Выбрать главу

Хвіліну ці дзве я, агаломшаны ўсёй жахлівасцю сітуацыі, спрабаваў узяць сябе ў рукі. Потым успомніў пра метады Холмса і паспрабаваў выкарыстаць іх, каб разабрацца ў трагедыі. На жаль, гэта было вельмі лёгка. Падчас нашай размовы мы не дайшлі да канца сцяжынкі, і альпеншток паказваў на месца, дзе мы спыніліся. Чарнаватая зямля тут заўсёды вільготная ад пырскаў – яна захавала б нават птушыны след. На дальнім канцы сцяжынкі выразна бачыліся два шэрагі адбіткаў – абодва вялі ад мяне. Назад яны не вярталіся. За некалькі ярдаў ад краю зямля была вытаптаная і хлюпала брудам пад нагамі, а хмызы і папараць, што аблямоўвалі цясніну, былі запэцканыя і паламаныя. Я лёг на жывот і праз завесу пырскаў пачаў углядацца ў прорву. Ужо сцямнела, і я бачыў толькі, як на чорных стромах тут і там зіхцела вільгаць, а ў глыбіні расколіны паблісквала, падаючы на дно, вада. Я крыкнуў, але да вушэй маіх данёсся толькі амаль чалавечы стогн вадаспаду.

І ўсё ж лёс падарыў мне некалькі развітальных словаў ад майго сябра і паплечніка. Як я ўжо казаў, альпеншток быў прыхілены да скалы, што ўразалася ў сцяжыну. І раптам на гэтым выступе я ўбачыў нешта бліскучае і зняў з яго срэбны партсігар, які мой сябар заўсёды насіў з сабой і з-пад якога цяпер вылецела тры аркушы. Я падняў іх і зразумеў, што яны вырваныя з блакнота Холмса і адрасаваныя мне. Як гэта падобна да Холмса – такі роўны, цвёрды і выразны почырк, нібыта ліст напісаны ў кабінеце!

«Мой дарагі Ўотсан, – гаварылася ў пасланні, – я пішу вам гэтыя радкі з ласкавага дазволу містэра Марыярці, які чакае мяне дзеля канчатковага высвятлення пытанняў, якія паміж намі засталіся. У агульных рысах ён апісаў мне спосаб, дзякуючы якому збег ад ангельскай паліцыі і даведаўся пра нашыя перамяшчэнні. Усё гэта толькі пацвердзіла маю высокую ацэнку яго здольнасцяў. Мне прыемна думаць, што я змагу вызваліць грамадства ад небяспекі, якою пагражае яго далейшае існаванне, хаця і баюся, што цана такога вызвалення прынясе маім сябрам, а асабліва вам, дарагі Ўотсан, боль. Аднак мая кар’ера, як я казаў раней, у любым разе дасягнула вяршыні, і мне здаецца, што больш годнага яе завяршэння ўявіць немагчыма. Калі быць да канца шчырым, то я не сумняваўся, што ліст з Майрынгена – падманка, але дазволіў вам адклікнуцца на просьбу, ведаючы, што ўсё скончыцца менавіта так. Перадайце інспектару Петэрсану, што патрэбныя для абвінавачання хеўры паперы ляжаць у маёй картатэцы пад літарай М, у сінім канверце з подпісам “Марыярці”. Усе распараджэнні адносна маёй маёмасці я зрабіў перад ад’ездам з Англіі і пакінуў у свайго брата Майкрафта. Перадавайце прывітанні місіс Ўотсан і помніце, мой дарагі сябра, што я застаюся Шчыра вам адданы, Шэрлак Холмс».

Каб апісаць усё астатняе, хопіць некалькіх словаў. Эксперты агледзелі месца падзеяў і амаль не сумняваліся, што змаганне паміж двума людзьмі скончылася падзеннем счэпленых целаў у прорву. Зрэшты, іншы вынік наўрад ці магчымы. Пошукі парэшткаў плёну не прынеслі, і таму самы небяспечны злачынца і найвялікшы абаронца справядлівасці свайго пакалення навечна застануцца ў глыбіні вусцішнага катла, дзе віруе вада і бурліць пена. Маладога швейцарца так і не знайшлі – ён, без сумневу, быў адным са шматлікіх агентаў, якія працавалі на Марыярці. Што да хеўры, то грамадства надоўга запомніць, з якой відавочнасцю доказы, сабраныя Холмсам, выкрылі яе дзейнасць і якой моцнай рукой трымаў яе прафесар. Падчас працэсу жахлівага кіраўніка хеўры амаль не закраналі, і калі я спыняюся ў гэтай нататцы на яго ўчынках, то толькі праз неасцярожных абаронцаў, што спрабуюць абяліць яго памяць, нападаючы на чалавека, якога я лічыў і заўсёды буду лічыць найлепшым і найразумнейшым з усіх, каго я ведаў.

Пераклала Ганна Янкута

Каментар

Срэбны Месяц

Апавяданне было ўпершыню надрукаванае ў снежні 1892 году ў Strand Magazine.

Дартмур – узгорыста-балоцістая мясцовасць у графстве Дэван на паўднёвым захадзе Англіі.

Ўэсэкскі кубак – выдуманыя Дойлам спаборніцтвы. Аднак у Дэване сапраўды знаходзіцца вялікая колькасць стайняў і іпадромаў.

«Шэрлак Холмс, чый худы твар аблямоўвала падарожная шапка з вісячымі вушамі…» – Дойл толькі аднойчы згадвае падарожную шапку з вісячымі вушамі на Шэрлаку Холмсу. Аднак ілюстратар Сідні Пэджэт інтэрпрэтаваў яе як шапку для палявання на аленяў з двума казыркамі. З тых часоў мільёны чытачоў уяўляюць Холмса пастаянным прыхільнікам гэтага эксцэнтрычнага галаўнога ўбора.