Выбрать главу
Даў таварышаў — тых, што праносяць штандарамі словы, не ламаючы строй свой у шэсці грымотных гадоў, дзе ламаюцца звычкі, ламаецца голас вясковы: як метро — прабіваецца ў голасе гул гарадоў.
I рассыпаўся ў прах слуп агню, што вірыў паміж намі... Мы сустрэліся нанава: так сустракаюцца бацька і сын. Ты мяне абдымаў — змазалелымі ў працы — мастамі, і дымамі заводаў расчэсваў мае валасы.
А каханую, тую, якая здавалася карай, у абдымках якой навальнічная цемра гула — ты суцішыў, суняў...
Мне не звыкнуцца з гэтай ахвярай! Я хачу, каб яна была той жа, якою была!
Мне не трэба інакшай: не выжыць мне ў гэткім расстанні...
На смяротных, гаротных, слабых нас — з нябёс для чаго пасылаецца лёсам пагібель такога кахання і навошта жыве ў нас нясцерпная прага яго?!
Горад! Бацька мой хросны!.. Я сын твой. Я жылка жывая, што адчайна пульсуе на скроні каменнай тваёй. Мне зямля твая, горад — атрутная, злая, чужая — стала роднай зямлёй.
Скрозь бетон і асфальт я ўрастаю ў яе каранямі. На атрутнай зямлі не пускае ніхто карані. Я ўзіраюся ў далеч: што там, за наступнымі днямі?.. Дні заліты тваімі агнямі... I слепяць агні.

Наскрозь

Гарбун
Гарбаты нарадзіўся... Лёс такі. "Гарбун! Гарбун!"—дражнілі сябрукі, I злых суседак злыя языкі Палохалі дзяцей гарбом ягоным. Прырода ў ім парушыла законы Звычайнасці: трава была зялёнай, Як ёй належыць, і па ўсіх законах Сінеў быў лес над берагам ракі, Што звіліста мільгала між пагоркаў... Салодкім мёд быў. А слязіна — горкай.
Ён плакаў рэдка. Першы раз — калі Мянушкаю Яго гукнула маці. Ён плакаў так, што слых і мову страціў! Маўчаў паўгода. Страшнымі былі Сірочыя паўгода ў роднай хаце.
Маўчаў — ад думак пухла галава: Быў сінім лес, зялёнаю —трава, Быў нехта бедны, нехта быў багаты... Сярод усіх ён быў адзін гарбаты. "За што?" — не мог ён зразумець ніяк.
Другі раз плакаў без прычыны. Так. Нібыта хтось падаў з нябёсаў знак: "Паплач, гарбун". I ён кусаў кулак, Каб не крычаць, і енчыў, як сабака. Ён зненавідзеў з той пары сабак Нянавісцю сляпой.
Пасля ён плакаў Яшчэ аднойчы. Шмат гадоў пасля...
У роспачы здавалася: Зямля Не для яго!.. Між золкіх зор Сусвету У думках стаў шукаць сабе планету, Дзе ўсе былі б такія ж, як і ён, Дзе б парушаў звычайнасці закон Не ён, гарбун, А чалавек бязгорбы...
Было ад думак моташна; памёр бы, Каб нехта тыя думкі разгадаў...
I, сцяўшы зубы, горб ён гадаваў, На спіне калыхаў яго: глядзіце На вырадка! Ату мяне! Ганіце! Сабак спускайце!.. Злела ў ім душа. Быў горб — і ён. Паловы спарыша, Быў горб — і ён. Сіямскія блізняты, Быў свет — перад гарбатым вінаваты!. I сталі гарбуна лічыць вар'ятам.
Ён жыў у невялічкім гарадку; Не маючы нічога, меў раку, Сваю раку, дзе млын стаяў; муку На тым млыне даўно ўжо не малолі. Млын дагніваў ад гарадка ўбаку— Гарбун яго заняў. Ніхто ніколі
Зайсці туды асмеліцца не мог, Адзін ён уладарыў там... Мой бог, Якія толькі байкі не блукалі Па гарадку пра млын і гарбуна! Там — нехта бачыў — ведзьмы балявалі I музыка іграла давідна, Русалкі падымаліся са дна I чэрці чарапамі грукаталі...
О, прага казак: шэрыя ваўкі, Асілкі, лесуны, чараўнікі,— Маленства свет!.. Адзіны, непаўторны.
Гарбун стаў казкай. Гаспадар ракі, Ён падымаў замшэлыя стаўкі I запускаў пашчэрбаныя жорны.