ЯШЧЭ ПРА МОВУ…
Што напісаць яшчэ пра мову?
Ўжо колькі вымаўлена слоў!
Аб тым, што родная, гаротная,
І перанесла зьдзек і зло.
Што талерантная, рахманая,
Нібы такі і наш народ,
Што толькі йшчэ не запрашае
Залезьці да сябе ў гарод.
А некаторыя рупліўцы,
Што зь ліку інтэрнацыяналістаў,
Глядзяць у бок чужой сталіцы,
А ў нас тут, кажуць, проста “край”
“Северо-Западный”, які
Ўжо існуе тут два вякі.
З другога ж боку, “Велька Польшча”
Крычыць, што ў нас тут “крэсы всходне”
І іхняя польская мяжа
Аж да Смаленска пралягла.
А Берасьцейская ускраіна
Гаворыць, што нібы Україна,
Ды, праўда, там яшчэ яцьвягі
Зь лясоў выходзяць на абсягі.
А Гомля? Ўвогуле Расея,
Вось гэтак, пане-дабрадзею?!
А вы пра нейкіх беларусаў.
Ды тут няма чаго і слухаць!
Ну, вось такая ў нас размова
Прайшла, хоць і была пра мову.
***
Восень расьпісала
Лісьце клёнаў барвай.
Прысадамі блукаюць
Летуценьні-мары…
У стройнае бярозкі,
Бы сівізна на скронях,
Жоўтыя лісточкі
Ляцяць долу…Шолах…
***
Шапоча вецер
Пажаўцелым лісьцем,
Ў паветры —
Павуцінак лёгкіх лёт,
Ціхмянаю хадою
Крочыць восень —
Вось і заканчваецца
Йшчэ адзін твой год…
Вясна жыцьця
Так хутка прамінула,
І што было —
Таго ня вернеш ты,
Як рэдка
Ўсё даходзіла да ладу,
Як часта
Бачыў вочы злыбяды.
***
Дажджлівае надвор’е,
Кастрычніцкая слота.
Дождж-імжака, дождж-свавольнік
Ахінуў сабою горад,
Лісьце жоўтае каштанаў
На траве пажухлай мокне…
А здаецца — нібы сонца
Раськідала аскалёпкі.
***
Адцьвіло-адбалявала лета.
Лістападам залатым
Кружляе восень.
І нібы шчасьлівая прыкмета
Паміж хмараў
Праступае неба просінь.
***
Над краем старажытным
Сёньня хмары,
І клёнаў золата
Спакою не дае.
Умольны погляд свой
Ськірую ў неба-мару
І папрашу у Бога
Шчасьця для Цябе,
Мая Краіна,
Я на ўсё гатовы,
Міну ўсе перашкоды і ману,
Бо, калі жыць,
Дык жыць дзеля Радзімы,
А калі не —
Нашто наогул Быць?!
***
К.
Не раўнуй мяне
да іншае жанчыны,
Бо з адной я толькі
здраджваю табе —
Гэта Творчасьць, гэта прага Слова —
На паперы
Адлюстроўваю я сьвет.
***
Углядаюся ў сынавы родныя вочы,
Ў іх бачная цёмная загадкавасьць ночы,
І з маці ягонаю наша каханьне
Ў вачох яго бачу і водбліск
сьвітаньня.
Яму, свайму сыну, прарочу я
шчасьце,
Яму, Беларусу, прашу ў Бога ласкі,
Бо хто, як ня ён, пастаіць за
Радзіму,
За родны наш край, за Маці-краіну?!
Углядаюся ў сынавы родныя вочы,
Ў іх бачная цёмная загадкавасьць ночы,
І з маці ягонаю наша каханьне
У вачох яго бачу і водбліск
сьвітаньня…
***
“У гэтай краіне ня маю я волі…”
Анатоль Сыс
Я народу свайму
Пець гасану ня буду.
Ды й навошта,
Калі ён сьляпы і глухі?
Лепш радзімай старонцы
Прызнацца ў любові
І пражыць свае дні ўсе
На гэтай зямлі.
Хоць у гэтай краіне
Ня маю я волі,
Але лепшай на сьвеце
Нідзе больш няма.
ТУТ Радзіма мая,
Мае дрэвы і гоні,
Маіх продкаў прытулак —
ВЯЛІКАЛІТВА!
***
“Як прыйдзе мая канчына,
пакіньце балкон адчынены…”
Федэрыка Гарсія Лорка