Выбрать главу

З дому зноў хочацца ў дарогу - пішучы гэта цяпер. Там мы, хоць і суседзі, а былі, здавалася, бліжэй адзін да аднаго.

У семдзесят першым, зноў на маёй Міршчыне, мы неяк вырагаталі ў машыне і на сцежках яшчэ адзін намер: на гэты раз ужо не ўтрох, а ўдвух заіграць на адной літаратурнай скрыпцы. Я расказваў Валодзю сёе-тое з таго, што бывала, па-мясцоваму кажучы, «за польскім часам», і адно нам здалося прыдатным для сумеснай рэалізацыі.

Пры доме, дзе ў нашым мястэчку размяшчалася гміна (раней, па-расейску, воласць, а сёння, не раўнуючы, сельсавет), была адрынка, у якой стаяў конь і стаяла брычка, для пана-войтавага выезду, быў дрывотнік і яшчэ адно памяшканне, назваць якое так, як яно ў вёсках называлася, мне няёмка. Па-польску гаварылася «пака», па-расейску гэта «каталажка», а па-нашаму, па-вясковаму значна прасцей, такім адкрытым словам, да якога лёгка ладзіцца рыфма «свісцёлка», «гудзёлка», і, пашукаўшы, гэтак далей.

У гэтым, не надта раскошным закутку працоўная вёска адседжвала розныя штрафы, якіх тады было багата. З падаткам апазніўся, дзіця ў школу не ходзіць, плот не пабяліў - плаці або адседжвай. Што ж, гэта танней, чым плаціць, тым больш, калі няма чым, ды тады, калі з часам вальней, у познюю восень або зімой. Хлеба ў торбу і туды «да пакі», а па-свойму - у тую, таксама ж на літару «п...». Дроў пры гміне нямала, але парэзаць іх, пакалоць, скласці гуртам можна гуляючы. Двор падмесці - зусім не работа. А тады зноў ляжы, нават удзень, расказвай ці слухай, куры, калі курыш і ёсць што курыць, рэжся ў «дурня» або займайся «гукаспаборніцтвам», ад якога, дарэчы, і пайшла назва той сядзёлкі (яшчэ адна рыфма). Колькі там было перагаворана, перасмяяна! Як святамі, заслужана адпачываючы, сярод сваіх, свабодных ды ахвочых пасмяяцца. Я - можна сказаць, на жаль, - там ні разу не быў, іншыя расказвалі, у тым ліку старэйшы брат, што заахвоціўся «лепш не плаціць», і праз пяць дзён прыйшоў няголены і вясёлы.

Вось мы з Валодзем і задумалі ні больш ні менш, а цыкл пад назвай «Апавяданні з гміннай... гм, гм...». І не напісалі яго, як вядома, зноў разышоўшыся па сваіх, няхай сабе і зусім суседскіх, пакоях. Дарма, што ў дарозе мы столькі смяяліся на тую тэму, што ён неўзабаве напісаў мне на расейскім выданні «Чазеніі»: «...ад смяшлівага, як дзіця, - смяшліваму, як падлетак, ад гыгалы - гэгэкалу...» З улікам узросту і адпаведнай пашанай.

Сёлета напрадвесні, калі мы, камісія па Валодзевай літаратурнай спадчыне, разбіралі яго архіў, больш за сотню папак, на адной з іх я ўбачыў надпіс «Рассказы из каталажки», з падзагалоўкам «сценарий». Яшчэ адна яго, бясспрэчна ж таленавітая, аднак і беспаспяховая спроба дабрацца да розуму і сэрца нашай кінастудыі. Разбор архіва быў папярэдні, мне яшчэ трэба будзе, хочацца заглянуць у тую папку, як толькі прыйдзе нагода. А тады адразу падумалася пра той наш намер, які з майго боку ў пэўнай меры здзейснены «Ніжнімі Байдунамі».

Добра гэта, прыемна, але і трывожна - даваць таварышу сваё новае, свежанькі рукапіс. Калі я на працягу апошняга года перачытваў усё Валодзева ў кнігах, мне часта, здалёк усміхаліся, цёпла і сумнавата, тыя старонкі, перш за ўсё напісаныя ад рукі, чорна, дробна і акуратна запоўненыя яго працавітым почыркам, старонкі многія і заўсёды жывыя, якія ён прысылаў са сваёй настаўніцкай далечы, спачатку з кіеўскага сяла Лесавічы, потым з Воршы, а затым і з далечы стольнай, маскоўскай, з вышэйшых курсаў літаратурных і кінасцэнарных. Калі ж ён стаў менчуком, разам з рукапісамі пайшлі і машынапісы, што ўжо прыносіў сам. Старонкі паасобныя і папкі рознай таўшчыні ды кілаграмнасці. Хоць бы тыя самыя «Каласы...» - некалькі папак адразу. Мы ажно ўспомнілі словы бацькі-Багушэвіча: «Будзе і ў беларусаў ксёнжачка!..» Не раз і радаваліся ўступна, і віншаваліся потым, бо ён жа маё таксама чытаў, і спрачаліся, часам і рэзка, зноў разумнелі - усе дзеля галоўнага.

