Выбрать главу
...Укацілася поўня ў пакой I павісла гадзіннікам на залатым ланцужку... Рана, рана ўставаць.
***
Дзе голаў прытулю, Там і знайду начлег. Снег першы — На зямлю, Наступны снег — на снег. На рану — Першы боль, Наступны — на шрамы, На лёс, на стынь і золь, На першы след зімы, Што толькі пачала па снежні свой разбег.
Прыбегла. Абняла. 3 плячэй страсае снег.
Прорва
У прорву страшна зазіраць — Не бойся, зазірні: Удзень і ўночы там гараць Балотныя агні.
Клубіцца там смуродны чад, Атрутны дым цячэ, I пажырае гада гад, I брата брат сячэ.
Трашчаць хрыбты, кіпіць смала,- Сыцее цемры цар!..
Глядзі ў пустыя вочы зла. Не адварочвай твар, Як зло ўздымае булаву Ці камень жарнавы...
А ў плечы ўцягнеш галаву- Не зносіш галавы.
Кола агляду
Я спачатку прыдумаў маланкі, А потым — запалкі. Калі ўдумацца—дзіўна, Бо маланкі прыдумаць цяжэй.
Лотым Ева сагнула лазіну, Касою звязала канцы I прыдумала кола. — Тата, кінем з гары!
...I яно пакацілася Калясніцай Іллі па аблоках, Самакатам і веласіпедам, Паравозам і аўтамабілем, Колам лёсу I колам агляду (Тым, што ў парку дзіцячым у Мінску).
Я прыдумаў маланкі — Таму быў абраны ў бацькі Вынаходніцай кола.
Яна прывяла мяне ў парк. Мы купілі білеты і селі ў зялёную люльку.
— Кола будзе каціцца ці будзе круціцца? Спытаў я. Яна адказала: — Вышэць.
Мы вышэлі, а дрэвы ніжэлі. — Значыць, можна вышэць, Калі думаць, што нехта ніжэе? — Спытаў я. Яна адказала: — Вышэць — так не думаць.
3 намі дрэвы вышэлі. Як жорны, уздзеты на прэнт тэлевежы, Паварочваўся горад... У трэшчыне жорнаў стаяла рака.
— 3 двух адно,— я сказаў,— Калі жорны зрастуцца, то выціснуць рэчку, А разваляцца жорны — рэчка сыдзе ў пясок.
— Не! — яна адказала.— Вышэць — бачыць выйсце.
3 намі горад вышэў. Разрастаўся. Ягоныя жорны Абручом абвіла акружная дарога, А яе прабівалі праменні Магілёўскай і Слуцкай, Маскоўскай і Брэсцкай шашы.
— Па якой жа з іх выйсце? — Спытаў я. Яна адказала: — Па ўсіх. Калі дзеці дарослымі робяцца, Рэдка хто з іх разумнее. Кінь маланку.
Я кінуў. Блакітная сцёбнула пуга Па праспекце. Успыхнулі вокны ў дамах. Скалануліся дрэвы. Як шрот, вераб'і сыпанулі. А з людзей, што прыдумалі громаадводы, Аніхто — Ні адзін!— не прыўзняў галавы.
— Кінь запалку.
Я кінуў. I ўнізе адразу ж пачуўся Крык: — На коле! У нас не жартуюць з агнём! Аштрафуем!..
— Вось бачыш,— Вынаходніца кола ўздыхнула. — Людзям трэба вышэць.
3 намі людзі вышэлі У люльках чырвоных і сініх, А зялёная — наша — прайшла ўжо сваю вышыню... — Як вышэць? — я спытаўся, Яна засмяялася: — Проста. Трэба з кола сысці, Покуль люлька не стала ніжэць. Дай руку...
I мы скочылі з люлькі Пайшлі па аблоках, а следам — Прыручоным — кацілася кола, круцілася кола, а ў ім, Як вавёркі, Скакалі стагоддзі...
Сітуацыя
Дрыготкія цені чароту... Ударыш вяслом па вадзе — I пырскі рассыплюцца шротам, I рэха кругамі ідзе Да берага: "Што ты?.. Чаго ты?.."
Не віскне сабака ў двары, Прыходзь — і што хочаш бяры, Не ўскінуцца гаспадары, Бо спяць, як прадаўшы пшаніцу, Нічога ніхто не баіцца, Ніхто і нічога!.. Назад Ад берага рэха адрыне. ...I толькі шалохнецца сад Ды ўспудзіцца конь у адрыне...