Выбрать главу
Рыклівы ваш бег валюхаям Не быў даспадобы... Цяпер завіхаюцца, Лепяць падобных.
Зайздроснікаў хеўра! Для памятных здымкаў Раскіньце абдымкі... Ды хрэн вам.
Вы марылі ўпотай: скруці, пераможца, Зламай сабе шыю! Для вас пераможца — што кошка Ў закутку мышыным.
Мяне б вы пад рэю! На дзягу! Ды ніцма распяты Між сцяўшым вас страхам I прагай Куснуць мае пяты...
Усе, хто быў мной пераможаны,— Станьце сябрамі. Я не на адзінку памножаны, На вас я памножаны, 3 вамі Былі мы на роўных закілзаны ў збрую, Прапахлую потам. Я сёння балюю, Вы — потым.
Ва ўсіх будзе свята! Ніхто назаўжды не апошні... Зноў час, як араты, Засее ўзараныя пожні. I некага іншага Вынесе ўдача на грэбень — I кіне пад стужку на фінішы, Ламаючы рэбры.
Узвыюць разявы: "Ату! Пераможца забіты! Вось плата за славу!.."
I плёткі распусцяць, нібыта Афішамі плошчы засцелены I выслана вуліца кожная: КАНЦЭРТ ПЕРАМОЖЦАЎ А Д М Е Н Е Н Ы ! А Н Ш Л А Г НА КАНЦЭРТ ПЕРАМОЖАНЫХ!
У зале канцэртнай Засвішча ў тры пальцы галёрка... Не выжыць з працэнтаў! Пагаслая зорка — Не зорка.
Партэрныя крэслы — Дзе перхаць і перасыць — будуць парыпваць, Пакуль над аркестрам Не ўспыхне маланкаю першая скрыпка!
Нібыта збавенне, Нібы з нематы вызваленне...
Няхай на імгненне! Жыццё — за такое імгненне, Што першаю крыгай Дае крыгалому пачатак...
На сцэне, на рынгу, 3 пальчаткамі і без пальчатак, У прозе і ў вершах — Адчайны, нічым не падкупны, Змагаецца Першы, Каб выйшаў наперад наступны!
Не вечны ён, першы. Пад Млечным нязведаным Шляхам Ён шлях свой завершыць. Але не развеецца прахам. Душу яго ў комін Не выцягне з дымам і чадам...
Такі ж рызыкоўны — Душу перамогі ўдыхае нашчадак.
Такі ж непадробны: Адчайны, вясёлы, прыгожы,— Ва ўсім ён падобны На тых, хто яго пераможа. Хто пойдзе да мэты, Як рэкі Ідуць праз парогі...
Каб чыркнуць каметай На небе крутым Перамогі!
ЕС 987 654 320+1
Стэнаграма аднаго эксперымента
— Шэф, мы гатовы. — Паехалі.
НАД ЗЯМЛЁЮ КРУЖУ ПАДРАНКАМ ДЗЕ АРЭХАВЫЯ КУСТЫ ТАК ПУСТЫЯ ЯК ПАД ФІРАНКАЙ ВОКНЫ ВЫБІТЫЯ ПУСТЫЯ
ДЗЕ ЗВЯЛІСЯ СЛЯДЫ ЛАСІНЫЯ ДЗЕ Ў ЛАГЧЫНАХ ДАКУЛЬ ВІДАЦЬ ПАВУКАМІ ДЫМЫ НА АСІНАХ ЯК НА ШЫБЕНІЦАХ ВІСЯЦЬ
ДЗЕ НА ЧОРНЫ ДЫВАН СУНІЧНІКА ШТО Ў КУРОДЫМЕ СПАРАХНЕЎ СЯДЗЕ ЗМОРАНАЯ СІНІЦА I ЎЖО ЛАПКАЙ НЕ ЗВАРУХНЕ
ДЗЕ ПРАБІТЫ ЛЯСНЫЯ ШАТЫ СКАМЯНЕЛЫМІ ВЕРШАЛІНАМІ БЫЦЦАМ ПОМНІКАМІ ГЕРАСТРАТАМ
— Стоп, рабяты!.. 3 памерам нешта не тое. Праграмісты!.. Самусёў, у чым справа? — Натхненне прапала. Паэтэса ўсё-ткі. — Пашуткуй мне!.. Запускай, няхай хоць рыфму ў апошнім катрэне вымучае. — Да якога слова? — Вершалінамі.
ВЕРШЫ ВЕРШАЦЦА ВЕРШМАШЫНАМІ
— Стоп! Хто лексіку ўводзіў? Скуль такія адзінкі? — Лексема в е р ш у заданні была: "Э к а л а г і ч н ы в е р ш".
— А в е р ш м а ш ы н а скуль? — Сама прыдумала. — Гы-гы. — Каму там смешна? — Самусёву. — Выбачайце, шэф. Анекдот успомніў. Расказаць? — У аддзеле кадраў раскажаш. Запускай!
ПОЎНЫ ВЕРШАМІ I БЫЛІНАМІ ЛЕС ЛІСЦЁВЫ ХВАЁВЫ ЗМЕШАНЫ ЛЕС ТЫ ПОМСТАЮ БУДЗЕШ УСЦЕШАНЫ СКРОЗЬ АРЭШНІКІ МЫ ЯК ВЕРШНІКІ ПРАЛАМАЛІСЯ
НЕ ДА ВЕРШЫКАЎ
— Чаму спынілася? Усё ж нармальна. — Характар паказвае. Лірычнае я. — Ты ў мяне дажартуешся! — Думае яна, шэф. — Яна думае! А ў цябе галава для чаго? — Для перасадкі. — Для лысіны ў цябе галава. — Я не вінаваты, што лысы. Мяне ўраклі малога. — Пайшла!..