Выбрать главу
Прыйшоў мужчына ў фрэнчы: — Гэта тата...
— Ну, добра: тата, мама... Хто ж такі Наш госць? — спытаў мужчына ўсіх, імкліва Да Тані павярнуўшыся... Крыўдліва Сляза з яе скацілася шчакі. — I праўда што, Андрэй... Маўчыш, як дзіва... Ты з цёткай той быў болей гаваркі.
"3 якою цёткай?" — думаў ён спытаць, Але жанчына перабіла словы: — Даволі ўжо на хлопца нападаць. Хай памаўчыць. Калі не пень яловы, Сказаць захоча — знойдзе што сказаць.
...Так ён знайшоў прытулак свой, аднак Так і не ўцяміў, што за тайны знак Яму пасланы гарбуновым богам, I сіліўся, прыпамінаў дарогу... Ён ехаў больш за суткі як-ніяк, А помніў толькі шэпты, толькі стукі — I ўсё... I адчуваў сябе ён так, Як сам сябе спаткаў пасля разлукі.
Яго Таццянін бацька ўладкаваў На млын рабочым... Ён мяшкі цягаў, Ад поту і мукі сівы, салоны Дамоў прыходзіў, мыўся... Памагаў У хатніх справах... У жыцці ягоным Хоць нейкі сэнс нарэшце праступаў.
Цяпер яго бянтэжыла Таццяна... У схованцы душы, спачатку цьмяна, А з кожным днём усё ярчэй, ярчэй Цяпельца разгаралася; вачэй Не мог падняць, калі яна стаяла Насупраць... Без яе было лягчэй, Бо, як раней, з ёй побач прыціскала Гарой гарба, праклятаю навалай, Не скінутай з натруджаных плячэй.
Яго таміла гэта пачуццё.
Пракручвалася ў памяці жыццё: У ім такога не было і блізка... Здаралася: дзяўчат лавіў і ціскаў, Яны крычалі; Ванду абдымаў, Але такога не было і з Вандай...
Ён браў люстэрка, зачыняўся ў ваннай I горб з плячэй, як мех з мукой, скідаў.
3 люстэрка, з-пад прытомленых павек Глядзеў Звычайны Голы Чалавек, Не лепшы за астатніх і не горшы, Усмешкай ганарлівай губы моршчыў... Жабрак. I ён падумаў: трэба грошай Паболей зарабіць... Ён наледзь сек, Капаў зямлю, цэмент грузіў і вугаль, Дамоў прыходзіў — і валіўся ў вугал, I засынаў, здавалася, навек.
Аднак з тых грошай толку не было: Іх трэба зарабляць умець і траціць, Тым больш што браць іх не хацелі ў хаце... I зноўку ў ім заторгалася зло: Выходзіла, што ён дарма лапаціў! Упрогшыся ў работу, быццам вол, Высільваўся дарэмна!.. Навакол Ён вымяраўся не па звыклых мерках, Са скідкаю... I ён каньяк на стол Паставіў неяк. I зрабіў праверку.
...Не, не, ён не прасіў яе рукі, На гэта проста смеласці б не стала. I ўсё-ткі нешта над сталом вітала Такое, што сумеліся бацькі I Таня палахліва паглядала.
Ён зразумеў: пакуль што не пара... I гэтая пара наўрад ці прыйдзе... Дапіў каньяк, настоены на крыўдзе, Сказаў сабе: "Як выйдзе — так і выйдзе",- А ім сказаў: — Мяне на млынара Перавялі... Дык я хацеў адзначыць...
I раптам Таня ўголас як заплача, Як стане ў грудзі кулачкамі біць! А бацька ўзяў кілішак: — Што ж, за ўдачу. Не плач, Таццяна... Нам і так баліць.
...Ён першы раз спіртное піў, таму Ніяк не засыналася яму, Сушыла... Ён на кухню ўстаў папіць, I толькі ўзяўся дзверы адчыніць — Застыў, напрогся: змейкай з-пад дзвярэй Канец размовы выпаўз: — Не дурэй. Харошы хлопец гэты твой Андрэй. — Харошы, мама... Каб не быў гарбаты, Каб горб ягоны ўзяць ды спілаваць...
Ён нават барахло не стаў збіраць. У чым стаяў — у тым і рушыў з хаты.
Куды ісці — не ведаў. Па начных Блукаў завулках, у дварах пустых Напружваў слых, як звер, што ўсіх баіцца.. Нічога не хацеў — адно: напіцца Вады... Ілбом Упёрся ў белы дом, Дзе тлелі вокны нежывым святлом, I прачытаў на шыльдачцы: Б а л ь н і ца.
Пастукаў... Аніхто яго не ўчуў. Ён сеў тады на ганак — і заснуў.
Прысніўся млын, Прыснілася рака. Млынар-асілак у апратцы чорнай 3 рукой жалезнай... Сыпала рука 3 мяхоў ке зерне, а людзей у жорны.
Ва ўсіх людзей Гарбы былі... Клубы Агню і дыму з жорнаў выбухалі, А з латака каціліся гарбы I злоснымі сабакамі брахалі.