Ён ломам
Супраць працы
Паўстае.
А побач з ім —
хто з дудкаю,
хто з лютняй —
Гудуць-гуляюць абібокі, трутні,
Што завяліся ў кабінетах кутніх...
Пад корань бы ўсіх іх, хоць і свае.
Імя ім — муць. Гнілеча. Чад. Імжа.
Нас раз'ядае гэтая іржа,
Брыда каросты на здаровым целе.
Дарэмна мы скрабліся і цярпелі,
Са свалатой па-добраму хацелі:
Яе саскрэбці нельга без нажа.
Паэтам не хапацца за нажы,
Але служы, паэзія, служы,
Не саступай
пасадзе, блату, дружбе,—
Каб не танулі душы, як глыжы...
Паэт заўсёды на дзяржаўнай службе,
На службе ачышчэння ад іржы.
Служы, паэт. Паэзія — твой лёс.
Яна не толькі тайны дар нябёс,
Яна— душы народнай спавядальня.
Служы, калі прысягу ён прынёс.
А калі ўзяўся чысціць прыбіральні,—
Не затыкай, як фіфа ў хлеве, нос.
Паэзія —
I ў храмах,
I ў хлявах.
Не ўся зямля ў расе і матыльках,
Не скрозь жыццё прапахлае лавандай.
Мяшчанскія
на нас
папёрлі банды!
Прынюхайся як след, які ў іх пах.
Ім стала мала
проста грошы мець,
Са скуры лезці, каб паболей выдраць.
Яны нам
пачалі
мараль падкідваць,
Сваіх — пацёртых —
Ідэалаў медзь.
Пранік паўсюды
абібочны зброд.
Жывуць — не тужаць.
Голад, недарод,
Агонь, патоп — яны знаходзяць брод
I дажываюць да сівых барод...
Не камень тут у нечы агарод —
Тут у сваім бы палічыць каменне,
Як славы сверб
прымаеш за натхненне,
Б'еш кулакамі ў грудзі за народ...
Народ змаўчыць. Ды не змаўчыць сумленне.
Прачнецца ўночы,
Стане свідраваць...
Хоць не ва ўсіх яно — балець, караць.
Калі сумленне падрэсіраваць,
На задніх лапках навучыць стаяць,
У служкі ўзяць яго і аблакеіць,—
Яно ўсё чыста зможа дараваць,
I будзе для цябе хапаць і рваць,
Мацней за іншых горла будзе драць,
Мардатае, як грузчык з бакалеі.
3 яго
без болю
цяжка звесці бруд.
Загнаць сумленне можна ў цёмны кут,
Узяць яго на подкуп і на спуд,
I — калі нават ты хабарнік, злодзей —-
Цябе не апраўдае
Страшны суд,
А сам сабе
ты апраўданне знойдзеш.
Ва ўласным воку не відно бярна.
Паэт! Твой суд — паэзія адна,
Яна — тваё сумленне, бо яна
Адна непадуладная нікому.
На службе ёй ад ранку да цямна
Працуй штодня, адольваючы стому,
Не бойся, што выносіш смецце з дому —
Душу ад бруду ачышчай да дна!
...Каб чысціць, трэба чыстым быць самому.
Ч а с т к а п е р ш а я
Натхненне
Паэт працуе так:
Пяро бярэ, паперу
I піша:
Я...
Пасля
Паэт шукае рыфму.
Ці не шукае рыфму.
Я... (Шукае рыфму.) Руль — патруль.
Танцы — шманцы! (П'е ваду.) Буль-буль.
(Муху забівае на фіранцы.)
...Гэта ўсё прэлюдыя пакуль,
Калатня нервовая ў чаканцы.
Вершы прылятаюць ніадкуль —
Космасу таемнага пасланцы.
Перад імі шчэ ідзе сігнал,
I душа яго прымае, змершы.
А пасля ўжо, як дзевяты вал,—
Вершы!
Ці падобнае на вершы.
Муляжы васковыя. Падман.
Здольны рыфмаваць і графаман:
Мэты — мэтры, метры — мінарэты.
Толькі графаманы — не паэты.
Графаман — водаправодны кран,
Скуль ён сам і налівае ў збан
Ронда, мадрыгалы і санеты...
Ёсць
водаправодныя
сюжэты
(Пахне з тых сюжэтаў, як з клазетаў),
Ад якіх залежыць графаман.
А паэту
напляваць на гэта,
У паэта
Незалежны стан:
Не водаправодны акіян —
Вольны акіян
душа паэта.
Не прыняць сігнал, пасланы ёй,
Графаману. Ён экранаваны
I яшчэ прысыпаны зямлёй.
А сігнал пасланы...
Божа мой,
Як зямлю гайдаюць акіяны!
Вось пайшоў, узняўся першы вал...
Скалануў ён ля падножжа скал
Валуноў зялёную аслізласць!
Не затым, каб морды ім аблізваць,
3 космасу пасланы быў сігнал!