэрмінаў, якіх Максім ня ведаў. Тут былі зборнікі сярэднявечнай ханційскай паэзіі, казкі і баляды невядомых Максіму народаў, чатырохтомны збор твораў нейкага Т. Куура і шмат бэлетрыстыкі: «Бура і трава», «Чалавек, які быў Сусьветным Сьвятлом», «Выспы без блакіту»... і яшчэ шмат кніг на незнаёмых мовах, і зноў кнігі па матэматыцы, фізыцы, біялёгіі, і зноў бэлетрыстыка...