Лес, спачатку нясьмелы і рэдкі, патроху сьмялеў і падступаў да дарогі ўсё бліжэй. Некаторыя нахабныя маладыя дрэўцы ўзламалі бэтон і расьлі проста на шашы. Мабыць, дарозе было некалькі дзясяткаў гадоў — ва ўсякім выпадку, некалькі дзясяткаў гадоў ёю не карысталіся. Лес па баках станавіўся ўсё вышэй, усё гусьцей, усё глушэй, дзе-нідзе галіны дрэў перапляталіся над галавой. Стала цёмна, то справа, то зьлева ў гушчары раздаваліся гучныя гартанныя воклічы. Нешта варушылася там, гучала, тупацела. Адзін раз крокаў за дваццаць наперадзе хтосьці прысадзісты і цёмны, прыгнуўшыся, перабег дарогу. Зьвінела заедзь. Максіму раптам прыйшло ў галаву, што край настолькі занядбаны і дзікі, што людзей можа не апынуцца паблізу, што дабірацца да іх давядзецца некалькі сутак. Дрымучыя інстынкты абудзіліся і зноў нагадалі пра сябе. Але Максім адчуваў, што тут вакол вельмі шмат жывога мяса, што з голаду тут не прападзеш, што ўсё гэта наўрад ці будзе смачна, але затое цікава будзе папаляваць, і паколькі пра галоўнае яму было думаць забаронена, ён стаў згадваць, як яны палявалі з Алегам і з падлоўчым Адольфам — голымі рукамі, хітрасьць супраць хітрасьці, розум супраць інстынкту, сіла супраць сілы, трое сутак не спыняючыся, гнаць аленя праз буралом, дагнаць і паваліць на зямлю, схапіўшы за рогі... Аленяў тут, магчыма, і няма, але ў тым, што тутэйшая дзічына ядомая, сумнявацца не даводзіцца: варта задумацца, адцягнуцца, і заедзь пачынае апантана жэрці, а як вядома, ядомы на чужой плянэце з голаду не памрэ... Няблага было б тут заблукаць і правесьці гадок-другі, бадзяючыся па лясах. Завёў бы сабе прыяцеля — ваўка якога-небудзь або мядзьведзя, хадзілі б мы зь ім на паляваньне, гутарылі бы... Надакучыла б, вядома, у рэшце рэшт... ды й не падобна, каб у гэтых лясах можна было бадзяцца з прыемнасьцю: занадта шмат вакол жалеза — дыхаць няма чым... І потым усё-ткі спачатку трэба сабраць нуль-перадатчык...
Ён спыніўся, прыслухоўваючыся. Дзесьці ў глыбіні гушчару чуўся манатонны глухі рокат, і Максім згадаў, што ўжо даўно чуе гэты рокат, але толькі цяпер зьвярнуў на яго ўвагу. Гэта была не жывёла і не вадаспад — гэта быў мэханізм, нейкая барбарская машына. Яна храпела, узрыквала, скрыгатала мэталам і распаўсюджвала непрыемныя іржавыя пахі. І яна набліжалася.
Максім прыгнуўся і, трымаючыся бліжэй да бакавіны, бясшумна пабег насустрач, а потым спыніўся, ледзь не выскачыўшы адразу на скрыжаваньне. Дарогу пад прамым вуглом перасякала іншая шаша, вельмі брудная, з глыбокімі пачварнымі каляінамі, зь якіх тырчалі абломкі бэтоннага пакрыцьця, кепска пахнучага і вельмі, вельмі радыёактыўнага. Максім прысеў на кукішкі і паглядзеў налева. Рокат рухавіка і мэталічны скрыгат насоўваліся адтуль. Глеба пад нагамі пачала ўздрыгваць. Яно набліжалася.
Праз хвіліну яно зьявілася — бессэнсоўна велізарнае, гарачае, сьмярдзючае, усё з кляпанага мэталу, топчучы дарогу жахлівымі гусеніцамі, аблепленымі брудам, — не імчала, не кацілася — перла, гарбатае, неахайнае, бразгочучы адсталымі лістамі жалеза, начыненае сырым плютоніям напалову зь лянтанойдамі, бездапаможнае, пагрозьлівае, безь людзей, тупое і небясьпечнае — перавалілася праз скрыжаваньне і папёрла далей, хрумстаючы і скуголячы струшчаным бэтонам, пакінуўшы за сабой хвост распаленай духаты, схавалася ў лесе і ўсё рыкала, варочалася, парыквала, паступова заціхаючы ўдалечыні.
Максім перавёў дух, адмахнуўся ад заедзі. Ён быў ашаломлены. Нічога настолькі недарэчнага і ўбогага ён ня бачыў ніколі ў жыцьці. Так, падумаў ён. Пазытроннага эмітара мне тут не дастаць. Ён паглядзеў усьлед пачвары і раптам заўважыў, што папярочная дарога — ня проста дарога, а прасека, вузкая шчыліна ў лесе: дрэвы не закрывалі над ёю неба, як над шашой. Можа, дагнаць яго? — падумаў ён. Спыніць, пагасіць кацёл... Ён прыслухаўся. У лесе стаяў шум і трэск, пачвара варочалася ў гушчары, як гіпапатам у дрыгве, а потым рокат рухавіка зноў пачаў набліжацца. Яно вярталася. Зноў сапеньне, рык, хваля смуроду, ляск і бразгат, і вось яно зноў перавальвае праз скрыжаваньне і прэ туды, адкуль толькі што выйшла... Не, сказаў Максім. Не хачу я зь ім зьвязвацца. Не люблю я злых жывёл і барбарскіх аўтаматаў... Ён пачакаў, пакуль пачвара схавалася, выйшаў з кустоў, разьбегся і адным скачком перамахнуў праз разварочанае заражанае скрыжаваньне.