Ён вельмі хутка ўвайшоў у густ. Ці то лыжка была вялікая, ці то дрымучыя інстынкты разгуляліся ня ў меру, але ён і азірнуцца не пасьпеў, як высербаў траціну кацялка. Тады ён са шкадаваньнем адсунуўся, пасядзеў, прыслухоўваючыся да смакавых адчуваньняў, старанна выцер лыжку, але не ўтрымаўся і яшчэ раз зачэрпнуў, з самога дна, гэтых апэтытных карычневых лустачак, якія раставалі ў роце і нагадвалі трэпангаў, зусім адсунуўся, зноў выцер лыжку і паклаў яе ўпоперак кацялка. Цяпер быў самы час здаволіць пачуцьцё падзякі.
Ён ускочыў, выбраў некалькі тонкіх пруткоў і адправіўся ў хату. Асьцярожна ступаючы па старых дошках і імкнучыся не азірацца на рэшткі ў цені, ён пачаў зрываць грыбы і нанізваць на пруток малінавыя капялюшыкі, выбіраючы наймацнейшыя. Вас бы пасаліць, думаў ён, ды паперчыць трохі, але нічога, для першага кантакту сыдзе і так. Мы вас павесім над агеньчыкам, і ўся актыўная арганіка выйдзе з вас парай, і станеце вы — аб’ядзеньне, і станеце вы першым маім унёскам у культуру гэтага населенага вострава, а другім будуць пазытронныя эмітары...
І раптам у хаце стала ледзь-ледзь цямней, і ён адразу ж адчуў, што на яго глядзяць. Ён своечасова здушыў у сабе жаданьне рэзка павярнуцца, палічыў да дзесяці, павольна падняўся і нетаропка, загадзя ўсьміхаючыся, павярнуў галаву.
У акно глядзеў на яго доўгі цёмны твар з маркотнымі вялікімі вачыма, з паныла апушчанымі кутамі вуснаў, глядзеў без усякай цікавасьці, бяз злосьці і бяз радасьці, глядзеў не на чалавека зь іншага сьвету, а так, на дакучлівую хатнюю жывёлу, што зноў забралася, куды ёй не дазволена. Некалькі сэкундаў яны глядзелі адзін на аднаго, і Максім адчуваў, як засмучэньне, якое зыходзіць ад гэтай асобы, затапляе дом, захліствае лес і ўсю плянэту, і ўвесь навакольны сьвет, і ўсё вакол стала шэрым, панурым і сумным, бо ўсё ўжо было, і было шмат разоў, і яшчэ шмат разоў будзе, і не прадбачыцца ніякага выратаваньня ад гэтай шэрай маркотнай жаласнай нуды. Затым у хаце стала яшчэ цямней, і Максім павярнуўся да дзьвярэй.
Там, расставіўшы дужыя кароткія ногі, загарадзіўшы шырокімі плячыма ўвесь праём, стаяў скрозь зарослы рудым воласам каржакаваты чалавек у агідным клятчастым камбінэзоне. Праз буяныя рудыя зарасьнікі на Максіма глядзелі пранізьлівыя блакітныя вочкі, вельмі пільныя, вельмі нядобрыя і тым ня менш нейкія вясёлыя — можа быць, па кантрасьце з усясьветным засмучэньнем, што зыходзіла ад акна. Гэты валасаты малойчык таксама відавочна ня першы раз бачыў прышэльцаў зь іншага сьвету, але ён прывык абыходзіцца з гэтымі дакучлівымі прышэльцамі хутка, крута і рашуча — без усялякіх там кантактаў і іншых непатрэбных складанасьцяў. На шыі ў яго вісела на скураной папрузе тоўстая мэталічная труба найзлавесьнейшага выгляду, і выхлапную адтуліну гэтай прылады расправы з прышэльцамі ён цьвёрдай бруднай рукой накіроўваў прама Максіму ў жывот. Адразу было бачна, што ні пра навышэйшыя каштоўнасьці чалавечага жыцьця, ні пра Дэкларацыю правоў чалавека, ні пра іншыя цудоўныя вынаходзтвы навышэйшага гуманізму, як і пра сам гуманізм, ён чуць ня чуў, а раскажы яму пра гэтыя рэчы — не паверыў бы.
Аднак Максіму выбіраць не даводзілася. Ён працягнуў перад сабой пруток з нанізанымі грыбнымі капялюшыкамі, усьміхнуўся яшчэ шырэй і вымавіў зь перабольшанай артыкуляцыяй: «Мір! Дружба!» Панылая асоба за акном адгукнулася на гэты лёзунг доўгай непераборлівай фразай, пасьля чаго ачысьціла раён кантакту і, мяркуючы па гуках звонку, прынялася навальваць ў вогнішча сухія галіны. Ускудлачаная рудая барада блакітнавокага заварушылася, і зь медных зарасьнікаў панесьліся рыклівыя, узроўваючыя, ляскаючыя гукі, якія жыва нагадалі Максіму жалезнага цмока на перакрыжаваньні.
— Так! — сказаў Максім, энергічна ківаючы. — Зямля! Космас! — ён тыцнуў прутком у зэніт, і рыжабароды паслухмяна паглядзеў на праламаную столь. — Максім! — працягваў Максім, тыкаючы сябе ў грудзі. — Мак-сім! Мяне завуць Максім! — Для большай пераканаўчасьці ён ударыў сябе ў грудзі, як разьюшаная гарыла. — Максім!
— Махх-ссім! — раўнуў рыжабароды зь дзіўным акцэнтам.
Ня зводзячы вачэй з Максіма, ён выпусьціў цераз плячо сэрыю грукаючых і ляскаючых гукаў, у якой некалькі разоў паўтаралася слова «Мах-сім», у адказ на што нябачная панылая асоба прынялася выдаваць жудасныя тужлівыя фанэмы. Блакітныя вочы рыжабародага выкаціліся, раскрылася жоўтазубая пашча, і ён загагатаў. Відавочна, невядомы Максіму гумар сытуацыі дайшоў, нарэшце, да рыжабародага. Адсьмяяўшыся, рыжабароды выцер вольнай рукой вочы, апусьціў сваю сьмяротную зброю і зрабіў Максіму недвухсэнсоўны знак, які азначаў: «А ну, выходзь!»