«Але тэлеграфныя слупы ўздоўж гэтай лініі стаяць за шэсцьдзесят ярдаў адзін ад аднаго, так што падлічыць нескладана…» – вылічыць хуткасць цягніка з дакладнасцю да паўмілі зусім не так проста, як сцвярджае Холмс. Існуе меркаванне, што ён дадаў да сваіх разлікаў паўмілі, каб уразіць Ўотсана.
«Дэйлі Тэлеграф» – штодзённая ранішняя шырокафарматная газета, якая выдаецца ў Лондане па-ангельску і распаўсюджваецца ў Вялікабрытаніі і за мяжой. У 1857 годзе пачала выкарыстоўваць сістэму абаненцкіх нумароў для прыватных абвестак, якая так палюбілася Шэрлаку Холмсу (і Дойлу), таму што давала магчымасць накіроўваць ананімныя паведамленні і адказы на іх на пэўную абаненцкую скрыню. Неўзабаве іншыя газеты перанялі гэтую сістэму. Прыватныя абвесткі і абаненцкія скрыні фігуруюць у шэрагу апавяданняў пра Шэрлака Холмса (гл. апавяданне «Грэк-перакладчык»). «Дэйлі Кронікл» выдавалася з 1872 па 1930 г.
Ісанамія – чыстакроўны верхавы конь з такой мянушкай сапраўды існаваў (травень 1875 – красавік 1981). Ён быў пераможцам шэрагу скачак і знакамітым жарабцом-вытворнікам. У перакладзе са старагрэцкай слова «ісанамія» перакладаецца як «роўнасць перад законам».
«Былы жакей, які выступаў пад колерамі палкоўніка Роса, пакуль не зрабіўся зацяжкім для ўзважвання з сядлом…» – кожная стайня мела свае колеры, адпаведна з якімі жакеям шыліся касцюмы. Перад спаборніцтвамі жакеяў узважвалі разам з сёдламі. Для забеспячэння роўных умоваў для ўсіх у сядло маглі дадаваць свінцовыя грузы.
Гандыкап – спосаб зраўняць у спартыўных спаборніцтвах магчымасці слабейшых удзельнікаў з мацнейшымі. У конным спорце выкарыстоўваецца для выроўнівання магчымасцяў коней рознага ўзросту, з рознай колькасцю паспяховых выступленняў і інш. Практыкуецца дыстанцыйны гандыкап (розная даўжыня дыстанцыі для розных удзельнікаў), вагавы (коням дадаецца дадатковы груз пэўнай вагі) і па хуткасці (вынікі хуткасці могуць быць павялічаныя або зменшаныя на спаборніцтвах па дыстанцыйных конных прабегах). У дадзеным выпадку маецца на ўвазе вагавы гандыкап.
Фурлонг – брытанская і амерыканская адзінка вымярэння адлегласці, прыкладна роўная 1/8 мілі, альбо 220 ярдам, альбо 201,16 м. 5 фурлонгаў прыкладна адпавядае 1 км. Дагэтуль выкарыстоўваецца як адзінка вымярэння адлегласці на скачках у Вялікабрытаніі, Ірландыі і ЗША.
«Ага, дык вы адзін з гэтых клятых спекулянтаў…» – на скачках спекулянтамі называлі людзей, якія куплялі і прадавалі інфармацыю пра коней-удзельнікаў.
Макінтош – плашч з непрамакальнай прагумаванай тканіны, быў у модзе ў сярэдзіне ХІХ ст.
Пінанг – востраў у Малайзіі, колішняя брытанская калонія.
Умбон – металічная бляха-накладка паўсферычнай або канічнай формы, змешчаная пасярэдзіне шчыта, якая абараняе руку воіна ад удараў, што прабіваюць шчыт.
«Мястэчка Тавісток, якое <…> ляжыць у цэнтры Дартмура…» – насамрэч Тавісток знаходзіцца каля заходняй мяжы Дартмура.
Ландо – лёгкая чатырохмесная павозка з дахам, які складваецца наперад і назад. Назва ўтварылася ад назвы горада Ландаў-ін-дэр-Пфальц у Германіі, дзе павозкі гэтага тыпу былі распрацаваныя ў XVIII стагоддзі.
Васковыя запалкі – запалкі, якія могуць выкарыстоўвацца пры любым надвор’і, нават у дождж.
A.D.P. – вытворца брыяравых люлек за часамі Дойла. Брыяравая люлька – люлька, якая робіцца з выкарыстаннем брыяру, матэрыялу са шчыльнага дрэвападобнага нарасту паміж коранем і ствалом эрыкі дрэвападобнай (Erica arborea) сямейства верасовых. Хоць эрыка дрэвападобная пашыраная на шырокім арэале, але толькі міжземнаморскі брыяр, які вырас на сухіх глебах, што змяшчаюць вялікую колькасць крэмнію, дае неабходную па якасці, гарачаўстойлівасці і трываласці сыравіну для вырабу люлек.
«Вайс і Ко, Лондан» – лонданскі вытворца высакаякасных хірургічных інструментаў.
«Дваццаць дзве гінеі – даволі шыкоўна за адзін убор…» – фунт адпавядаў 20 шылінгам, а гінея – 21. Адпаведна, згаданая вышэй сума ў 37 фунтаў і 15 шылінгаў прыкладна адпавядала 36 гінеям, 22 з якіх пайшлі на адзін убор.