Выбрать главу
I саступяць гады, Ажыве і паўторыцца фота: Камандзір малады... 3 ім ягоная Шостая рота.
9 мая
Спытае нехта: як жывеш? I ты ў адказ кіўнеш: нічога. Пасля спытай сябе самога: Як ты жывеш? Ці так жывеш?
Прыйдзі да Вечнага агню I моўчкі, стаўшы на калені, Правер агнём сваё сумленне На праўду і на чысціню.
Калі ж устанеш прысягнуць Усім, хто не вярнуўся з бою, Ты не шукай іх за спіною — Яны наперадзе ідуць.
Рэйсавы аўтобус
Далягляд жаўцее пожнямі. Дня сухмень. Павек тамленне. Звыклы шлях... Шафёр апошнія Слухае паведамленні.
Што і як на нашым глобусе? Скуль куды ідзе пагроза?
Пахне хлебам у аўтобусе М і н с к — Б я р о з а.
Той аўтобус ледзьве дыхае, Ледзь адольвае грудкі,
Афіцыйны голас дыктара. Тры бабулі. Два дзядкі,
Лёс, лічы, амаль адмераны. Што ж ім нечая бяда, Бліжні Ўсход і ўсе Амерыкі!.. — Не скажы... Людзей шкада.
I глядзяць вачмі блакітнымі, Як святыя з абразоў, Сто разоў вайною бітыя, Паленыя сто разоў! — Крэўныя мае! За кожнага
Сам — на крыж і на касцёр...
— Весялей глядзі, заложнікі,— Жартам кідае шафёр.
Мы — заложнікі, заложнікі!.. Покуль дзень навек не згас, Мы — за кожнага, за кожнага, Нат за тых, хто супраць нас.
Нашы сэрцы не жалезныя — I да страшнага суда Мы ў залежнасці, залежныя Ад усіх, каго шкада.
Як бярозы белакорыя, Душы свецяцца ў смузе... Мы з шафёрам "Беламорыну" Моўчкі курым па чарзе.
Ён ківае мне на радыё, Уздыхае: — От народ... Дзень які! Жыві і радуйся...
Дыктар зноў пра Бліжні Ўсход. Кулі свішчуць. Бомбы вухаюць.
Дзень які? I век які? А бабулі памяць слухаюць, Памяць слухаюць дзядкі.
Дыктару ў адказ павохаюць I ўпадуць у забыццё, На грудзях абняўшы боханы, Як надзею на жыццё.
Варшава, восень-82
Варшава. Восень. Поўнач. Патрулі. Як гулка ў вулках аддаюцца крокі!..
Мы ціха наша свята правялі, Шампанскае не выбівала коркі У доме тым, куды мы забрылі I, ў паўзах нетаропкае гаворкі, Смакуючы, гаркавы чай пілі.
Там — да агню спіною — гаспадар Сядзеў, у цень хаваючы свой твар, Які калісьці ў сечы пакалечыў...
Пацёрты плед накінуўшы на плечы, Ён зябла рукі грэў аб самавар.
— Што ж,— ён казаў,— цяпер не лепшы час, I гэткі час прыходзіць кожны раз, Як падмяняюць людзі напаказ Маною — праўду, мітуснёю — справу... 1 тым не менш я рады бачыць вас, Бо для кахання бог стварыў Варшаву.
Ён шклянку з чаем падымаў: — Віват! За вас, Хрысціна! I за вас, сабрат! П'ём за мілосць! Астатняе ўсё — марнасць. Ёсць чалавечых сэрцаў салідарнасць I закаханых душ маёвы сад. Варшаву для кахання бог стварыў!..
Пра гэта толькі ён і гаварыў, Я сіліўся размову перайначыць: — Вы ваявалі... — Гэта мала значыць! Па мне мая Варшава не заплача, Бо я кахання ёй не падарыў.
Я біўся за яе на ўсіх франтах. Калі ж вярнуўся ў славе і ў слязах, Мяне мая Варшава не прызнала... Яна сярод пажарышча стаяла, I ружа пунсавела ў валасах.
Я гавару прыгожа?.. Можа быць. Я позна стаў прыгожа гаварыць, Пасля таго, калі адхаркаў порах, Нянавісць, што ў маіх чарнела порах... 3 ёй у Варшаве немагчыма жыць.
— Паўсюль жывуць,— сказаў я неўпапад, Бо гэта мне карцела акурат, А гаспадар — паэт, былы салдат — Усяк адводзіў гэтую гаворку... I мне ў адказ ён усміхнуўся горка,
Зноў чай наліў і шклянку ўзняў: — Віват! Стварыў Варшаву для кахання бог...