Пазбыўшыся іх, людзі напралом —
Праз лазнякі — кідаліся наўцёкі,
А брэх сабачы даганяў іх, цёкаў,
Каб зноў на плечы ўскочыць, стаць гарбом.
3 усімі разам і Андрэй пабег.
Але дагнаў яго сабачы брэх,
На спіну ўскочыў...
— Чуеш ты ці не?
Чаго ты тут?.. —
Андрэй расплюшчыў вочы.
— Галіна Львоўна, ён сядзіць тут з ночы.
— Я ведаю. Таварыш да мяне.
На ганку тупацеў руды мужык,
А з ім — нібы знаёмая? — жанчына.
— Вы да мяне? Вас зваць Андрэй Крушына?
Андрэй кіўнуў. Ён да ўсяго прывык.
— Хадзем...—
I ён падняўся і пайшоў.
...Пасля, калі з яго здымалі шво,
I валасамі — мяккімі, як воўна —
Кранулася яго Галіна Львоўна,
Па дотыку прыпомніў ён: вагон!
Там — несвядома — спавядаўся ён
Жанчыне нейкай... Ёй!.. Перахапіла
На міг дыханне... Вунь як закруціла
Ягоны лёс!.. I ён праз слёзы, праз
Разломны боль сказаў:
— Я ўспомніў вас.
— Каго? — перапытаўся санітар.
— Мяне,— Галіна Львоўна адказала
І нахіліла над Андрэем твар:
— Ты вынес невыноснае, млынар.
Ты малайчына...
— Дык пашкадавала
Мяне Таццяна? — ціха ён спытаў.
— Яна ўсё чула?
— Правадніца?.. Пэўна.
Прыкметная дзяўчына. Каралеўна.
Але цяпер і ты не горшы стаў.
Адпачывай. Праз суткі — трэба ўстаць.
I суткі ўспамінаў ён тыя суткі,
Дарожныя, і ўспомніў да мінуткі,
Да драбязы ўсё,
хоць прыпамінаць
Было няёмка, сорамна...
"Размяк!
Даў слабіну такую, чорт гарбаты!
Які там бог! Які таемны знак!
Таццяна павяла яго дахаты
3 блазноты, з жалю..."
Ён кусаў кулак,
Як у дзяцінстве, толькі вінаваты
Цяпер не свет быў,
Вінаваты — сам...
"Ну што ж... Не галавой аб сцены біцца.
Гарба няма! Ці ён яшчэ ўсё там?
I мне дасюль той сон на ганку сніцца?"
...У дзень, калі зайшлі яны ў бальніцу,
Галіна Львоўна паказала: "Тут
Артапедычны корпус. Інстытут
Распрацаваў практычную методу
Рэзекцыі... Хоць што табе з метод.
Усё, што ад цябе патрэбна,— згода.
— Я згодны.
— Што ж кідацца, як на дрот?
Ты можаш жыць і так...
— Так жыць не буду.
— Табе балюча будзе. Страшны боль.
— Стрываю. Мо ранейшы боль забуду.
Была падлога белая, як столь.
Плыла падлога...
Грукала жалеза,
Бы ў кузні...
"Ну і цацка...
Ну і вежа..." —
Ён чуў, нібы праз вату, галасы.
Балелі косці! Жылы! Валасы!
Пазногці! Скура! Кроў! —
усё балела!
Боль свідраваў, наскрозь пранізваў цела,
Якое пакідала ўжо душа...
Быў боль — і горб! Палова спарыша,
Быў боль — і горб! Сіямскія блізняты.
...Канаючы,
адчуў, што горб адняты.
У шкле дзвярэй — як везлі да палаты,
Накінуўшы на плечы прасціну —
Убачыў незвычайную спіну:
Спіну, якая не была гарбатай.
Яму ў палату шведскую сцяну
Паставілі, брусы прыбілі, рэйкі.
— Цяпер мы будзем працаваць, Андрэйка.
Стаў уставаць — ударылі нажы
У плечы...
— Не магу...
— Устань!
— Балюча...
— Устань
і сам сабе дапамажы,
— Галіна Львоўна...
— Болей не кажы
Ні слова мне!.. Слімак! Хірля!! Ануча!!!
— Галіна Львоўна...
— Зноў згарбееш! Зноў
Забудзешся, што ты — Андрэй Крушына!
...Хоць з-пад бінтоў прасочвалася кроў,
А ён палез на рэйкі...
"Малайчына".
— Андрэй Крушына, дваццаці гадоў,—
Дакладвала наўмысна сухавата
(Хоць гэты тон даваўся цяжкавата)
Галіна Львоўна...
Процьма дактароў
Набілася ў ягоную палату,
I ўперадзе стаяў гарбун сівы,
Урач! — з гарбом вышэй ад галавы —
I на любое слова ўскідваў бровы...
— Рэзекцыя гарба... Наркоз мясцовы...
— I вытрымаў?
— Як бачыце, жывы.
"А боль той!.. Невыносны!.. Нажавы!.."
— На трэці дзень, як толькі знялі швы,
Фізічныя пачаў практыкаванні...
I пляснуў у далоні ўрач сівы,
I пракаціліся рукаплясканні...
Як ён з бальніцы горадам ішоў!
Ішоў — глядзеўся ў кожную вітрыну:
Глядзіце ўсе! Ідзе Андрэй Крушына!..
I ветліва ўсміхаўся ён жанчынам,
I па галовах гладзіў малышоў.