А з «Байдунамі» было так. Я даў яму рукапіс аднаму з самых першых. Іншыя прачыталі, пагаварылі са мной, а ён так доўга не аддаваў, што я пачаў і непакоіцца, падазраваць, нават нібы злавацца. Але не званіў, не заходзіў, асцерагаўся сустрэцца. Цярплівасць даволі прыкрая... Ды вось ён - нарэшце! - прыходзіць.

- Стары, - пачынае, не сеўшы, як вінавата стоячы сярод пакоя з папкай, - чатыры разы ўзапар чытаў...

Апраўдваецца ён з размашыстым сяброўскім пераборам, і мне крыху няёмка, і смешнавата, аднак я пачынаю спакваля і рассалоджвацца ад пахвалы, стараюся нібы абараняцца ад яе, ці то стрымана, ці то і збянтэжана мармычу:

- Ну і як?

Ён хваліць. Кажа, праўда, што «ніякая гэта не аповесць», але такое мне, між іншым, абыякава: што тут за жанр. Я чакаю ацэнкі, больш цвярозай і канкрэтнай, па галоўнай сутнасці, а ён, мне здаецца, не заўважае гэтага. Кажа:

- І маме прачытаў.

Зноў маё «ну, і як?». І яго - нечаканае:

- Іржала, стары, і качалася па падлозе.

Неадпаведнасць яўная! Салідная, па-старэчы прыгожая, хоць і нямоглая ўжо, з даўнім ухілам інтэлігентная, прыязна і разумна ўсмешлівая Надзея Васільеўна - і такое «іржала», «качалася»... Трэба сказаць пра гэта, да часу стрымліваючы ўсмешку, даць дакор маладзейшаму, аднак цікавасць перамагае.

- А грубасць яе не шакіравала?

Зноў нечаканае, з так добра і даўно знаёмым пафасам:

- Што ты, стары! Мы, арыстакраты, гэта любім!

Ах, Валодзя, Уладзік, Ладысь, - як гэта ўсё па-твойму звычайна, пацешна, міла! І тады было, і сёння - яшчэ больш...

5

Былі прыходы і іншыя.

Аднойчы ён да мяне пазваніўся, не тэлефонна, а ў дзверы, так позна, што можна было і ўстрывожыцца. Я адчыніў. Ціхутка, з калідора, цераз сталовую ў мой пакой. Зачыніліся.

- Што? - шапнуў я.

У руцэ яго была кніга. Палец закладзены паміж патрэбнымі старонкамі.

- Стары, паслухай.

Гэта быў том Талстога. «Хаджы-Мурат», кароценькі раздзел пра разбурэнне царскімі карнікамі чэркескага аула.

Чытаючы, і не вельмі прыцішана, Валодзя стрымліваўся ад усхліпаў, перапыняўся. Закончыў і, гледзячы на мяне вялікімі, поўнымі па-дзіцячы краплістых слёз вачыма, сказаў, як выдыхнуў:

- Стары, колькі ўсяго можна ім дараваць за такую праўдзівасць?!.

Ён праўдзівы і сам. Верыў у тое, што гаварыў. І ў жыцці быў праўдзівы, і ў творах застаўся. У творах - наколькі ўдалося...

Мы, хто блізка ведаў Валодзю, кожны патроху, кожны па-свойму раскажам пра яго, успамінаючы.

Рэшту скажа ён сам, сваімі кнігамі. З усёй сваёй раскошнай раскаванасцю, буйствам фантазіі, здольнасцю пранікаць у далёкае ў часе, ажыўляць яго ў людзях. Сплочванне нашых даўгоў перад роднай, так часта трагічнай гісторыяй, перад сапраўднай Літаратурай.

Беларусь даўно чакала такога пісьменніка.

І радасна, што ён прыйшоў.

І горка, балюча, што ён не змог, не паспеў разгарнуцца яшчэ больш глыбока і шчодра.

1985